БЕЗБАР’ЕРНАЕ АСЯРОДДЗЕ ПАШЫРАЕЦЦА. У Валожыне ўстаноўлены тры новыя пандусы

Безопасность и здоровье Важное Общество

Напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў у Валожыне стварэнне безбар’ернага асяроддзя для тых, хто ў гэтым мае патрэбу, атрымала працяг. Работнікі РУП “Валожынскі жылкамунгас” устанавілі пандусы ў доме № 22 па вуліцы Партызанскай райцэнтра, а таксама ўнутры і побач з дамамі №№ 122 і 132 па вуліцы Савецкай. Работы вяліся за бюджэтныя сродкі.

 

…Дзмітрый КАНАНОВІЧ жыве з інваліднасцю з дзяцінства. Фізічны недахоп даўно стаў надзённа-звыклым, горыч абабілася аб час, людскую дабрыню і падтрымку сяброў, а рэальнасць вымагае ставіць перад сабой новыя мэты і дасягаць іх. Тады ў душы селяцца спакой і задавальненне. Дзмітрый умее цаніць імгненні радасці, што надараюцца не так ужо і рэдка. Адной з такіх запамінальных і кранальных падзей стала атрыманне ключоў ад новенькай сацыяльнай кватэры ў доме № 122 па вуліцы Савецкай у Валожыне. Запомніліся і пераезд, і наладжванне быту, і першыя дамашнія клопаты… Кватэра маладога чалавека – на другім паверсе. Напачатку выйсці на вуліцу было дастаткова праблематычна. Але Дзмітрый прызвычаіўся. Сябры па пляцоўцы зносілі інвалідную каляску ўніз, а хлопец – дзякаваць Богу, ногі не зусім безнадзейныя – памаленьку спускаўся па лесвіцы. Марудна. Акуратна. Іншым часам дапамагалі суседзі: так хутчэй.

На лесвічных пляцоўках вышэйшых паверхаў дома № 122 па вуліцы Савецкай

Цяпер сітуацыя змянілася – зноў у станоўчы бок. Літаральна тыдзень таму Дзіма выехаў на пляцоўку паверха і павітаўся з людзьмі, якія заносілі ў пад’езд металічныя дэталі. Па завяршэнні мантажна-тэхнічных работ на лесвіцы з’явіўся пандус. Вядома, да спуску па ім таксама трэба прызвычаіцца, аднак гэта ўжо зусім іншая сітуацыя!

“Стала лягчэй, і прытым нашмат, – дзеліцца эмоцыямі Дзмітрый. – Хачу падзякаваць усім, хто рабіў такую добрую справу – і работнікам жылкамунгаса, і раённаму выканаўчаму камітэту, і тым арганізацыям, якія займаюцца вырабам падобных прыстасаванняў… Дзякую ўсім за клопат і падтрымку. Для мяне гэта вельмі важна!”

Пры доме № 22 па вуліцы Партызанскай у Валожыне таксама з’явілася дадатковая зручнасць
Так выглядае пандус у доме № 132 па вуліцы Савецкай райцэнтра

Як паведамілі ў райвыканкаме, фінансаванне будаўніцтва канструкцый дадатковай зручнасці ажыццяўляецца ў рамках рэалізацыі мерапрыемстваў падпраграмы “Безбар’ернае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб” Дзяржаўнай праграмы “Аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады”. Такая работа будзе працягвацца і далей.

Падзяліўся інфармацыяй і намеснік дырэктара па будаўніцтве РУП “Валожынскі жылкамунгас” Іван Венславовіч. На ўстаноўку пандусаў было зрасходавана каля 7200 рублёў. Да канца бягучага года плануецца аснасціць пандусам выхад з яшчэ адной кватэры дома № 22 па вуліцы Партызанскай.

Сяргей САДОЎСКІ, фота Сяргея БОБРЫКА