Творчая сустрэча

Культура

У бібліятэцы Валожынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя адбылася літаратурна-паэтычная гасцёўня “Пад небам славянскай культуры”.

На сустрэчу з творчай моладдзю завіталі ўдзельнікі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Наталля Жызнеўская, Наталля Жылевіч і Людміла Садоўская. Мерапрыемства прайшло ў форме дыялога ў цёплай сяброўскай атмасферы.

 Прадстаўнікі “Руні” пазнаёмілі пачынаючых паэтаў са сваёй творчасцю. Юнакі і дзяўчаты таксама чыталі ўласныя вершы. Навучэнцы 3-га курса Ганна Лашук, Антаніна Асаула, Алеся Рагель і 1-га курса Мікіта Салано Пірагоў закранулі ў вершах самыя розныя тэмы, але найбольш з іх было прысвечана каханню. На жаль, не ва ўсіх юных талентаў з сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя атрымалася прысутнічаць падчас гасцёўні, але яны заяўляюць пра сябе на іншых шматлікіх мерапрыемствах, што ладзяцца ва ўстанове адукацыі. Маладыя людзі задавалі гасцям актуальныя і цікавыя пытанні, якія датычыліся літаратурнай дзейнасці і не толькі. І атрымалі на іх вычарпальныя адказы.

 На развітанне Наталля Жызнеўская падарыла ў бібліятэку ўстановы свой аўтарскі зборнік вершаў “Не ўпаду”.

Наш кар.