Датычыцца і тых, каго не датычыцца

Безопасность и здоровье

1 снежня – сусветны дзень барацьбы са снідам

СНІД (сіндром набытага імунадэфіцыту) – тэрмінальная стадыя ВІЧ-інфекцыі, якая надыходзіць у большасці выпадкаў праз вельмі працяглы перыяд ад моманту заражэння вірусам.

ВІЧ-інфекцыя – сістэмнае захворванне арганізма, якое правакуе паступовае зніжэнне агульнага імунітэту чалавека. Яно характарызуецца павольным цягам, паражэннем імуннай і нервовай сістэм з наступным развіццём на гэтым фоне спадарожных інфекцый. Арганізм не можа супраціўляцца ўздзеянню шматлікіх патагенных мікраарганізмаў і змагацца з развіццём злаякасных новаўтварэнняў.

Асаблівасць ВІЧ складаецца ў тым, што ён узнаўляе свой генны матэрыял у чалавечых клетках. Аднойчы інфіцыраваныя клеткі застаюцца такімі да канца свайго існавання, ужо без магчымасці “выпраўлення”.

ВІЧ-вірус змяшчаецца ва ўсіх біялагічных вадкасцях чалавечага арганізма, у знешнім асяроддзі хутка гіне. Дастатковая для заражэння колькасць віруса змяшчаецца ў крыві, сперме, вагінальным сакрэце, грудным малацэ. Сліна, пот і мача не ўтрымліваюць дастатковай колькасці віруса для заражэння.

Сярод шляхоў інфіцыравання ВІЧ: неабаронены пранікальны сэксуальны кантакт, сумеснае выкарыстанне нестэрыльнага абсталявання для ін’екцый, татуіровак і пірсінгу, карыстанне чужымі прыладамі для галення, манікюру, зубнымі шчоткамі, ад ВІЧ-інфіцыраванай маці дзіцяці.

Даведацца, заражаны ты ці не, можна, толькі здаўшы кроў для тэсту на ВІЧ. Веданне дыягназу дапамагае прымаць правільныя і прадуманыя рашэнні, а таксама клапаціцца пра блізкіх. Захварэўшаму чалавеку трэба як мага раней пачаць лячэнне, якое зараз даступна ўсім без выключэння і цалкам бясплатнае. Антырэтравірусныя прэпараты (АРТ) здольны стрымаць развіццё захворвання і падоўжыць жыццё на доўгі тэрмін. Чалавек зможа добра адчуваць сябе, мець сям’ю і дзяцей.

 Важна адзначыць, што ВІЧ-станоўчыя асобы з віруснай супрэсіяй, якія атрымліваюць АРТ, не перадаюць ВІЧ-інфекцыю сваім сэксуальным партнёрам. Такім чынам, ранні доступ да АРТ і аказанне падтрымкі для правядзення гэтай тэрапіі маюць вырашальнае значэнне не толькі для паляпшэння стану здароўя людзей з ВІЧ, але таксама для папярэджання перадачы ВІЧ-інфекцыі. На сённяшні дзень выведзена формула N (паказчык наяўнасці віруса ў крыві не вызначаны) = N (вірус не перадаецца).

Зразумела, многае залежыць ад ладу жыцця. Усё, што шкодна для здароўя – алкаголь, наркотыкі, дрэннае харчаванне, спрыяе разбурэнню імуннай сістэмы і паскарае развіццё СНІДу.

 Зараз не існуе “груп рызыкі” сярод насельніцтва, але ёсць рызыкоўныя паводзіны, што ў розных абставінах могуць прывесці да заражэння. Вірус імунадэфіцыту знаходзіць сваіх ахвяр, нягледзячы, у якую сацыяльную групу яны ўваходзяць. Спецыфічных сродкаў прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі не існуе, гэта залежыць ад самога чалавека. Частая змена партнёраў, неабаронены прэзерватывам сэкс, ужыванне (нават адзін раз) наркотыкаў прадстаўляюць рызыку заражэння.

 Ускладняе справу тое, што хвароба працякае амаль бессімптомна, і ВІЧ-інфіцыраваны чалавек на працягу многіх гадоў застаецца крыніцай заражэння, нават не ведаючы пра гэта.

 Для Валожынскага раёна праблема захворвання на ВІЧ-інфекцыю таксама актуальная. Штогод у нас ставяцца на ўлік 2-3 захварэўшыя, усяго зарэгістраваны 25 чалавек, большасць якіх пражывае ў Ракаве, Івянцы, малых населеных пунктах. Узрост вагаецца ад 22 да 55 гадоў. Хворых часцей за ўсё выяўляюць выпадкова падчас медыцынскіх аглядаў, праходжання лячэння, накіравання ў месцы пазбаўлення волі і інш.

 Колькасць інфіцыраваных мужчын і жанчын у раёне прыкладна аднолькавая. Колькасць жанчын з кожным годам узрастае. Яны больш успрымальныя да ВІЧ і яго наступстваў, што, у сваю чаргу, прыводзіць да павелічэння дзяцей, народжаных ад інфіцыраваных маці. Малыя заражаюцца падчас цяжарнасці, родаў або пры грудным кармленні.

 З узростам у людзей, якія жывуць з ВІЧ, з’яўляюцца спадарожныя захворванні, што ўскладняе падбор схемы лячэння. Хочацца ім нагадаць: ва ўмовах пандэміі COVID-19 быць асабліва асцярожнымі, бо яны адносяцца да найбольш неабароненых груп насельніцтва. Па магчымасці рэкамендуецца скараціць наведванні медыцынскіх устаноў, пазбягаць лішніх кантактаў.

Наш кар.