Што адчувае хворы на каронавірус? Праўдзівы расказ рэальнага чалавека

COVID-19

Яшчэ на мінулым тыдні ў сталіцы нашай краіны і ў многіх іншых рэгіёнах уведзены абавязковы для кожнага масачны рэжым. Мера гэта вымушаная. Колькасць людзей, заражаных вірусам COVID-19, няўхільна расце, але некаторыя з нас пакуль не ў поўнай ступені ацэньваюць рызыку апынуцца на бальнічным ложку і перажыць “прыгоды”, падобныя да тых, што на ўсё жыццё застануцца ў памяці жыхаркі Валожына Марыі Д. Жанчына папрасіла не называць яе прозвішча – не хоча лішняй увагі да ўласнай персоны. Але яна не адмовілася падзяліцца вопытам і, не зважаючы на слабасць (“дзякуючы” каранавірусу хварэе ўжо цэлы месяц), знайшла сілы, каб даволі падрабязна расказаць гісторыю свайго захворвання.

Мая суразмоўца па адукацыі біёлаг, таму калі яшчэ ў пачатку года ўпершыню пачула пра эпідэмію ва Ухані, зразумела: кітайскі “госць” завітае і да нас. Не верыла, канешне, у падобную яго хуткасць. Што распаўсюджанне інфекцыі набудзе маштаб пандэміі, таксама сумнявалася: вучоныя вось-вось вынайдуць дзейсны сродак.

  Калі ў Валожыне людзі сталі хварэць масава і ўжо распачаў работу часовы інфекцыйны шпіталь, пагутарыла са знаёмымі медыкамі наконт імунастымулятараў, каб не дапусціць заражэння. Тыя адобрылі і параілі абавязковае нашэнне ахоўных масак. Усё гэта набыла. Ад сябе дадала некаторыя сродкі народнай медыцыны (пропаліс, мёд, лімоны). Прыкладзеныя намаганні далі станоўчы вынік. Побач многія перахварэлі, у тым ліку і брат Марыі. Яна ж – не. Летнія месяцы прайшлі больш-менш спакойна, і… людзі расслабіліся. Але з надыходам восені са старонак СМІ і Інтэрнэту пайшоў паток трывожнай інфармацыі. Было зразумела: другая хваля, якую прадвяшчалі эпідэміёлагі, не прымусіць сябе чакаць. Тое, што небяспека побач, зразумела і мая знаёмая. Яна штодня давала зарок пачаць актыўна ахоўвацца, аднак бліжэйшае акружэнне паводзіла сябе бяспечна – і родныя, і калегі масак не насілі, жанчына ж не любіць выдзяляцца. Калі на працы людзі сталі сыходзіць на бальнічны, маскі на тварах тых, хто заставаўся, так бы мовіць, у страі, з’явіліся. Аднак для Марыі момант быў упушчаны. У адзін з суботніх дзён яна адчула ледзь не самы спецыфічны сімптом каранавіруснай інфекцыі – страціла здольнасць адчуваць пахі. У той жа дзень да 38,0 паднялася тэмпература. Страшна разбалелася галава. Гэтыя праявы немагчыма было зблытаць са звычайнай ВРІ ці грыпам. “У мяне “карона”, –  зразумела Марыя і патэлефанавала ўрачу. Той параіў сачыць за тэмпературай (яна, дарэчы, вышэй так і не паднялася, але трымалася доўга), пры неабходнасці прымаць парацэтамол і піць як мага больш вадкасці. Ноч была бяссоннай. Цела балела невыносна, здавалася, усе мышцы выкручвае нейкая невядомая сіла. Хадзіць – немагчыма, ляжаць –  цяжка. Хуткую дапамогу выклікаць не хацела, баялася: завязуць кудысьці ў іншы раён (у той час наш інфекцыйны шпіталь яшчэ не аднавіў сваю дзейнасць). У панядзелак Марыі адкрылі бюлетэнь, зрабілі мазкі і першы здымак лёгкіх. Запалення не было, але доктару штосьці не спадабалася. Вырашылі: у бліжэйшы час неабходна зрабіць КТ, аднак да тамаграмы не дайшло. Літаральна праз дзень пацыентцы (яшчэ спрабавала лячыцца дома) стала горш. Родныя выклікалі хуткую дапамогу. Медыкі высветлілі, што ў захварэўшай нізкі ўзровень сатурацыі – насычэння крыві кіслародам (паказчык нормы – 95%, у Марыі ён быў на ўзроўні 86%). Ужо ў машыне спатрэбілася маска з кіслародам. Чарговае рэнтгеналагічнае даследаванне лёгкіх паказала двухбаковае запаленне. Затым былі тры дні ў рэанімацыі. Увесь час ёй давалі кісларод, прасілі варочацца, выкладвацца на жывот. Яна вельмі старалася, хоць кожны рух даваўся з цяжкасцю, бясконца нудзіла. Баялася, што ў нейкі момант не зможа самастойна дыхаць, і яе падключаць да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Але абышлося.

   Пасля рэанімацыі цэлы тыдзень яна правяла ў шпіталі, які да таго часу адкрыўся. Запаленне праходзіла – антыбіётыкі падзейнічалі, але з’явіліся і негатыўныя наступствы іх прыёму. Адчувала сябе настолькі слабай і разбітай, што не магла падняцца з ложка. Зараз яна ўжо тыдзень дома. Паляпшэнне стану праходзіць вельмі павольна. Маладая жанчына не можа паўнацэнна спаць, зусім страціла апетыт, адчувае млявасць. Праўда, паступова паляпшаюцца паказчыкі лабараторных даследаванняў. Яшчэ адзін негатыўны момант – Марыя паспела заразіць бацькоў, а гэта досыць пажылыя людзі. На шчасце, яны таксама ўжо пайшлі на папраўку, хоць лячыліся дома.

   Суразмоўца прызнаецца: сярод знаёмых яна перанесла захворванне бадай цяжэй за ўсіх. І нават адкрыта называе прычыну – атлушчэнне. Зараз дзякуе Богу і медыкам за тое, што цяжкае выпрабаванне – ужо гісторыя. Аптымістка па натуры нават знаходзіць сілы будаваць планы, сярод якіх: максімальна знізіць вагу, заняцца фізкультурай, надаваць увагу здароваму харчаванню і абавязкова (!) ахоўваць сябе і ўсіх, каго любіць, ад магчымага заражэння. Сёння нашэнне маскі ёй здаецца такім простым. Жанчына шчыра раскайваецца, што была ў лагеры бяспечных людзей, таму, карыстаючыся магчымасцю, звяртаецца да іх са словамі: “Дарагія людзі! Так, вірус, нежаданы і страшны госць, вераломна пранік у наша жыццё. Пакуль нават самыя перадавыя вучоныя не могуць супрацьстаяць яму. Але наш чалавечы і грамадзянскі абавязак – зрабіць усё магчымае, каб стрымліваць яго распаўсюджанне. Калі і будзем хварэць, дык хаця б не лавінападобна, а паступова. Медыкам цяжка. Да таго ж мы заражаем і іх. А што было б са мной, каб у той час, калі я амаль развітвалася з жыццём, яны ўсе ляжалі? Валожынцы! Панікаваць не трэба, але і абзываць панікёрамі тых, хто патрабуе захоўваць дыстанцыю ў магазіне, носіць маску, называць нельга. Яны якраз і ёсць людзі, з якіх патрэбна браць прыклад. Мае парады: насіце маскі, мяняйце іх своечасова, апрацоўвайце рукі. У магазіны і іншыя ўстановы – пры неабходнасці. Паверце мне, хто столькі перажыў, вам гэта не патрэбна. “Карону” мы пераможам толькі разам! Беражыце сябе і тых, хто побач!”

   Напрыканцы нашай размовы Марыя яшчэ раз узгадала прафесіяналізм і самаахвярнасць урачоў, медыцынскіх сясцёр і санітарак. Яна расказала, як літаральна моляцца на іх пацыенты. А жыхары іншых рэгіёнаў па-сапраўднаму ўпэўнены, што ім пашанцавала трапіць менавіта ў Валожын. Таму, дарагія медыкі, нізкі паклон вам! Валожынцы абавязкова вас падтрымаюць.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ