Каб весела бавіць час

Общество

 

10 новых гульнявых комплексаў устаноўлены паміж шматкватэрнымі дамамі ў Валожыне, Ракаве і Івянцы.

Сродкі на абсталяванне дзіцячых пляцовак у суме 60 тысяч рублёў выдаткаваны з мясцовага бюджэту ў рамках выканання мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні прыдамавых тэрыторый. Набыццём сучасных гульнявых комплексаў займалася РУП “Валожынскі жылкамунгас”. Забаўныя домікі, зручныя арэлі і яркія пясочніцы з’явіліся ў райцэнтры каля дамоў па вуліцах Міру, 16; Гагарына, 6; Партызанскай, 22 і 31; Чапаева, 55 і 47а; ля гарадскога возера; у новым мікрараёне па вуліцы Савецкай. Магчымасць весела і з карысцю праводзіць вольны час атрымала таксама івянецкая і ракаўская дзетвара.

   Тэндар на ўстаноўку гульнявога абсталявання выйграла ТАА “Бэбібуд”, якое яго і вырабляе. Усе элементы выкананы з трывалых матэрыялаў, аснашчаны надзейнымі мацаваннямі і вытрымліваюць сур’ёзныя вагавыя нагрузкі. Прадукцыя сертыфікаваная і абсалютна бяспечная – адсутнічаюць вострыя вуглы і элементы, якія могуць стаць прычынай траўмы. Акрамя таго, для вытворчасці ўсіх дэталяў выкарыстоўваюцца толькі экалагічныя матэрыялы. Прадуманыя цікавыя мадэлі садзейнічаюць развіццю дзіцяці: сюжэтныя гульні захапляюць, даюць волю фантазіі, прыносяць карысць, а самае галоўнае – дапамагаюць весела бавіць час.

Алена ЗАЛЕСКАЯ