Заўсёды на пазітыве

Люди и судьбы

 

 

Гэтага жыццярадаснага мужчыну з яскравай усмешкай у Валожыне і раёне добра ведаюць. Усё сваё жыццё Васілій Уладзіміравіч МАРЗАК прысвяціў працы з дзецьмі, а творчая душа знайшла сябе ў тэатральнай дзейнасці.

Нарадзіўся наш герой у вёсцы Дворышча, восем класаў закончыў у Чабайскай школе, сярэднюю адукацыю атрымаў у Палачанаўскай школе Маладзечанскага раёна. Пытання, куды паступаць, не стаяла, юнак даўно вызначыўся, што стане настаўнікам фізкультуры, і падаў дакументы ў Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры. Так склалася, Васіль быў самы малы ў вёсцы сярод хлопцаў. Ён імкнуўся не адстаць ад старэйшых, разам з імі гуляў у валейбол, футбол, спаборнічаў у скачках у даўжыню, безе. Ніколі ні на што не скардзіўся і стараўся заўсёды прадэманстраваць добры вынік. А таму меў выдатныя фізічныя здольнасці.

 Затым была служба ў Савецкай Арміі, якая праходзіла ў войсках ПВА ў Маскве. Малодшы сяржант праводзіў вольны час з карысцю: наведваў стадыёны, музеі, тэатры. Так закладаліся першыя прыступкі станаўлення творчай асобы. Добрым словам Васіль падчас службы ўспамінаў свайго дзядулю Уладзіміра, які навучыў яго запраўляць у боты анучы. Дзякуючы гэтаму, у салдата не было праблем з нагамі, у адрозненне ад саслужыўцаў, што скардзіліся на мазалі. А яшчэ дзед быў выдатным расказчыкам і шмат чаго паведаміў унуку з гісторыі роднай вёскі, асабліва пра ваенны час.

 Незабыўныя ўражанні пакінула праца ў студэнцкім атрадзе “Альтаір” у 1982 годзе. Малады чалавек разам з іншымі накіраваліся ў Малдову на збор памідораў. З гэтай нагоды ў літаратурна-мастацкім і грамадска-палітычным часопісе “Маладая гвардыя” нават з’явіўся артыкул з фотаздымкам нашага героя.

Першым працоўным месцам Васілія Уладзіміравіча стала Даўбенеўская базавая школа. А ў 1984 годзе малады чалавек вырашыў набыць вышэйшую адукацыю ў педінстытуце імя Максіма Горкага на аддзяленні “Геаграфія” факультэта “Прыродазнаўства”. У 1986 годзе за перамогу ў конкурсе маладых спецыялістаў ён быў узнагароджаны паездкай у Югаславію.

 Пасля таго, як перайшоў у Чэхаўшчынскую дапаможную школу-інтэрнат, дзе працаваў выхавальнікам і выкладаў фізкультуру, рытміку, ЛФК, а пазней і геаграфію з гісторыяй, набыў спецыяльнасць настаўніка-дэфектолага. Вучоба давалася лёгка, мужчыну хацелася больш дасканала авалодаць прафесіяй, з якой ён звязаў жыццё. Самаадданая праца не засталася незаўважанай. Сярод узнагарод – граматы раённага і абласнога аддзелаў адукацыі, Міністэрства адукацыі, а самая каштоўная – нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”.

 У гэты час Васілій Марзак пачаў браць удзел у пастаноўках Пяршайскага народнага тэатра, якім кіраваў Мікалай Мікалаевіч Ганчарык. Найбольш запомніліся такія, як “Узлёт” і “Пінская шляхта” па творах Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. А роля князя Валажынскага прынесла сапраўдную асалоду. На раённым конкурсе байкі, дзе мужчына чытаў твор Кандрата Крапівы “Балет”, яго адабралі для ўдзелу ў рэгіянальным этапе, а затым прапанавалі прайсці адборачны конкурс у народны гурт народнага гумару “Дубінскія фанабэры”. Да гэтага калектыву за гады сумеснай дзейнасці Васілій Уладзіміравіч прыкіпеў душой, не ўяўляе свайго жыцца без вясёлых жартаў і гумару. І можна з упэўненасцю сказаць, што на сённяшні дзень і “Дубінскія фанабэры” без яго не былі б ужо тым любімым усімі валожынцамі гуртам. З выступленнямі яны аб’ехалі палову Беларусі, толькі ў Калінкавіцкі раён на рэспубліканскі фестываль народнага гумару “Аўцюкі” чатыры разы наведаліся. Наогул жа, наш герой вельмі любіць падарожнічаць. Пабываў у Расіі, Прыбалтыцы, Украіне, Малдове, Польшчы, Венгрыі, Чэхіі, Аўстрыі і інш. Давялося адпачываць на шасці розных марах.

Ў  2018 годзе пасля закрыцця Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната Васілій Уладзіміравіч уладкаваўся на працу ў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна. За кожную справу наш герой бярэцца з адказнасцю, укладае ў яе душу. Ён з тых людзей, хто любую работу выконвае з задавальненнем, стараецца знайсці ў ёй самае пазітыўнае, самарэалізавацца. Так і тут метадыст па турысцка-краязнаўчай рабоце знайшоў сябе: сумеў спалучыць свае гістарычныя і геаграфічныя веды, усёй душой захапіўся краязнаўствам, разам з калегай Ірынай Станіславаўнай Ваньковіч напісалі шмат работ на розныя тэмы. Яму цікава распрацоўваць новыя экскурсійныя маршруты і праводзіць экскурсіі для дзяцей.

 Найбольш запатрабаваныя з іх – “Зямля і неба Фердынанда”, “Ракава сівыя камяні”, “Сцяжынкамі Дуніна-Марцінкевіча”, “Жамчужыны Івянца”, “Валожын – спадчына XIX стагоддзя”. Як бачна, усе яны звязаны з гістарычным мінулым і культурнай спадчынай нашага раёна. У кожны з іх укладзена часцінка душы выдатнага педагога. Сёлета створаны тры новыя экскурсійныя маршруты, прымеркаваныя да святкавання 75-годдзя Вялікай Айчыннай вайны. Назвы “Партызанскімі сцежкамі”, “Дарогамі вайны – дарогамі Перамогі”, “Памятае выратаваны свет” гавораць самі за сябе. Тэма гэта вельмі блізкая герою артыкула, і, як сам ён гаворыць, экскурсіі праходзяць на адным дыханні, дзеці з задавальненнем слухаюць цікавага расказчыка. Зараз ідзе падрыхтоўка да абласнога конкурсу на лепшую відэавізітоўку і буклет адукацыйных экскурсійных маршрутаў. Васілій Уладзіміравіч актыўна ўключыўся ў работу па прэзентацыі  маршруту “Гістарычны і сучасны Валожын”.

 Яшчэ ў Даўбенеўскай школе маладому педагогу прапанавалі выканаць ролю Дзеда Мароза на дзіцячым ранішніку. Гэта справа яго па-сапраўднаму захапіла. З той пары кожны год ён апранае касцюм казачнага героя, водзіць карагоды, гуляе і спявае разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі. На працягу многіх гадоў ён нязменна праводзіў святы ў Даўбенеўскай, Чэхаўшчынскай і Пяршайскай школах. Працуючы ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, у мінулы Новы год быў задзейнічаны ў 10 прадстаўленнях.

Наогул, Васілій Уладзіміравіч – шматгранная асоба. За што не возьмецца, усё ладзіцца, гарыць у руках. Мужчына выдатна гатуе, іншая жанчына можа толькі пазайздросціць. Гаворыць, што заўсёды, як нельга лепш, атрымліваюцца першыя стравы, гуляш, рыба, чабурэкі. У дадатак ён заўзяты кветкавод, балкон яго кватэры нагадвае батанічны сад. Вялікую асалоду атрымлівае ад паходу ў грыбы, і сёлета зрабіў шматлікія іх запасы ў марожаным, салёным і марынаваным выглядзе. Таксама любіць пакорпацца ў агародзе, у роднай вёсцы дапамагае сваячніцы весці гаспадарку. Хапае часу і добрую кнігу пачытаць, асабліва падабаюцца гістарычныя раманы, і фільм паглядзець. Сярод любімых: “Экіпаж”, “Афіцэры”, “Масква слязам не верыць”, кожны раз адкрывае ў іх нешта новае для сябе.

 Усё жыццё прапрацаваўшы з дзецьмі, наш герой гаворыць, што яны вельмі адчуваюць любоў да іх і на добрыя адносіны адгукаюцца цяплом сваіх сэрцаў.

Галоўны прынцып, па якім жыве Васілій Уладзіміравіч, каб пры сустрэчы  з былымі вучнямі, не брыдка было глядзець ім у вочы.

І гэта педагогу ўдаецца. Многія з выхаванцаў звоняць, цікавяцца жыццём і здароўем.

 Зразумела, што ў такога таварыскага, рознабаковага чалавека шмат добрых сяброў. Кожны з іх займае асаблівае месца ў яго жыцці. У розных абставінах, ці то радасных, ці то сумных, мужчына адчувае падтрымку, цэніць і даражыць гэтымі адносінамі.

18 лістапада Васілій Уладзіміравіч Марзак адзначыў юбілейны дзень нараджэння. З гэтай нагоды хочацца пажадаць яму моцнага здароўя, здзяйснення ўсіх мар, увасаблення ў жыццё задуманых планаў, аптымізму і пазітыву.

Анжэла Радына,

фота аўтара