Творчая спадчына прымнажаецца

Культура

На мінулым тыдні ў выдавецтве “Чатыры чвэрці” пабачыў свет чарговы паэтычны зборнік удзельнікаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” раённага Цэнтра культуры “Ад каранеў да кроны”, прысвечаны Году малой радзімы, 75-годдзю Вялікай Перамогі, 620-годдзю горада Валожына.

 Кніга складаецца з трох раздзелаў: “Карані”, “Крона”, “Галіны і лісце кроны”. У першым раздзеле сабраны вершы пачынальнікаў гэтай творчай суполкі Пятра Біталя, Хведара Чэрні, Генадзя Равінскага, Уладзіміра Градоўкіна, Антона Гедроіця, Івана Асіпацкага, Мікалая Палякова, якіх, на жаль, няма ўжо з намі, але іх творчасць, як тыя карані, жывіць усё новыя галіны і лісточкі літаратурнага дрэва Валожыншчыны.

 Другі раздзел уключае творы вядомага беларускага паэта Віктара Шніпа, што ў маладосці кіраваў гэтым народным літаратурна-мастацкім аб’яднаннем, і цяперашніх удзельнікаў “Руні” – членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі Зінаіды Гасціловіч, Валянціны Гіруць-Русакевіч, Аляксандра Грынкіна, Яўгена Зялкоўскага, Дзмітрыя Краскоўскага, Міхаіла Курылы, Марыі Шакун.

 Трэці раздзел “Галіны і лісце кроны” сцвярджае, што творчая спадчына на Валожыншчыне не толькі шануецца, але і прымнажаецца, прадаўжаецца. Сюды ўвайшлі 146 вершаў і апавяданняў дваццаці аднаго аўтара. Большасць з іх даўно ўжо знайшлі сваіх прыхільнікаў. З творчасцю Надзеі Агіевіч, Галіны Гражынскай, Наталлі Жызнеўскай, Ірыны Жытарук, Ганны Канановіч, Аляксандра Кулака, Аляксея Германа і іншых жыхары Валожыншчыны добра знаёмыя, дзякуючы выступленням удзельнікаў “Руні” на разнастайных шматлікіх мерапрыемствах, публікацыям у раённай газеце і выдадзеным імі зборнікам.

 Кніга адрасавана шырокаму колу чытачоў. Набыць яе можна ў народным літаратурна-мастацкім аб’яднанні “Рунь” Валожынскага раённага Цэнтра культуры па адрасе: г. Валожын, пл. Свабоды, 3. Тэлефоны для даведак: 55834, 54230.

Наш кар.