Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Региональные новости

 Машынны парк ААТ “Мінскаблаўтатранс” філіяла аўтапарк № 14 г. Валожына 26 лістапада папоўніўся 26-тонным “МАЗам 65-16 В-9”.

Гэта ўжо другі па ліку “МАЗ”, які транспартнікі прыдбалі сёлета. Новая машына набыта ў лізінг. Яе кошт – 175 тысяч 932 рублі. Вырашаецца пытанне, хто варты сесці за яе руль.

 За 11 месяцаў у абласным дзіцячым цэнтры медыцынскай рэабілітацыі “Пухавічы” паправілі здароўе 58 хлопчыкаў і дзяўчынак з нашага раёна.

 Былі выдзелены 6 пуцёвак гастраэнтэралагічнага профілю і па 13 дзецям з захворваннямі неўралагічнага, кардыялагічнага, пульманалагічнага і артапеда-траўматалагічнага профіляў. Пуцёўкі на 21 дзень выдзяляюцца бясплатна праз дзіцячую кансультацыю райпаліклінікі. Праўда, летам здраўніца больш увагі надае проста аздараўленню, скарачаецца колькасць дзён і праводзяцца 4 заезды за тры месяцы.

 З улікам эпідэміялагічнай сітуацыі занальныя этапы традыцыйнай творчай акцыі КВЗ-2020 “Асенні марафон” сёлета вырашана было не праводзіць. Але сама гульня адбылася насуперак COVID. Усе каманды проста трапілі ў фінал, які ўпершыню прайшоў у завочнай форме. Свае відэаматэрыялы яны дасылалі ў Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі. У фінале прымалі ўдзел 21 каманда ўстаноў агульнай сярэдняй ці дадатковай адукацыі і 10 – устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

 Ад нашага раёна ўдзел у спаборніцтвах Клуба вясёлых і знаходлівых прымала каманда “Selocompanu” Ракаўскай сярэдняй школы ў складзе васьмі чалавек. Капітан каманды – вучаніца 7 класа Дар’я Шымель. Рыхтавацца да выступлення, пісаць сцэнарый, візітоўку, рабіць хатняе заданне ігракам дапамагалі настаўнікі на чале з педагогам-арганізатарам Таццянай Юр’еўнай Рыпінскай. Нягледзячы на такое вялікае прадстаўніцтва, нашы ўдзельнікі паказалі сябе з лепшага боку, прадэманстравалі рознабаковыя здольнасці, пачуццё гумару. Аднак у тройку прызёраў, на жаль, не трапілі.

Здароўе вучняў знаходзіцца пад пільнай увагай медработнікаў і настаўнікаў. На працягу ўсяго каляндарнага года працуюць не толькі дзіцячыя санаторыі, а і спецыялізаваныя санаторныя школы.

 На дадзены момант, з 14 лістапада і па 4 снежня, 5 падлеткаў знаходзяцца ў Уздзенскай санаторнай школе-інтэрнаце: два дзевяцікласнікі з Дорскага ВПК і тры шасцікласнікі з Гародзькаўскага. На другую чвэрць два вучні 9 класа Івянецкай сярэдняй школы і вучні 8 і 9 класаў СШ № 1 райцэнтра заехалі ў Старабарысаўскую санаторную школу-інтэрнат. Таксама ўсю другую вучэбную чвэрць у санаторнай школе ў Маладзечне праходзіць лячэнне ад скаліёзу вучань 7 класа Дорскага ВПК. Пуцёўкі выдзяляюцца бясплатна.

 У сувязі з 3-годдзем адкрыцця фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў райцэнтры яго работнікі распрацавалі прыемныя бонусы для наведвальнікаў. Як гаворыцца, дробязь, а прыемна, тым больш, калі неспадзявана.

Акцыя доўжылася з 25 па 29 лістапада. Пры заказе VIP саўны на 2 гадзіны, адна гадзіна прадастаўлялася бясплатна. Першаму наведвальніку басейна ці лазні ў тыя дні занятак таксама абыходзіўся бясплатна, а кожнаму наведвальніку басейна на выбар бясплатна прапаноўвалася адна з паслуг: скачкі на батуце, аэрахакей, настольны тэніс ці катанне на электрамабілі.

Да 6 снежня працягваецца конкурс малюнкаў “Я выбіраю спорт”. Узрост удзельнікаў не абмежаваны. Малюнкі прымае адміністратар. Пераможцаў чакаюць прыемныя прызы.

 Сёння, 1 снежня, адбылося доўгачаканае адкрыццё комплексу рытуальных паслуг КУП “Валожынскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання” на вуліцы Пушкіна ў райцэнтры.

 Цяпер у Валожыне будзе абсталявана рытуальная зала, дзе створаны ўмовы для развітання з нябожчыкам. Памяшканне даволі прасторнае – 45 квадратных метраў. Побач – рытуальны магазін, дзе можна набыць усё неабходнае для пахавання. Дарэчы, непасрэдна ў РКБА вырабляюць пакуль што толькі вянкі. Заключаны дагавор з адной з валожынскіх рытуальных брыгад. З цягам часу плануюць набыць уласны катафалк і стварыць сваю пахавальную брыгаду. Але гэта справа не аднаго дня.