Выбяры сабе работу па душы, і табе ні давядзецца працаваць ні аднаго дня ў сваім жыцці

Люди и судьбы Общество

 

Так казаў вялікі Канфуцый. І з ім цалкам згодна прыватны прадпрымальнік, гаспадыня швейнай майстэрні “Шывок” Наталля Сяргееўна ЗЯЛКОЎСКАЯ.

 Па спецыяльнасці яна швачка-закройшчыца – Віцебскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча лёгкай прамысловасці скончыла з чырвоным дыпломам. Падавала вялікія надзеі: прапаноўвалі застацца ў гэтым горадзе, працаўладкаваць. Але маладой дзяўчыне заўсёды хацелася дадому – бліжэй да сваёй роднай вёсачкі Рум. Надоўга планы не будавала, думала, крыху папрацуе, а далей бачна будзе. Атрымалася ж так, як прадказвалі выкладчыкі: “Вось выйдзеш замуж, і талент твой прападзе”.

Пачатак прафесійнага стаўлення прыпаў якраз на ліхія 90-я. Індывідуальна мала хто жадаў пашыць адзенне. Наталля ўладкавалася ў Дом быту, а там, як кажуць, страчылі на “масоўку”. Заробкі невялікія, грошай маладой сям’і не хапала нават на самае неабходнае, таму трэба было неяк выжываць. І яна змяніла сферу дзейнасці – пайшла ў прадаўцы. Паступова стала на ногі, душой жа разумела: гандаль – не яе справа. Хацелася зноў вярнуцца да вытокаў, да таго, з чаго пачынала, аднак не ведала, як гэта зрабіць. Палохала і тое, што часу прайшло нямала, рукі адвыклі ад шыцця. Знаёмыя і радня пастаянна гаварылі, што ў яе прыроджаны талент і важна яго не загубіць.

 Аднойчы ёй падказалі: можна скарыстацца дзяржаўнай падтрымкай і атрымаць субсідыю на адкрыццё ўласнай справы. Дзеля гэтага трэба звярнуцца ў аддзел занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. У ведамстве пацвердзілі, што накіроўваюць беспрацоўных грамадзян на навучанне для арганізацыі самастойнай дзейнасці. Так Наталля Сяргееўна паехала вучыцца на прыватнага прадпрымальніка.

Заняткі на курсах ёй вельмі дапамаглі: граматныя спецыялісты навучалі проста і даступна, падрабязна расказвалі, з чаго пачынаць, як правільна арганізоўваць сваю справу. У выніку бізнес-план яна напісала сама – ад вокладкі да вокладкі – і атрымала 2550 рублёў бязвыплатнай грашовай дапамогі. За выдаткаваныя сродкі набыла спецыяльнае абсталяванне: прафесіянальныя швейную машыну, авярлок, парагенератар, фурнітуру. Для пачынаючага ўласніка гэта досыць значная падмога.

 17 студзеня бягучага года Н. С. Зялкоўская пачала сваю дзейнасць як уласны прадпрымальнік. Спачатку арандавала невялікі пакой у будынку колішняга ўнівермага ў райцэнтры, але дарагі кошт аплаты, нязручны графік, ды і эпідэміялагічная сітуацыя патрабалі новых умоў. Зараз яе майстэрня месціцца на 1-м паверсе гарадской пошты. Тут светла, прасторна, цёпла і ўтульна. І ад кліентаў, без перабольшвання, няма адбою.

 Успамінае, як жа ёй было страшна ў першы дзень работы: перажывала, сумнявалася, ці прыйдуць людзі, як ацэняць зробленае – гэта ж такая вялікая адказнасць! Але майстра ў літаральным сэнсе “загрузілі” заказамі. Далей пачала працаваць самая лепшая рэклама – сарафаннае радыё. Акуратнасць, дасканаласць, дакладнасць, сціслыя тэрміны выканання, даступнасць кошту паслуг – менавіта гэтыя якасці характэрны для прыватнага прадпрымальніка Зялкоўскай. Яна настолькі растварылася ў любімай рабоце, што не адчувае часу і не стамляецца, хапае сіл і на хатнія клопаты. Наколькі гэта не высакамоўна гучыць – на работу ідзе, як на свята, задаволена, што можа быць сама сабой. Нават паспела заняцца дабрачыннасцю – шыла ахоўныя касцюмы для медыкаў.

 За няпоўны год прадпрымальніцтва пачалі з’яўляцца новыя, больш маштабныя і, можна сказаць, амбіцыйныя планы – шыццё мадэльнага адзення. Яна ж у дзяцінстве марыла стаць менавіта мадэльерам-дызайнерам, а ў школе, запрыкмеціўшы добрыя мастацкія схільнасці дзяўчынкі, раілі паступаць на архітэктурны. Як бачна, ёсць і задаткі, і жаданне. Будзем спадзявацца, што мары ажыццявяцца, а шывок ператворыцца ва ўпэўнены радок.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара