Як не стаць ахвярай крадзяжоў з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі

Закон и порядок

На тэрыторыі рэспублікі адзначаецца значны рост колькасці зваротаў грамадзян па фактах узлому старонак сацыяльнай сеткі “ВКонтакте”, завалодання ашуканскім шляхам рэквізітамі банкаўскіх плацежных карт (нумар карткі, дата дзеяння, прозвішча і імя ўладальніка, код на адваротным баку карткі) або рэквізітамі доступу да паслугі “Інтэрнэт-банкінг”, наступнага крадзяжу грашовых сродкаў.

Існуюць спецыяльныя ўстройствы, з дапамогай якіх злачынцы атрымліваюць інфармацыю аб даных чужых банкаўскіх картак. Яны называюцца “скімеры”. Іх, як правіла, усталёўваюць у раён шчыліны картапрыёмніка банкамата і маскіруюць. Пры ўстаўленні карыстальнікам банкаўскай карткі ў банкамат, яе даныя счытваюцца. Для таго, каб у дадатак да даных з магнітнай паласы банкаўскай карткі атрымаць таксама і даныя ПІН-кода, злачынец яшчэ выкарыстоўвае ўбудаваную відэакамеру. Таму, падышоўшы да банкамата, неабходна пераканацца, што на ім няма ніякіх “лішніх” устройстваў.

Акрамя гэтага, у цяперашні час вельмі шырокае распаўсюджванне атрымалі такія спосабы, як званок ад «прадстаўніка» банка з просьбай тэрмінова прадаставіць інфармацыю. Злачынцы паведамляюць, што неабходна ажыццявіць якія-небудзь дзеянні з банкаўскай аплатнай картай, бо хтосьці альбо спрабуе выкрасці з яе грашовыя сродкі, альбо афармляе крэдыт ці праводзіць падазроную аплату.  Варта звяртаць увагу на тое, што супрацоўнікі банкаўскіх устаноў у тэлефонных размовах ніколі не ўдакладняюць у сваіх кліентаў канфідэнцыяльную інфармацыю, а нумар банкаўскай аплатнай карты ім заўсёды вядомы.

Калі вам паступіў такі званок, то:

 ні пры якіх абставінах, нікому і ніколі не паведамляйце інфармацыю пра сябе або сваю банкаўскую аплатную карту. Сапраўдны супрацоўнік банка дакладна будзе ведаць як мінімум нумар вашай банкаўскай аплатнай карты і ніколі не спытае канфідэнцыяльную інфармацыю ў тэлефонным рэжыме;

 спытайцеся, з кім менавіта вы маеце зносіны, пасля чаго пакладзіце трубку і петэлефануйце на нумар, які адлюстроўваўся ў вас на экране (у гэтым выпадку вы звяжыцеся менавіта з тым абанентам, якому належыць дадзены нумар, а не са зламыснікамі, якія яго выкарыстоўвалі з мэтай схаваць свой сапраўдны нумар), удакладніце сутнасць узніклай праблемы;

 калі ж на вас аказваецца псіхалагічны ціск пагрозамі, што праз некалькі секунд вы панесяце фінансавыя страты, хтосьці аформіць на вас крэдыт, або калі вы не паведаміце неабходную інфармацыю, то карту наогул заблакіруюць, не хвалюйцеся, гэта звычайная хітрасць злачынцаў;

 самі патэлефануйце ў свой банк або ў кругласутачную службу сэрвісу, нумар якой напісаны на адваротным баку аплатнай карты, і паведаміце аб тым, што здарылася. Хутчэй за ўсё спецыяліст скажа, што ніякіх несанкцыянаваных аперацый зафіксавана не было, а супрацоўнік банка вам не тэлефанаваў;

 званок па аб’яве з прапановай набыць тавар, што вы прадаяце. Пры гэтым злачынец прапануе перавесці перадаплату на вашу карту, рэквізіты якой просіць яму даць. Важна памятаць, што для здзяйснення пераводу патрэбныя даныя толькі пярэдняга боку, а калі паступаюць просьбы даць яшчэ і код, нанесены з адваротнага боку, або змест SMS-паведамленняў, якія як раз пачынаюць паступаць з банка, – то гэта напэўна зламыснік, які спрабуе выкрасці грошы.

Каб не стаць ахвярай падобных злачынстваў:

 Абавязкова падпішыце картку і захоўвайце ў тайне ПІН-код да яе. Памятайце, што незалежна ад абставін ніхто не мае права патрабаваць ад вас ПІН-код: ні прадстаўнікі праваахоўных органаў, ні касіры гандлёвых кропак, ні прадстаўнікі банка.

 Захоўвайце картку ў бяспечным месцы, выключаючы доступ да яе трэціх асоб.

 Памятайце, што банкі не рассылаюць лістоў, SMS-паведамленняў, электронных паведамленняў з просьбай пацвердзіць рэквізіты карткі, ПІН-код ці іншую асабістую інфармацыю. Калі вы атрымалі па тэлефоне альбо e-mail паведамленне аб неабходнасці прадастаўлення рэквізітаў карткі, уводу іх на якім-небудзь сайце альбо здзяйснення якой-небудзь аперацыі ў банкамаце – ні ў якім разе не давярайце такой інфармацыі. Калі ў паведамленні гаворыцца аб тым, што ваша картка была заблакіравана, удакладніце такі факт у кругласутачнай Службе сэрвісу кліентаў.

 Устанавіце ліміты расходавання сродкаў і падключыце паслугі абвесткі аб транзакцыях.

 Калі знімаеце грашовыя сродкі ў банкамаце звяртайце ўвагу на людзей, якія стаяць за вамі ў чарзе. У выпадку неабходнасці папрасіце іх адысці на адлегласць, пры якой яны не могуць убачыць ПІН-код. Набірайце ПІН-код хутка, завучанымі рухамі і пажадана некалькімі пальцамі. Пры ўводзе ПІН-кода на клавіятуры прыкрывайце клавіятуру рукой, кашальком або сумачкай.

Пры правядзенні аперацыі ў арганізацыях гандлю і сэрвісу не выпускайце картку з віду. Пры неабходнасці ідзіце да месца ўстаноўкі тэрмінала для правядзення аплаты.

 Звяртайце асаблівую ўвагу на дзеянні касіра. Калі ён спрабуе правесці картку праз тэрмінал больш аднаго разу, удакладніце прычыну паўторнага выкарыстання карткі (гэта можа быць як тэхнічны збой, так і спроба несанкцыянаванага доступу да вашых даных).

Для здзяйснення аперацый за межамі Рэспублікі Беларусь альбо з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт рэкамендуецца:

 Адкрыць асобны рахунак і папаўняць яго па меры неабходнасці (напрыклад, з дапамогай паслугі пераводу сродкаў паміж карткамі ў сістэме “Інтэрнэт-банкінг”).

Па вяртанні з паездкі пажадана перавесці грашовыя сродкі на іншы рахунак. Не рэкамендуецца выкарыстоўваць за мяжой ашчадныя карткі.

 Пры выбары карткі перавагу варта аддаць картцы з чыпам (стандарт EMV), бо яна мае больш высокі ўзровень бяспекі і лепш абаронена ад падробкі.

 П. КУРС,

першы намеснік начальніка Валожынскага РАУС, начальнік крымінальнай міліцыі