На базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі адбыўся абласны этап рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай пісьменнасці сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Мерапрыемства праводзіцца па сумеснай ініцыятыве Нацыянальнага банка і Міністэрства адукацыі. Сёлета ў першым этапе алімпіяды прынялі ўдзел больш за 4 тыс. вучняў сталічнага рэгіёну з 378 устаноў адукацыі. У другім этапе фінансавыя веды прадэманстравалі 558 школьнікаў. Нарэшце, на трэці абласны этап завіталі 70 дзяцей-пераможцаў раённых этапаў. З імі прыехалі 30 педагогаў. Рабяты змагаліся за права прадстаўляць цэнтральны рэгіён на рэспубліцы.
Удзельнікам абласнога этапу неабходна было выканаць 31 заданне. 30 з іх былі з варыянтамі адказаў і адно адкрытага тыпу. Кожнаму прэтэндэнту на перамогу неабходна было выказаць уласны пункт гледжання, а таксама абгрунтаваць вывады.
Прыемна, што другое месца ў вобласці заваяваў адзінаццацікласнік гімназіі № 1 г. Валожына Андрэй Лушноў. Рыхтавала юнака да спаборніцтваў настаўнік гісторыі Ірына Мечыславаўна Рыцікава. Школьнік прызнаецца, што такі вынік стаў для яго нечаканым. У мінулым годзе яму не пашчасціла заняць прызавое месца, а сёлета ўсё ўдалося. Пытанні былі нескладаныя, але ёсць тэмы, якія неабходна падцягнуць, напрыклад, падаткі, страхаванне. Былі цікавыя задачы пра ўклады, пра віды махлярства, па акцыях. Андрэю падабаецца паглыбляцца ў тэму фінансавай пісьменнасці. Найбольш цікавіць функцыянаванне банкаўскай сістэмы, у прыватнасці, узаемадзеянне Нацыянальнага банка з іншымі банкамі. Магчыма, хлопец і будучую спецыяльнасць звяжа з гэтай сферай.
Перамога ж дасталася адзінаццацікласніцы Дзіяне Бабіцкай са Смалявічаў. Тройку ж мацнейшых замкнуў дзесяцікласнік Яўген Богдан са Стаўбцоўскага раёна.
Прызёры абласнога этапу атрымалі дыпломы і памятныя падарункі. Менавіта яны прадставяць Мінскую вобласць на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, які пройдзе 18 снежня ў Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь.
Наш кар.