Прафесіяналізм і сардэчнасць у барацьбе з «каронай»

COVID-19 Важное

 

 

Прыём у кабінеце інфекцыйных захворванняў

COVID-19 не шкадуе нікога. Заразіцца гэтым вірусам могуць людзі любога ўзросту, ладу жыцця і сацыяльнага статусу. Але па-ранейшаму ў першую чаргу ў зоне рызыкі – медыкі. Яны ратуюць захварэўшых людзей і разам з тым стараюцца не “падхапіць”  інфекцыю самі. Добра ўсведамляюць: калі гэта здарыцца, лячыць не будзе каму. Для тых, хто мае пастаянны кантакт з інфіцыраванымі, меры перасцярогі – задача нумар адзін. Апрануць спецкасцюм і працяглы час заставацца ў ім няпроста. Але прафесіянал на тое і прафесіянал, каб быць на ўзроўні ў крытычныя моманты жыцця. Менавіта так можна ахарактарызаваць арганізацыю работы калектыву Вішнеўскай урачэбнай амбулаторыі, на чале якога стаіць Аліна Уладзіміраўна Круцько.

Два дні таму ў рэдакцыю патэлефанавала дырэктар Вішнеўскай школы Ала Віктараўна Клімкова. Яна параіла звярнуць увагу на працу мясцовых медыкаў у кірунку барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй.“Вы не ўяўляеце сабе, як працуюць нашы жанчыны. З ранку да вечара ў ахоўных касцюмах вядуць прыём, наведваюць захварэўшых на даму, бяруць мазкі, кансультуюць па тэлефонах. Людзі настолькі ўдзячныя ім, нашым гераіням, што цяжка знайсці словы, каб гэту ўдзячнасць выказаць. Напішыце пра іх”, – пачулі мы ўзрушаны голас.

Кантактная група ў складзе вадзіцеля Вячаслава Гурскага , урача Аліны Круцько і медыцынскай сястры Яны Буйко

Сама Ала Віктараўна таксама мае станоўчы тэст у адносінах да гэтага захворвання. Але, паколькі асабіста ў яе яно праявілася не вельмі выразна, магла б не звярнуць увагі на нязначныя сімптомы (закладзенасць у носе і боль галавы). Дзякуючы вопыту і ўважлівасці ўрача Аліны Уладзіміраўны Круцько, якая распазнала ў ёй носьбіта віруса, дакладна ведае свой статус. Адказны чалавек і вопытны кіраўнік своечасова стала выкон-

ваць правілы самаізаляцыі і такім чынам не дапусціла распаўсюджвання інфекцыі. Яна ўпэўнена, што толькі пад наглядам і з дапамогай доктара Круцько і яе каманды педагагічны калектыў, якім кіруе, граматна і трывала супрацьстаіць эпідэміі.

Спецыяльны касцюм сапраўды падобны да скафандра.

 

   З удзячнасцю адзываюцца пра работу медыкаў і іншыя жыхары Вішнева і наваколля, у першую чаргу – людзі пажылога ўзросту, для якіх брыгада прафесійных і спагадлівых людзей, падобных да касманаўтаў, – сапраўдны шанц на выздараўленне. Вішнеўцы адзначаюць: вялікая заслуга мясцовых медыкаў у тым, што імі добра наладжаны прафілактычная работа і ранняя пастаноўка дыягназу, а значыць, своечасовы пачатак лячэння. Таму большасць людзей паспяхова праходзяць яго на даму і толькі некалькім спатрэбілася шпіталізацыя.

Здавалася б яшчэ зусім нядаўна яны старанна падцягвалі работу па дыспансерызацыі насельніцтва, правядзенню якой перашкодзіла першая хваля “кароны”. А ўжо ва ўсю карыстаюцца ўласным вопытам, што набылі за некалькі месяцаў, у барацьбе з другой, больш жорсткай хваляй. Сёння іх дзеянні, пачынаючы з апранання касцюма, заканчваючы апрацоўкай рук і медінвентару, даведзены да аўтаматызму. Толькі ў адносінах да хворых – выключна індывідуальны падыход.  Канешне, агульны агляд, правядзенне сатурацыі і тэрмаметрыі, праслухоўванне лёгкіх і іншыя маніпуляцыі па паказчыках ідуць у комплексе, а вось зносіны з кожным свае.

 Дзяжурныя выразы кшталту “Усё добра” тут не дапускаюцца. Хоць час і прыспешвае, але і сама Аліна Уладзіміраўна, і яе памочніцы ўмудраюцца знайсці хвіліну, каб адказаць на пытанні зразумела і тым самым, як і ласкавым тонам, падбадзёрыць чалавека, які перажывае не лепшыя моманты свайго жыцця, падарыць яму веру ў хуткае выздараўленне.

Мы пагутарылі з Алінай Уладзіміраўнай па тэлефоне позна вечарам. Толькі пасля доўгага працоўнага дня, калі правяла прыём у кабінеце інфекцыйных захворванняў, у складзе кантактнай групы аб’ехала ўсіх хворых, яна змагла ўдзяліць мне некалькі хвілін. Урач падзякавала сваім пацыентам за разуменне і трыва-

ласць. Тым, хто, на шчасце, у страі, – за выкананне правіл перасцярогі. На прыканцы непрацяглага дыялога папрасіла перадаць жыхарам Валожыншчыны наступную просьбу:

“Дарагія землякі! Вірус небяспечны, але ад яго можна засцерагчыся. Трымайце дыстанцыю, насіце маскі, апрацоўвайце рукі, пазбягайце лішніх кантактаў і людных месцаў. Тыя, хто хварэюць, сёння вельмі шкадуюць аб сваёй бяспечнасці. Беражыце сябе!”

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Паважаныя жыхары !

    Калектыў газеты “Працоўная слава” заклікае кожнага грамадзяніна, калектыў, грамадскую арганізацыю далучыцца да міласэрнай справы – пасільнай падтрымкі людзей, што знаходзяцца на лячэнні ў інфекцыйным шпіталі Валожынскай ЦРБ. Любая ваша дапамога будзе важнай і каштоўнай. У першую чаргу хворым патрабуюцца пітная вада і сродкі гігіены. Перадаць рэчы, пералічыць грошы можна праз валанцёраў, якія вядуць работу па зборы сродкаў праз сацыяльныя сеткі, ці звязацца з адміністрацыяй ЦРБ самастойна. Сёння мы падтрымаем тых, каму цяжка, заўтра хтосьці зробіць добры ўчынак адносна нас. Давайце праявім сваю дабрыню і спагаду!