ПАЛЁГКА ДЛЯ ЦЯЖКІХ

COVID-19

У бальніцы перададзены прэпарат «Актэмра» для лячэння пацыентаў са складанай формай COVID-19

У Міністэрстве аховы здароўя праінфармавалі, што праведзена чарговая закупка лекавага сродку «Актэмра» (міжнароднае непатэнтаванае найменне – тацылізумаб) за сродкі рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаныя Міністэрству аховы здароўя.

«Канцэнтрат для прыгатавання раствору для інфузій 400мг/20мл 23 лістапада паступіў у колькасці 2 тыс. 8 упаковак на суму, большую за $1,3 млн. Лекавы сродак перададзены ўжо ў арганізацыі аховы здароўя», – паведамілі ў Міністэрстве.

Усяго з пачатку пандэміі (сакавік-лістапад) было закуплена 4 тыс. 744 флаконы тацылізумабу ў дазіроўцы 400 мг на суму $3,3 млн. З іх за сродкі рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаныя Міністэрству аховы здароўя, – на суму $2,45 млн. Да канца бягучага года чакаецца пастаўка яшчэ 3 тыс. 356 упаковак лекавага сродку ў дазіроўцы 400 мг і 2 тыс. упаковак у дазіроўцы 200 мг (каля $3,71 млн).

Лекавы сродак паказаны пацыентам з цяжкім ходам захворвання на COVID-19, у якіх у адказ на ўкараненне віруса развіваецца так званы сіндром вызвалення цытакінаў.

Акрамя таго, да канца лістапада чакаюцца пастаўкі «Фраксіпарыну» – прэпарату з групы нізкамалекулярных гепарынаў. У бліжэйшы час таксама будзе пастаўлены раствор для ін’екцый «Фрагмін» (2500 МЕ і 5000 МЕ).

Завяршаецца працэдура кантролю якасці яшчэ аднаго лекавага сродку з групы нізкамалекулярных гепарынаў – «Энаксапарыну-СК» (раствор для ін’екцый у дозах 2000, 4000, 6000 і 8000 анты-Ха МЕ). Пасля таго прэпарат будзе ўпакаваны спецыялістамі РУП «Белмедпрэпараты». Паўстаўка ў бальніцы (у аб’ёме гадавой патрэбнасці) будзе ў снежні.

У Міністэрстве аховы здароўя дадалі, што для экстраннага забеспячэння арганізацый аховы здароўя створаны рэзерв названых лекавых сродкаў, што прымяняюцца для лячэння пацыентаў з COVID-19.

Па матэрыялах БелТА