ЖЫЛА, ЯК ВУЧЫЎ ДЗЕД

Культура

Хачу расказаць пра свайго дзеда Сямёна Васільевіча Балотніка, колішняга жыхара вёскі Зарэчча Яршэвіцкага сельсавета. Ён не быў ветэранам ні вайны, ні працы, але чалавекам дастойным, паважаным сярод аднавяскоўцаў і радні. У дзеда мне прыйшлося жыць пасля смерці майго бацькі. Мне тады ішоў толькі чацвёрты год.

“Лёнька, не бадзяйся па вёсцы, бо вось раменьчык на цвячку”, – казаў дзед, і нельга было не выканаць гэты “запавет”. Дзед ганарыўся маімі поспехамі ва ўсіх справах, клапаціўся пра мяне і дапамагаў. Колькі разоў ён падвозіў мяне на сваёй лысай кабылцы ў Аляхновічы, Радашковічы і нават у Маладзечна, калі спатрэбілася ехаць на бюро абкама камсамола, дзе нас зацвярджалі як старшых піянерважатых. А былі мы недавучанымі, не адкрылі яшчэ старэйшых класаў у нашых школах. І як толькі ў Пяршаях з’явілася сярэдняя школа, мы з дзедам рашылі прадоўжыць вучобу.

Не абмінуць і ваеннага часу. Дзядзя Валодзя, сын дзеда, – у партызанах, як і ўсе вясковыя хлопцы. Вёска партызанская. Заўсёды чакалі налёту фашыстаў, часта не начавалі дома, а на балоце за вёскай. Але Бог мілаваў, што тыя немцы ні разу ў вёску не прыйшлі. А партызаны калі- нікалі заходзілі. Дзядзя Валодзя любіў мыцца ў лазні, бо надта ж цяжка было партызанам без яе. Дзед таксама быў нераўнадушны да бярозавага веніка. Калі прыйшлося яму прадаць восець (прыбудова да тока, у якой сушаць снапы), дзе была і лазня, то ён выкапаў зямлянку і зрабіў лазню ў ёй, бо рэчка ў Зарэччы была тады паўнаводнай. А як у гэтай лазні любілі мыцца суседкі! Хадзілі туды нават без дазволу і запрашэння гаспадара.

А як дзед зямлю апрацоўваў! Нічога нідзе не пуставала. Нейкая там ніўка была спорная, дык судзіўся дзед з панам за тую ніўку. “Пакуль з пана пух, дык з Балотніка дух”, – смяяліся сяльчане. Нашы продкі ведалі цану зямелькі, якую апрацоўвалі рукамі ў мазалях.

Дзеду з бабуляй выпала горкая доля хаваць аднаго за другім сваіх дзяцей, сыноў і дачок, аж шасцярых. Мой бацька вярнуўся з войска камісаваным. Палякі далі яму ліцэнзію на продаж тытуню, дык некаторы час дзед гэтай справай займаўся, бо сын хутка пайшоў з жыцця. Другі сын паехаў лячыцца ў Магілёў. Тады як раз наша тэрыторыя аб’ядналася з Усходняй Беларуссю, дзе лячылі бясплатна. Як паехаў, дык і не вярнуўся. Прыйшлося дзеду рабіць дакументы і ехаць за сынам. Пакуль рабіў, сына там пахавалі, так ні з чым і вярнуўся.

З царквой дзед канфліктаваў, бо надта дорага яе служыцелі бралі за пахаванне. У чалавека гора – сына не стала, а тут яшчэ вялікія горшы за пахаванне патрабуюць. Аднак перад смерцю дзед спавядаўся.

З сынам Валодзем ён пабудаваў дом, а старую хату перааформіў на мяне. Калі выходзіла замуж, хата была маім пасагам. Аднак дзед майго вяселля не дачакаўся.

Дзед быў справядлівым і, як зараз кажуць, талковым чалавекам. Ён клапаціўся аб маім правільным выхаванні, расказваў, як прыстойна паводзіць сябе з хлопцамі. Так і жыла па дзедавай навуцы. Стала настаўніца, адпрацавала каля сарака гадоў у школе, пражыла з мужам пяцьдзесят пяць гадоў у згодзе і каханні. На васьмідзесятым годзе жыцця я вырашыла напісаць пра дзеда з надзеяй, што людзі ўспомняць нашы беларускія традыцыі сямейнага жыцця, павагі да старэйшых, прыстойнасці ў жыцці, здаровым ладзе жыцця маладога пакалення.

Леаніла САДОЎСКАЯ,

жыхарка Маладзечна.

 



Добавить комментарий