Ніхто, акрамя нас, не зробіць наша жыццё лепшым

Общество

“Добрая справа ніколі не застаецца незаўважанай – і гэта не толькі словы, але і прамыя канкрэтныя дзеянні”, – так лічыць наш чытач і герой нядаўняга матэрыялу “Перабудова пачынаецца з сябе”, жыхар аграгарадка Ракаў Аляксандр Скрыпкін. У ім мы расказвалі аб жыхарах вёскі Кучкуны, якія самастойна вырашылі навесці парадак у наваколлі, дзе жывуць. Артыкул знайшоў падтрымку ў мясцовага насельніцтва, у тым ліку і сярод ракаўчан. Так, натхнёны патрэбным вопытам правядзення грамадска-карысных мерапрыемстваў, да яго звярнуўся жыхар Ракава Ілля Грыневіч з прапановай арганізаваць збор і вываз смецця ў лесапаркавым масіве паблізу новабудоўляў каля Ракаўскай участковай бальніцы.

Пра працоўны дэсант, які добрай справай вырашыў сустрэць 103-ю гадавіну Вялікага Кастрычніка, Аляксандр Скрыпкін расказаў больш падрабязна:

 

   „ Як толькі ўзнікла ідэя, адразу ж вакол яе самаарганізаваліся і аднадумцы з ліку жыхароў аграгарадка. З ініцыятывай правесці суботнік актывісты папярэдне звярнуліся да старшыні Ракаўскага сельвыканкама Аляксандра Антонавіча Мякінкі, які падтрымаў пачынанне. Сумесна скаардынавалі месца, дату, час правядзення, магчымую дапамогу тэхнікай ад жыллёва-камунальнай гаспадаркі і іншыя пытанні.    

    Штаб актыву з усёй адказнасцю падышоў да мерапрыемства: быў падрыхтаваны асабісты транспарт для дастаўкі грамадзян, аўтапрычэп для вывазу смецця, за ўласны кошт актывісты набылі сродкі індывідуальнай абароны – пальчаткі, дыхальныя маскі, мяшкі для смецця, сігнальныя камізэлькі для валанцёраў, сродкі сувязі для каардынацыі дзеянняў рабочых мабільных груп.

 

У вызначаны дзень – 7 лістапада ў 11 гадзін – работа закіпела. Аўтар ідэі прыехаў на месца з жонкай і сынам. Ілля Грыневіч – будаўнік, як сцвярджаюць знаёмыя, мае залатыя рукі. З сям’ёй пераехаў у Ракаў шэсць гадоў таму са сталіцы, дзе сам пабудаваў прыгожы і ўтульны дом. Галоўнай матывацыяй стала перспектыўнасць аграгарадка, транспартная даступнасць і адсутнасць гарадской мітусні. Жонка Вольга ва ўсім актыўна падтрымлівае мужа, працуе фітнес-інструктарам у сталічным аздараўленчым цэнтры. Перасяленнем яна вельмі задаволена. Шасцігадовы Максім стаў самым юным удзельнікам суботніка і, нягледзячы на ўзрост, самым актыўным і працавітым. Хатні гадаванец – сабака Кнопка – таксама “не застаўся ўбаку” ад важнай справы: у хмызняку і пад імхом знаходзіў залежы смецця і весяліў усіх забаўнымі скачкамі.

   На заклік адгукнуўся і ўдзельнік суботніка ў Кучкунах Канстанцін Рылкевіч, жыхар вёскі Паморшчына, якая па факце забудовы Ракава стала ўнутраным мікрараёнам аграгарадка. Ён працуе ў Ракаўскай участковай бальніцы рабочым, тут яго ведаюць як спакойнага і разважлівага работніка, ініцыятыўнага чалавека, гатовага да нестандартных тэхнічных рашэнняў. Да яго пастаянна звяртаюцца як да сталяра, сантэхніка, будаўніка мясцовыя насельнікі – кожнаму рады дапамагчы. Важнай часткай жыцця Канстанціна з’яўляецца 4-гадовая пляменніца Таццяна, якую ён песціць. На мінулым акце чысціні ў Курдунах ён падабраў збітага машынай вожыка: дзяўчынка карміла хворага малаком, а калі той паправіўся, разам выпусцілі яго ў лес.

    Яшчэ адзін нераўнадушны чалавек – мясцовы жыхар Аляксандр Бондар, які не толькі прыбыў з уласным інвентаром, але і сам вызначыў для сябе фронт работ, аб чым прадумаў зараней. У прыватнасці, у цэнтры скрыжавання ўтварыўся наплыў пяску, што забіў вадасцёк: у выніку з’явілася лужа – яна стала перашкодай не толькі для аўтаўладальнікаў, але і для веласіпедыстаў. Аляксандр спрытна справіўся з заторам – вось так і нараджаецца ініцыятыва на месцах.

    Убачыўшы працуючых валанцёраў, да іх вырашылі далучыцца Уладзімір Сяргеевіч і Раіса Уладзіміраўна Бондары. Муж і жонка – паважаныя ў наваколлі людзі, педагогі з вялікай літары, усё жыццё прысвяцілі настаўніцтву, выгадавалі годных дзяцей.

    Далучыліся да актывістаў і нераўнадушныя мясцовыя насельнікі. Нягледзячы на непагадзь і вецер, усе працавалі дружна – з энтузіязмам і гумарам, адчуваліся згуртаванасць, узаемаразуменне, мэтанакіраванасць.

    На жаль, маляўнічую прыгажосць лесапаркавай зоны некаторыя несвядомыя грамадзяне выкарыстоўваюць для распіцця спіртных напіткаў, аб чым сведчаць больш за 7 мяшкоў сабраных пустых бутэлек. Мяне здзіўляе наступны факт: пры наяўнасці спецыяльна абсталяванай пляцоўкі для смецця і дастатковай колькасці кантэйнераў многія ўпарта абыходзяць іх бокам, складваючы адходы за 50 метраў ад вызначанага месца ці ў лесе, дзе валанцёры знайшлі зламаны кінуты веласіпед і аўташыны. Шматлікія сляды ад вогнішчаў таксама гавораць пра цынічныя, абыякавыя адносіны да прыроды.” 

Трэба адзначыць, што сам Аляксандр Скрыпкін прыбыў на месца на аўтамабілі з прычэпам: дапамагаў у пагрузцы і траспарціроўцы смецця, каардынаваў дзеянні валанцёраў, кантраляваў пытанні аховы працы і бяспекі. Аляксандр – прафесійны юрыст з больш чым 20-гадовым стажам работы, цяпер працуе кіраўніком грамадскай арганізацыі – старшынёй таварыства абароны правоў спажыўцоў, якое ў Мінску і Мінскай вобласці аказвае прававую дапамогу грамадзянам, і займаецца экспертызай якасці тавараў і паслуг. Ён марыць адкрыць валанцёрскі цэнтр, куды б аб’ядналіся аднадумцы, і каардынаваць грамадска-карысныя ініцыятывы ў нашым рэгіёне.

    А. Скрыпкін патлумачыў, што папярэдне пагутарыў з многімі сваімі знаёмымі і запрашаў прыняць удзел у суботніку, але большасць знаходзілі адгаворкі і важкія прычыны для адмовы. Па яго меркаванні, людзі памыляюцца, не ўспрымаючы сілу такіх ініцыятыў сур’ёзна, бо ніхто, акрамя нас саміх, не зменіць наша жыццё да лепшага. Мы – усе і кожны паасобку – павінны прыкласці хоць крышачку намаганняў да вялікай і такой патрэбнай справы. У прыватнасці, у бліжэйшы час актывісты плануюць навесці парадак у вёсцы Новае Поле Мінскага раёна, што ў трох кіламетрах ад Ракава.    Далучайцеся!

Алена ЗАЛЕСКАЯ