Гналі ў лесе, гналі ў садзе…

Закон и порядок

 

Па звестках раённага аддзела ўнутраных спраў, за 10 месяцаў 2020 года міліцыянеры склалі 30 адміністрацыйных пратаколаў на людзей, звязаных з парушэннямі антыалкагольнага заканадаўства. Падчас рэйдавых праверак было адабрана 120 літраў самагону, знішчана каля 1500 літраў брагі, утылізавана 13 самагонных апаратаў.

Як расказаў начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Сяргей Латышаў, адзін з апаратаў быў знойдзены міліцыянерамі ў лясным масіве каля вёскі Пытань.

Другі «прытаіўся» ў густым хмызняку на прысядзібным участку ў Стайках. Як расказвалі супрацоўнікі праваахоўных органаў, кусты надзейна схавалі метал абсталявання, знайсці самагонны апарат дапамагла, хутчэй, інтуіцыя, чым добры зрок і пільнасць.

Падзяліліся вартаўнікі правапарадку і здымкам з вёскі Ганчары: там сваю «вытворчасць» уладальнік наладзіў у гаспадарчай пабудове.

Як адзначаюць у РАУС, праблема алкагалізацыі насельніцтва сёлета не абышла бокам наш раён. У параўнанні з папярэднім годам на 7,7% павялічылася колькасць злачынстваў, учыненых у стане ап’янення. Супрацоўнікі міліцыі ў мэтах прафілактыкі праводзяць пастаянныя рэйдавыя выезды ў раён, гутаркі ў працоўных калектывах, прадпрымаюць іншыя меры, каб папярэдзіць магчымыя праблемы з законам у людзей. Са студзеня па кастрычнік складзены 168 адміністрацыйных пратаколаў па арт. 17.3 Кодэкса аб адміністрацыных парушэннях Рэспублікі Беларусь (распіццё алкагольных напіткаў у грамадскіх месцах або знаходжанне на рабочым месцы ў рабочы час у стане алкагольнага ап’янення).
У ЛПП накіраваны 19 грамадзян, якія злоўжываюць спіртным і здзяйсняюць розныя правапарушэнні.

Міліцыянеры звяртаюць увагу: калі чалавек здзяйсняе злачынства пад уздзеяннем алкаголю або іншых псіхатропных сродкаў, гэта класіфікуецца як абцяжваючыя абставіны і вядзе да ўзмацнення жорсткасці пакарання.

Сяргей Латышаў нагадаў: згодна з артыкулам 12.43 КоАП Беларусі, выраб або набыццё фізічнымі асобамі моцных алкагольных напіткаў, брагі, а таксама захоўванне апаратаў для іх вырабу караюцца папярэджаннем або накладаннем штрафу да 5 базавых велічынь з канфіскацыяй напіткаў, паўфабрыкатаў і апаратаў.

За тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання, або выраб фізічнай асобай больш за пяць літраў самагону, больш за трыццаць літраў брагі ці захоўванне звыш трыццаці літраў паўфабрыката прадугледжаны штраф у памеры ад 5 да 30 базавых велічынь з канфіскацыяй названых напіткаў, паўфабрыкатаў і апаратаў.

Начальнік міліцыі грамадскай бяспекі заўважыў таксама, што і людзі не застаюцца раўнадушнымі да чужога (а часам і ўласнага) гора, выкліканага незаконным промыслам аднавяскоўцаў. Па ананімных паведамленнях праводзяцца праверкі. Факты пацвярджаюцца.

С. Латышаў дзякуе грамадзянам за неабыякавасць. Такія званкі здольны выратаваць не адно жыццё, пазбавіць мноства сем’яў ад гвалту і сварак.

Падпалкоўнік міліцыі просіць грамадзян не ўтойваць вядомыя ім звесткі пра незаконны выраб, захоўванне ці рэалізацыю алкаголю саматужнай вытворчасці.

Тэлефон – 102. Канфідэнцыяльнасць гарантавана.