«Яны вучаць мяне быць ўдзячнай жыццю за ўсё…»

Общество Ступені поспеху

Зусім нядаўна медыцынская сястра Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця Ірына Іванаўна РОЙКА атрымала ганаровае званне “Майстар Мінскай вобласці-2020”. Любоў да работы, высокае пачуццё абавязку і адказнасці, уменне і майстэрства – менавіта такія якасці прывялі прафесіянала да працоўнага поспеху.

Атрымаўшы медыцынскую адукацыю, І. І. Ройка прыйшла на работу ў гэту сацыяльную ўстанову, якую ўзначальваў тады ветэран вайны і працы Фёдар Лазаравіч Гольдшмідт.

“Штосьці ўнутры падштурхнула мяне дапамагаць менавіта такім дзеткам, – прызналася Ірына Іванаўна. – Таму што яны абяздоленыя, у чымсьці прыгнечаныя. У мяне душа радуецца, што маю магчымасць іх падтрымаць: так хочацца бачыць у іх вачах хоць крышачку

 радасці і надзеі”.

 Медсястра працуе на пасту: раздае лекі, аказвае першую медыцынскую дапамогу, сочыць за захававаннем санітарыі ў доме-інтэрнаце – каб паўсюдна было чыста, утульна і акуратна. Як адзначыла майстар, у такіх дзяцей можна многаму павучыцца: яны мэтанакіраваныя, імкнуцца наперад, жадаюць нечага дасягнуць у жыцці, разумеючы, што маюць асаблівасці. Але пры гэтым стараюцца іх не заўважаць за сабой. Вось і медработнік вучыцца не звяртаць увагі на нейкія недарэчнасці ці недахопы, а бачыць толькі станоўчае і пазітыўнае. А яшчэ – яны вельмі ўдзячныя: заўсёды кажуць дзякуй, за ўвагу і клопат адплачваюць непадкупнай шчырасцю, цеплынёй, дабрынёй. Ад іх вучышся быць удзячным жыццю за ўсё, за кожны пражыты дзень.

  У калектыве Івянецкага дома-інтэрната – своеасаблівая атмасфера, якую стварыла кіраўнік з вялікай літары Алена Сігізмундаўна Петрашкевіч. Тут працуюць уважлівыя, добразычлівыя, неабыякавыя да чужога болю людзі. Сёлета ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй работнікам давялося працаваць вахтавым метадам па два тыдні неадлучна. Кожную раніцу і вечарам дырэктар пісала SMS, дзякавала за работу, спраўлялася пра самаадчуванне, цікавілася, ці патрэбна ў чым-небудзь дапамога. Здавалася б, звычайныя словы, а колькі ў іх клопату, перажывання за чужога чалавека. Усё гэта яшчэ больш згуртавала і аб’яднала калектыў.

 Прафсаюзная арганізацыя таксама стараецца падтрымаць сваіх членаў. Узначальвае пярвічку старшая медсястра Алена Іванаўна Малютка. Вельмі вопытны і адказны спецыяліст, таленавіты арганізатар. Адпачынак адыгрывае важную ролю ў стваральнай працы: работнікам прапаноўваюцца пуцёўкі ў здраўніцы, да святочных дат календара праводзяцца цікавыя масавыя мерапрыемствы, абавязкова ўшаноўваюцца юбіляры і імяніннікі – атрымліваюць падарункі. Шмат увагі надаецца ветэранам вайны: раней запрашалі ў калектыў, віншавалі са святамі дома, а зараз, калі іх не стала, наведваюць месцы спачыну герояў Вялікай Перамогі і наводзяць там парадак.

 Узнагарода стала для І. І. Ройка прыемнай нечаканасцю. Атрымліваючы дыплом пераможцы абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства, яна моцна хвалявалася.

“Па-першае, хачу выказаць словы ўдзячнасці нашаму кіраўніцтву і асабіста дырэктару Алене Сігізмундаўне за тое, што ацанілі маю працу і вылучылі на ўзнагароджанне, – шчыра прызналася Ірына Іванаўна. – Званне лепшага майстра ў сваёй прафесіі ў Мінскай вобласці – гэта вялікая адказнасць і разам з тым магчымасць далейшага прафесійнага росту і павышэння кваліфікацыі. Буду старацца апраўдаць давер і надалей працаваць на карысць нашых дзяцей, сачыць за іх здароўем, падтрымліваць і дапамагаць”.

Алена ЗАЛЕСКАЯ