Спраўная печ — незаменная рэч…

Безопасность и здоровье

Каб папярэдзіць пажары і гібель на іх людзей, работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з рэдакцыяй раённай газеты правялі рэйд па абследаванні домаўладанняў грамадзян.

«Узброіўшыся» спісамі, адрасамі, інструктажом і памяткамі, удзельнікі рэйду накіраваліся па месцах, дзе пра бяспеку даўно забыліся. Адным з такіх месцаў быў двухкватэрны дом. У адной яго палове жыве пенсіянерка, у якой чыста, прыбрана, ёсць АПА. А вось неспакой выклікаюць яе суседзі, у якіх далёка да парадку.

Такія домаўладанні нярэдкія, аднак прыезд удзельнікаў рэйду часта ставіць гаспадароў у няёмкае становішча, і яны мімаволі пачынаюць даваць абяцанні, што ўсё выправяць, усё будзе закончана. Інспектар абяцае ў хуткім часе вярнуцца і праверыць.

Статыстыка паказвае, што 39% пажараў на тэрыторыі раёна адбыліся па прычыне няспраўнасці пячнога ацяплення. Вінаватымі і ахвярамі «пячных» пажараў становяцца ў асноўным пенсіянеры, інваліды і адзінокія пажылыя людзі.

Прычына таму – не толькі парушэнне правіл пажарнай бяспекі і неасцярожнасць з-за дрэннага зроку і памяці. На жаль, у пенсіянера сілы і спрыт ужо далёка не тыя, ды і складанае матэрыяльнае становішча не спрыяе таму, каб самастойна адрамантаваць і атынкаваць комін на гарышчы, паправіць электраправодку, замяніць уцяпляльнік на незгаральны або зрабіць неабходную раздзелку і адступку печы, прыбіць перадтопачны ліст…

Вось і працягваюць людзі карыстацца няспраўнымі печамі. І атрымліваецца, што дзіравы хатні ачаг становіцца ачагом пажару. У большасці наведаных дамоў вялікіх парушэнняў не ўбачылі. Але ж нават маленькая расколіна можа прывесці да бяды! Таму яе неабходна замазаць спецыяльным растворам. А тых гаспадароў, у якіх печ мае сур’ёзныя недахопы, выратавальнікі строга папярэдзілі.

У кожным доме работнікі РАНС тлумачылі:

  • комін павінен мець добрую цягу і яго трэба пабяліць. Робіцца гэта для таго, каб на белым фоне можна было лёгка заўважыць расколіны;
  • у ацяпляльны сезон ачышчаць комін ад сажы варта не менш за адзін раз у 2 месяцы;
  • печ і дымавая труба ў месцах злучэння з драўлянымі перакрыццямі павінны мець патаўшчэнне муру або раздзелку;
  • каб выпадковыя вуглі не прывялі да пажару, перад топкай на драўлянай падлозе неабходна прыбіць металічны ліст, які з кожнага боку павінен быць на 10 см большым за паліўны праём;
  • ні ў якім разе не выкарыстоўвайце пры распалцы лёгкаўзгаральныя і гаручыя вадкасці;
  • не пакідайце адкрытымі топачныя дзверцы і гарачую печ без нагляду. Гэта прамы шлях да пажару;
  • попел і вуглі выкідвайце не бліжэй за 15 метраў ад будынкаў;
  • не дазваляйце малым дзецям самастойна распальваць печ;
  • не выкарыстоўвайце дровы, даўжыня якіх перавышае памеры топкі;
  • не тапіце вугалем, коксам і газам печы, якія не прызначаны для гэтых відаў паліва.

Ёсць да жыхароў раёна яшчэ адна просьба. Прывядзіце ўласныя печы ў спраўны стан і акажыце дапамогу сваім пажылым сваякам! Ад гэтага залежыць іх жыццё…