Сонейка наша, Ганначка!

Люди и судьбы Общество

3 снежня ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца дзень інвалідаў

Мілая, добрая, пяшчотная… Якія толькі эпітэты не ўзгадаеш, назіраючы за юнай асобай, што з пачуццём уласнай годнасці і прывабнасці пазірае на нас з фотаздымка. Нездарма ж такіх людзей называюць сонечнымі. Ганна РАЙ (тут жа і прозвішча шмат пра што гаворыць!) і сапраўды – нібы сонейка. Толькі адна ўсмешка, і вось ужо здаецца, быццам навокал стала святлей, а на душы – цёпла і радасна.

Дзяўчыне 19 гадоў. Увесь гэты час яна глядзіць на навакольны свет вачамі, напоўненымі бязмежнай любоўю да кожнай жывой істоты, што сустракаецца на жыццёвым шляху. І ўсё ж асаблівае месца ў выключна добрым сэрцы адведзена родным – матулі Алене Аляксееўне, брату Андрэю, яго жонцы Ірыне, сястры Надзеі, яе мужу Уладзіміру і пляменніцам Алёне, Наташы, Юлі і Ірыне. А тыя плацяць сваёй Ганначцы не меншай адданасцю.

Пазітыў – яе сутнасць. Таму кожны, хто знаёмы з выхаванкай дзённага аддзялення знаходжання для людзей з інваліднасцю ТЦСАН, разумее яе пастаяннае імкненне да карыснай дзейнасці, прыгажосці, парадку і ўсяго яркага. Яна любіць музыку, танцы, спорт (асабліва плаванне), касцюмныя кінафільмы і напоўненыя небывалымі фарбамі анімацыйныя фільмы. Самастойна клапоціцца пра свой хатні заапарк у складзе сабакі, двух катоў, цэлага акварыума рыбак і двух чарапах, цудоўна адчувае сябе ў калектыве, а з лепшай сяброўкай Насцяй (гэткай жа шчабятухай і актывісткай) можа бясконца прыхарошвацца перад люстэркам і адначасова абмяркоўваць пытанні моды.

Яна востра, вельмі востра адчувае чужы боль. Таму, каб дазваляла здароўе, абавязкова б стала выратавальнікам. Але відавочна: і без гэтай высакароднай прафесіі дзяўчына здольная на ўчынкі, якія прыносяць радасць, усмешку ці палёгку тым, хто побач. Адно толькі слова, што ўжываецца ёй найбольш часта, – “дзякуй” – гаворыць пра многае…

Валянціна КРАЎНЕВІЧ 

Фота з праекта “Асаблівая прыгажосць”