Рэгіянальныя навіны за 27 лістапада

Региональные новости

У чацвер на мінулым тыдні ў рамках Адзінага дня інфармавання насельніцтва па тэме “Грамадскі дыялог: асноўныя напрамкі развіцця Беларусі” Валожынскі сельскагаспадарчы ліцэй наведаў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Башко.

 М. М. Башко не так даўно прызначаны на гэту пасаду, і гэта быў яго першы візіт ва ўстанову прафесіянальнай адукацыі. Абласны кіраўнік пазнаёміўся і высока ацаніў матэрыяльна-тэхнічную базу ліцэя, пабываў у вытворчых майстэрнях і вучэбных класах, кабінетах, наведаў спартыўную залу і інтэрнат. Шмат часу ён аддаў на зносіны з навучэнцамі, у якіх пацікавіўся поглядамі на жыццё, умовамі пражывання, правядзення вольнага часу, а больш за ўсё – арганізацыяй вучэбнага працэсу і працоўнага навучання, далейшымі планамі пасля заканчэння ліцэя.

 Жыхары раёна працягваюць перадаваць грашовыя ахвяраванні праз групу “Дапамога медыкам Валожына”, а валанцёры ў сваю чаргу каардынуюць збор сродкаў і выконваюць запыты медыкаў.

Людзі таксама закупляюць і перадаюць ахоўныя шчыткі, камбінезоны для персаналу. Прычым робяць гэта не дзеля славы, большасць не жадае нават называць прозвішчы.

15 лістапада ў некаторыя аграсядзібы нашага раёна наведалася старшыня грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” Валерыя Анатольеўна Кліцунова.

Разам з В. Кліцуновай была даволі прадстаўнічая дэлегацыя з Эстонскага пасольства ў Беларусі. Яны пабывалі ў аграсядзібах “Ганка”, “Налібоцкія васількі”, “За масточкам”, “Свет пчол”, на экалагічнай сцяжыне для інвалідаў у Белакорцы. Дыпламатычныя работнікі цікавіліся асаблівасцямі прадастаўляемых паслуг, задавалі шмат пытанняў гаспадарам, узялі іх каардынаты. Хочацца спадзявацца, што ў гэтага візіту будзе працяг, як толькі пачне сціхаць хваля пандэміі.

 У Івянецкім музеі традыцыйнай культуры адкрылася выстава гадзіннікаў з прыватнай калекцыі мясцовага жыхара выкладчыка дзіцячай школы мастацтваў Івана Іванавіча Ракаўца.

На выставе прадстаўлена частка калекцыі – каля 20-і наручных, насценных і іншых гадзіннікаў розных марак. Адны з цікавейшых экзэмпляраў у калекцыі – стаячы гадзіннік у драўляным корпусе канца ХVIII – пачатку ХIХ стагоддзяў у выглядзе доміка, царскі гадзіннік-будзільнік, дзе замест шкла на цыферблаце адпаліраваны крышталь. Прадстаўлены таксама гадзіннікі з самалёта, танка саракавых гадоў, гадзіннік з даўнейшага аўтамабіля “Масквіч” і іншыя. Цікава і тое, што ўсе экзэмпляры ў калекцыі на хаду, а рамантуе іх сам Іван Іванавіч.

 Дробязь, але прыемна. Так можна сказаць пра новыя стуллі, што не так даўно з’явіліся ў раённым участку паштовай сувязі.

 Набытыя 20 стулляў размеркаваны паміж першым гарадскім аддзяленнем, Ракаўскім і Івянецкім. Яны зручныя, са спінкамі, прызначаны і для работнікаў, і папоўнілі абсталяванне кліенцкіх залаў.

 Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Член народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Наталля Жызнеўская з Пугачоў піша вершы на рускай і беларускай мовах, потым музыку на некаторыя з іх. А пасля сама і выконвае свае песні, і акампануе. Яна прымала ўдзел у шматлікіх конкурсах паэзіі.

 А гэтай восенню Н. Жызнеўская ўпершыню паспрабавала адправіць работы на міжнародны фотаконкурс “Асеннія матывы”. Першая спроба аказалася ўдалай, і аўтар атрымала маляўнічы Падзячны ліст ад арганізатараў фотаконкурсу.

 Не так даўно ўбачыў свет турысцкі даведнік “Достопримечательности Минска и его окрестностей”, аўтарам якога з’яўляецца гід-экскурсавод з веданнем англійскай мовы Святлана Мікалаеўна Машчанка.

 Аўтар неаднаразова бывала і ў нашым раёне з рознымі экскурсійнымі групамі, у яе наладжана сувязь з гаспадарамі многіх аграсядзіб. Больш за 40 старонак у выданні адведзена нашаму раёну. Адзін з экзэмпляраў С. Машчанка падарыла гаспадарам сядзібы “Налібоцкія васількі” Васілю і Марыі Шакунам.