Стараюся заўсёды быць чалавекам

Закон и порядок Ступені поспеху

17 лістапада адзначаўся Дзень участковага інспектара. Гэтаму прафесійнаму святу ўжо амаль 100 гадоў: гісторыя вядзецца з 1923-га. У нашы дні ўчастковы, бадай, самы блізкі да людзей супрацоўнік праваахоўных органаў. Сярод яго задач – не толькі забяспечыць бяспеку жыцця і маёмасці: часта даводзіцца быць псіхолагам, трацейскім суддзёй і абаронцам тых, хто ў гэтым тэрмінова мае патрэбу. Нездарма ўчастковых называюць “ўніверсальнымі салдатамі” – у штодзённай рабоце яны сутыкаюцца з усім спектрам правапарушэнняў. Большасць, а дакладней, практычна ўсе злачынствы раскрываюцца, дзякуючы іх прафесійнай службе і майстэрству. І прафілактыцы тут надаецца асаблівая ўвага. А для гэтага неабходны давер, які ўчастковаму інспектару трэба заслужыць. Вынікам стане прызнанне сярод людзей, іх павага і простае чалавечае “дзякуй”, што даражэй за ўсе ўзнагароды і прэміі.

Словы ўдзячнасці ўчастковы інспектар міліцыі па Валожынскім сельсавеце Дзяніс Анатольевіч БОГДАН чуе часта. Амаль кожны месяц падзякі ў яго адрас накіроўваюць у РАУС простыя грамадзяне, у зоне абслугоўвання якіх ён працуе. Вось і на гэтым тыдні патэлефанавала жыхарка вёскі Гардынава. А ў прафесійнае свята капітан міліцыі быў узнагароджаны юбілейным медалём ад Упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама.

Як адзначылі ў РАУС, па выніках работы за гэты год Д. А. Богдан прызнаны лепшым участковым інспектарам. Сёлета ім разгледжаны 95 заяў ад грамадзян, выяўлены 7 самагонных апаратаў, каля 100 літраў самагону і каля 700 літраў брагі; складзены 9 пратаколаў за незаконны абарот алкагольнай прадукцыі. За сухімі лічбамі стаіць, як пяецца ў добра вядомай песні, служба дні і ночы.

Нарадзіўся і вырас Дзяніс Анатольевіч у Маладзечне. З выбарам будучай прафесіі вызначыўся яшчэ ў дзяцінстве: міліцыянерам працаваў бацька, які стаў і прыкладам, і настаўнікам, і галоўным дарадцам. Часы тады былі больш спакойныя, а работнік праваахоўных органаў – паважаным чалавекам у грамадстве. Яму таксама ж хацелася лавіць “нехарошых” людзей, якія бабуль старых абкрадваюць. Бо, як паказвае практыка, у асноўным церпяць пажылыя, надараецца, што і дзеці. Таму было вялікае жаданне – па максімуме ўсіх бандытаў затрымаць і пакараць.

Атрымаўшы спецыяльную адукацыю, службу пачынаў з пасады міліцыянера патрульна-паставой службы ў Маладзечанскім аддзеле ўнутраных спраў. Праз восем гадоў па сямейных абставінах перавёўся ў наш райаддзел і стаў працаваць малодшым участковым, а пасля ўчастковым інспектарам міліцыі па Валожынскім сельсавеце. Тэрыторыя абслугоўвання досыць вялікая: 50 населеных пунктаў – ад пасёлка Першаймайскі да Дубіны, што на мяжы з Маладзечанскім раёнам. Асноўным у сваёй рабоце Д. А. Богдан лічыць не дапусціць сямейнага насілля, злачыннасці ў адносінах да састарэлых людзей. Ён добра ведае ўсіх сваіх небяспечных “падапечных”, а яны – свайго вартавога парадку. На пытанне: “Які Вы ў адносінах да парушальнікаў закону?” міліцыянер адказаў так: “Стараюся заўсёды быць чалавекам, нягледзячы на тое, хто перада мной: хуліган ці бандыт – да ўсіх стаўлюся аднолькава, размаўляю на роўных, ніколі не паказваю, маўляў, я начальнік, а ты п’яніца і дэбашыр. Тлумачу, што чакае ў будучым: не кіне піць – паедзе ў лячэбна-працоўны прафілакторый, будзе жонку крыўдзіць – можа і да крымінальнай справы дайсці. Калі ён чалавек, то пачуе і зразумее. Безумоўна ж, ёсць і тыя, хто страціў гэта аблічча, але іх адзінкі. У большасці ёсць паразуменне. Напрыклад, адна жанчына была абавязанай асобай. Але стала на шлях выпраўлення, нарадзіла яшчэ дзіця і цяпер жыве, як трэба. Я вельмі рады гэтаму, хоць, па праўдзе кажучы, лічыў, што нічога талковага з яе ўжо не атрымаецца…”

Дома Дзяніса Анатольевіча чакае сям’я – жонка, 2 дачкі і сын. Тыл, як сам зазначае, надзейны, а гэта таксама адзін з найважнейшых складальнікаў паспяховай работы. Прыемныя хваляванні адчуў, калі атрымаў узнагароду – удзячны за тое, што яго заўважылі і ацанілі. А ў цяперашняй няпростай сітуацыі ў краіне супрацоўнік праваахоўных органаў даў параду ўсім грамадзянам чуць адзін аднаго і заставацца людзьмі.

Алена ЗАЛЕСКАЯ