Як змагаешся з вірусам, Валожын?

COVID-19 Безопасность и здоровье

У разгар другой хвалі каранавіруснай інфекцыі я наведалася ў бадай самае папулярнае месца ў Валожыне – рынак, каб даведацца, наколькі жыхары раёна ўсведамляюць небяспеку заражэння. Як высветлілася, разумеюць і даволі нядрэнна. Але, на жаль, не ўсе.

Яшчэ зусім нядаўна гандлёвыя рады два разы на тыдзень ператвараліся ў сапраўднае масавае мерапрыемства. Сюды накіроўваліся не толькі патэнцыяльныя пакупнікі, але і тыя, хто засумаваў у сценах сваёй кватэры і жадае проста “патусавацца” сярод знаёмых. Зараз жа карціна змянілася. На рынку, мякка кажучы, нешматлюдна. У радах, дзе звычайна размяшчаюцца палаткі з прамысловымі таварамі, амаль пуста. Рэдкія пакупнікі не падыходзяць да прадаўцоў блізка, відавочна таму тыя і паздымалі маскі – абараняцца няма ад каго. Пляцоўка з сэканд-хэндам увогуле нагадвае сцэну з постапакаліптычнага фільма – ніводнага чалавека. Людзям не да ануч.

Большасць наведвальнікаў прыйшлі за харчовымі таварамі. Усе прадаўцы ў гэтых палатках (акрамя хлопцаў з каўказскай знешнасцю) у масках. А вось некаторыя пакупнікі вядуць сябе бяспечна. Да многіх падступаюся з пытаннем: “Чаму не засцерагаецеся?” Адны адказваюць, што ўпэўнены ў сваім здароўі, іншыя, зніякавеўшы, адварочваюцца. Ага! Значыць, адчуваюць сябе няўпэўнена, і гэта ўжо радуе. Хто ў масках, з усведамленнем маральнай перавагі над тымі, да каго яшчэ “не дайшло”, твараў не хаваюць.

  Пажылы мужчына набывае агародніну. Прадавец Віктар (у масцы і ў пальчатках) абслугоўвае пакупніка. Я ж задаю абаім пытанні. Віктар добра разумее небяспеку. Ён з Іўя, там шмат захварэўшых. Пакупнік  жа спрабуе жартаваць. Я жарты не падтрымліваю. Мужчына выдае выраз: “З гэтым вірусам усе розум страцілі, гульню сабе прыдумалі…”   Ля палаткі Юрыя чарга з трох чалавек. Мужчына (маска, пальчаткі на ім) старанна абслугоўвае пакупнікоў. Тыя таксама ў масках і трымаюць дыстанцыю, на дзяўчыну без ахоўных сродкаў, што падышла вельмі блізка да прылаўка, пазіраюць коса. Яна, апусціўшы вочы, адыходзіцца на небяспечную адлегласць.

Муж і жонка Васіль і Наталля гандлююць фруктамі. Я, дарэчы, даўно заўважыла, як віртуозна яны працуюць. Ля іх палаткі заўсёды чэргі. Толькі не ў гэты раз. Вопытныя прадпрымальнікі скардзяцца: выручка ўпала крытычна, але абое згодныя, што грамадзяне робяць правільна, калі стараюцца ў разгар эпідэміі на рынак не наведвацца, усё ж тут кантраляваць сітуацыю больш складана, чым у вялікіх магазінах.   Маладая жанчына з двума маленькімі дзецьмі відавочна зазірнула на рынак падчас прагулкі. Ахоўных сродкаў – ніякіх. “Я не захварэю!” – упэўнена адказвае мне на пытанне пра страх заражэння. “Чаму так думаеце?” – працягваю дапытвацца. “Я – маладая!” – аргументуе часовая суразмоўца. Ага, яна дзесьці краем вуха чула, што моладзь быццам бы хварэе лягчэй (не менш!). Дарэчы, інфармацыя спрэчная, сярод пацыентаў часовага інфекцыйнага шпіталю людзі розных узростаў.

Баляслава Эдвардавіча Гарачага ведаю даўно. Былога супрацоўніка ліцэя і дэпутата, а зараз пчаляра-аматара ў Валожыне заслужана паважаюць. Прадукт, які прапануе людзям, – мёд – заўсёды карыстаецца попытам. Пастаянныя кліенты не могуць нахваліцца. Баляслаў Эдвардавіч у неабходнай экіпіроўцы. Ён упэўнены, што ахоўныя сродкі, максімальнае дыстанцыраванне ў спалучэнні са здаровым ладам жыцця абавязкова дапамогуць чалавецтву перажыць з мінімальнымі стратамі вірусную атаку. Вось яго словы: “Абыякавасць і лянота – дурасць неверагодная. Тыя, хто паводзіць сябе бяспечна, – злачынцы, так і напішыце. Я ўпэўнены, да іх неабходна прымаць нейкія меры. У народзе здаўна кажуць: беражонага і Бог аберагае. Так што пустая рызыка – нават грэх…”    І яшчэ адзін дыялог, які ўразіў да глыбіні душы. Жанчына, прыкладна мая аднагодка, заявіла: “Ну як карыстацца тымі маскамі? Іх жа трэба праз дзве гадзіны мяняць! Хіба нармальны чалавек будзе гэтым займацца?” Тут я на хвіліну “завісаю”, але, апрытомеўшы, пытаюся: “А чаму не?” Яна – у адказ: “Іх жа мыць трэба!” Працягваць гутарку з кабетай, што так віртуозна ўмее аргументаваць, у мяне не было сіл, і я з ёй развіталася. А вам, дарагія чытачы, калі таксама лічыце мыццё масак неверагодна затратнай і цяжкай справай, раскажу, як гэта раблю я. Складваю скарыстаныя маскі ў пакет, затым дома апускаю ў дэзраствор (набыла ў аптэцы), затым намыльваю гаспадарчым мылам, а праз нейкі час прамываю ў чыстай вадзе. На ўсё затрачваю хвілін дзесяць…

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара