Інваліднасць-не прысуд.Гэта шанц пачаць жыццё нанова…

Люди и судьбы

 

 

Так лічыць чалавек, які больш за 11 гадоў мае пасведчанне інваліда (спачатку I, затым II групы) і, незважаючы на гэта, вызначаецца актыўнай жыццёвай пазіцыяй, фантаніруе ідэямі, знаходзіцца ў эпіцэнтры дабрачыннай дзейнасці. Яго энергічнасці, чалавекалюбству і пачуццю гумару можа пазайздросціць нават той, хто праблем са здароўем ніколі не меў. Напярэдадні Дня інвалідаў мы сустрэліся са старшынёй раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў, жыхаром г. п. Івянец Віктарам СУБАЧАМ.

    – Віктар Альгертавіч, на першы погляд Вы выклікаеце ўражанне моцнага і здаровага чалавека…

    – Так і сам сябе адчуваю. Аднак факт застаецца фактам: жыву з перасаджанай ныркай. Да гэтага каля пяці гадоў правёў у чаканні аперацыі, карыстаючыся працэдурай гемадыялізу. Паверце, прыемнага мала. Працяглы перыяд у тое, што выжыву, не верылі ні медыкі, ні сам. Але знайшліся людзі, што заставілі мабілізаваць усе сілы спачатку на барацьбу з захворваннем, а пасля на наладжванне новага жыцця. З той пары цвёрда ўпэўнены: жыць годна і цікава можна з любым дыягназам.

    – Ваша захворванне выявілася ў юначыя гады?

    – Што Вы! Я быў здаровым хлопцам, сынам цаліннікаў. Адслужыў у арміі, выбраў прафесію вадзіцеля. Бяда напаткала ў дарозе. Падчас аднаго з рэйсаў (працаваў вадзіцелем-міжнароднікам) здарыўся першы прыступ. Літаральна на сіле волі прыехаў да дому з тэмпературай 40. Высветлілася: у мяне адна нырка і тая дала збой. Пасля падобныя эпізоды паўтараліся ўсё часцей. Змучаны болем, знясілены, у нейкі момант адчуў, што рэсурсаў для барацьбы ўжо не маю. І вось тады, на краі адчаю, нібы азарэнне, узнікла думка: іншым людзям яшчэ горш (я ж за той час столькі пакутаў вакол сябе пабачыў!), што стала сорамна. Гэты момант (я яго добра помню) мяне быццам перазагрузіў. Змена ўнутранай устаноўкі дала сілы дачакацца аперацыі ў цэнтры транспланталогіі, перажыць рэабілітацыю, прыняць дапамогу старых і новых сяброў, змірыцца з тым, што многія людзі з майго акружэння раптам пачалі лічыцца сябрамі былымі.

    – Якім чынам прыйшлі да сувязі з дабрачыннай арганізацыяй?

    – Стварыць і ўзначаліць раённую ячэйку Беларускага таварыства інвалідаў мяне ўгаварылі ў час лячэння.  Акрамя таго, супрацоўнічаю яшчэ з некалькімі арганізацыямі і фондамі. Апошнім часам найбольш актыўную сумесную работу вядзём з міжнароднай арганізацыяй “АДРА”. Дзякуючы яе падтрымцы, а таксама ўзаемадзеянню з ТЦСАН і іншымі структурамі сацыяльнага кірунку ў нас створана трывалая сістэма дапамогі людзям з інваліднасцю. Сродкі рэабілітацыі, веласіпеды, дзіцячыя каляскі, функцыянальныя ложкі, адзенне і абутак, прадукты харчавання і г. д. перадаём жыхарам раёна, што маюць самыя розныя захворванні. Мы часта (і не з пустымі рукамі) бываем у Івянецкім доме-інтэрнаце, Ракаўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце, іншых установах. На нашу падтрымку заўсёды могуць разлічваць і шматдзетныя сем’і. З прыходам непрыемнага госця – каранавіруса – вялікую ўвагу надаём рабоце па забеспячэнні пітной вадой і сродкамі гігіены медустаноў.

    – Вашы валанцёры – гэта хто?

    – Члены арганізацыі – людзі з інваліднасцю ці прадстаўнікі іх сем’яў. Не здзіўляйцеся. Ніхто так востра не адчувае чужы боль, як тыя, хто сам перажыў дастаткова. Рады, што ёсць паразуменне і дапамога з боку кіраўнікоў арганізацый, многіх спагадлівых грамадзян.

    – Я ведаю, Вы – чалавек прынцыповы, сапраўдны праўдалюб. Магчыма не ўсім побач з Вамі ўтульна. Як складваюцца адносіны ў лідара дабрачыннай арганізацыі з тымі, хто ў прафесійнай дзейнасці павінен клапаціцца пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі, ствараць умовы для таго, каб яны адчувалі сябе ў грамадстве камфортна?

    – Мне вельмі імпануе стаўленне да нашых спраў намесніка старшыні райвыканкама Ігара Уладзіміравіча Шакуна. Менавіта пры яго падтрымцы з месца зрушыліся некаторыя пытанні, што раней здаваліся невырашальнымі. Напрыклад, зараз у памяшканні Івянецкага пасвыканкама нам выдзелены кабінет. Маем і памяшканне для складавання рэчаў. Старшыня Івянецкага пасвыканкама Тарэса Ліпніцкая і іншыя яе калегі – старшыні сельвыканкамаў – таксама заўсёды гатовы выслухаць і дапамагчы.

    – На каго ў першую чаргу абапіраецеся ў грамадскай рабоце?

    – Калі браўся за стварэнне валожынскай арганізацыі, разлічваў толькі на падтрымку такіх, як сам. У той час нас набралася 30 чалавек. Зараз кола аднадумцаў пашырылася да 190. Сярод членаў арганізацыі ёсць проста ўнікальныя па чалавечых якасцях людзі. Гэта мой намеснік Наталля Радзівілка, бухгалтар Вольга Марковіч, валанцёр Марына Нахай, член арганізацыі Мікалай Макоўскі. З удзячнасцю хачу ўзгадаць калектыў заказніка “Налібоцкі” і асабіста эколага, нашага пастаяннага экскурсавода Ларысу Кулак і многіх іншых. Аднак скажу сумленна: без падтрымкі калектыву раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, на чале якога стаіць цудоўны чалавек, абаяльная жанчына і прафесійны кіраўнік Галіна Рай, нам было б вельмі цяжка. Сумесная дзейнасць добра скаардынаваная, і менавіта таму ад яе ёсць плён.

    – Справе дабрачыннасці прысвяцілі сябе і Вашы сыны. Гэта некалькі дзіўна (маладыя мужчыны не вельмі ахвотна трацяць час на падобныя заняткі) і разам з тым кранальна.

    – Мае хлопцы – нармальна выхаваныя мужчыны. Яны добра разумеюць, у чым прадстаўнік моцнай палавіны чалавецтва павінен быць брутальным, а дзе патрэбна праявіць душэўнасць. Сыны былі побач у час маіх пакутаў і вандровак па медустановах. Таму, якую каштоўнасць для чалавека ўяўляюць спагада і дапамога, калі з ім здараецца бяда, усведамляюць добра.

    – Так разумею, што пастаянны рух, у прамым і пераносным сэнсах, – Ваш прывычны лад жыцця.

    – У мяне прынцып: я патрэбен, таму я павінен. Вось і атрымліваецца: то тут, то там. Шмат часу праводжу за рулём –  забіраю нейкія грузы, развожу па адрасах, дзе іх чакаюць. Часта разам з валанцёрамі імчым кудысьці (напрыклад, у гандлёвыя цэнтры), каб ладзіць збор ахвяраванняў. Бывае, даводзіцца прымаць удзел у мерапрыемствах, форумах. Сярод апошніх –  міжнародны фестываль у Смаленску, дзе прадстаўляў Беларусь.

    – Чаму не пахваліцеся дыпломам, які адтуль прывезлі?

    – Хваліцца ўзнагродамі будзем, калі наша дзейнасць стане настолькі магутнай, што выканаем усе пажаданні тых, дзеля каго яна і задумана. А пакуль проста працуем.

Гутарыла Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара