УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ І РАКАЎШЧЫНА

Культура

У вялікім чалавекалюбным сэрцы Уладзіміра Караткевіча, якое было “распята за ўсе мільярды двухногіх” (“…Быў. Ёсць. Буду”), мясціўся цэлы свет. Зразумела, асабліва запаветныя куточкі ў ім займалі родныя пісьменніку Аршаншчына, Рагачоўшчына, а таксама Кіеў, дзе ён вучыўся ва ўніверсітэце, Астравеччына, радзіма яго сябра Адама Мальдзіса, і некаторыя іншыя, дарэчы, увогуле нешматлікія, мясціны. Магу з усёй адказнасцю і прыемнасцю сказаць: сярод апошніх – і мая родная Ракаўшчына.

Я згадаў першы прыезд Караткевіча ў Ракаў. З намі тады быў і Адам Мальдзіс. Нас гасцінна сустрэлі мае бацькі, якія добра ведалі Мальдзіса (па яго працы ў раённай газеце), начуліся ад мяне пра Караткевіча. Маці па маёй парадзе прыгатавала некалькі беларускіх страў – бабку-дранку, верашчаку з блінамі, вантрабянку (якраз закалолі парсюка), бацька – пару пляшак “пушчанкі”. Запрасілі суседа і бацькавага стрыечнага брата настаўніка гісторыі Ракаўскай школы Васіля Пятровіча Налецкага. І палілася бяседа.

Васіль Пятровіч, апантаны краязнавец, аўтар цікавых краязнаўчых нарысаў у мясцовым і рэспубліканскім друку, захоплена расказваў пра багатую гісторыю Ракава, яго цікавых людзей, знакамітыя падзеі. Упаміналіся, помню, і паход на Маскву напалеонаўскіх войск, частка якіх рухалася самым кароткім шляхам з захаду на ўсход – праз Ракаў, і падзеі паўстання Кастуся Каліноўскага на нашых землях, і прыезд у мястэчка ў 1908 г. Элізы Ажэшкі на запрашэнне братоў Здзяхоўскіх, і кантакты аднаго з братоў, Мар’яна, з Львом Талстым, і знішчэнне фашыстамі ў 1942 г. у Ракаўскім гета амаль тысячы яўрэяў, і інш. Уладзіміра Караткевіча, у прыватнасці, зацікавіў час, калі памежны Ракаў быў пад уладай “панскай Польшчы”: быт і ўзровень жыцця насельніцтва, адносіны палякаў да беларусаў, узаемаадносіны каталіцкай і праваслаўнай канфесій і г. д. Тут ужо рэй павёў мой бацька Пётр Іосіфавіч, колішні жыхар недалёкіх Пярэжараў, які скончыў Ракаўскую польскую сямігодку, прайшоў службу ў польскай арміі, ваяваў з фашыстамі ў складзе Чырвонай Арміі… Яго навелы пра ракаўскіх памежных кантрабандыстаў, айца Сеўбу, які за абарону праваслаўя сядзеў у Картуз-Бярозе, прымусовую паланізацыю праваслаўных беларусаў, прыход на Ракаўшчыну Чырвонай Арміі ў 1939 г., пачатак ВАВ, баі за Кенігсберг, сустрэчу з амерыканцамі на Эльбе і інш. Караткевіч слухаў з не меншай цікавасцю, чым пра падзеі даўно мінулых дзён. Час ад часу ён даставаў нататнік, нешта запісваў. У тым ліку, відаць, і новыя для яго дыялектызмы. Так, у прыватнасці, зацікавіла яго слова “патайнік” – схаваны ў зямлі валун, на які звычайна натыкаецца плуг пры аранні…

Нарэшце настаў час экскурсіі па Ракаве, якую мусіў весці я. Тады яшчэ ўзвышаўся каля касцёла вялікі будынак царскай пошты на высокім падмурку, з глыбокімі сутарэннямі, куды на адрас “Минская губ., почта Раков, помещику Марьяну Здзеховскому” прыходзілі лісты з Яснай Паляны ад Льва Талстога. “Вось бы зрабіць тут музей беларускай пошты!” – усклікнуў Караткевіч. На жаль, гэтага не здарылася, сам жа будынак неўзабаве згарэў. Як, дарэчы, і барак для рабочых у Паморшчыне (вёсачка, якая пазней злілася з Ракавам), дзе перад нараджэннем Янкі Купалы амаль тры гады жылі яго бацькі… Пабачылі мы і рэшткі сядзібы Здзяхоўскіх, і старажытнае гарадзішча Валы на беразе Іслачы, і насыпны курган у яе пойме, дзе пры раскопках яшчэ на пачатку ХХ ст. знаходзілі крамянёвыя нажы, наканечнікі для стрэл, і інш. “А кажуць, што наша гісторыя пачалася з 1917 года. А дулю не хочаце, панове-дабрадзеі!” – часам вельмі эмацыянальна суправаджаў убачанае і пачутае Уладзімір Сямёнавіч. Экскурсію весці дапамагаў мне Мальдзіс, які з часу працы ў радашковіцкай раёнцы ведаў не толькі гісторыю, але і тапаграфію Ракава не горш за мяне. “Адась, змоўч, не перашкаджай “братку-ракаўцу”, гэта ж не твой Астравец…” — час ад часу па-сяброўску перапыняў Караткевіч Мальдзіса, калі той нечакана ўрываўся ў мой аповед.

З Ракава госці выязджалі вясёла-радасныя, поўныя ўражанняў і ўдзячнасці мне і маім бацькам за цёплы прыём. І калі Караткевіч у згаданым дарчым надпісе на “Вячэрніх ветразях” дзякаваў “за ўсё”, то ў гэтым “усё” была, несумненна, і паездка ў Ракаў.

З таго часу і ажно да сканчэння нядоўгага жыццёвага шляху Караткевіча ў 1984 годзе – амаль два дзесяцігоддзі – доўжылася наша з Уладзімірам Сямёнавічам сяброўства. Спачатку асабістае, потым – сяброўства сем’ямі, якое распачалося менавіта ў Ракаве на “вяселлі веку”. Так назвалі наша з Таццянай Кабржыцкай вяселле, зладжанае на пачатку лістапада 1967 г. у ракаўскай хаце маіх бацькоў паводле народных традыцый (са сватамі, дзяльбой караваю, выкраданнем маладой, народнымі музыкамі і інш.), ні то Караткевіч, ні то Мальдзіс. Чаму “вяселле веку”? Многае на ім было незвычайным. Маладая была ажно з Украіны, са Львова. Бацька яе – вядучы тэнар Львоўскай оперы заслужаны артыст Украіны Вячаслаў Апанасавіч Кабржыцкі. Маці Клаўдзія Васільеўна – урач-оталарынголаг, карэнная руская, з Томскай губерні, з таго роду, які даў рускаму і сусветнаму кінамастацтву двух вядомых дзеячаў: Сяргея Бадрова-старэйшага (яна – родная цётка ягонай маці) і дачасна загінуўшага Сяргея Бадрова-малодшага.

Вячаслаў РАГОЙША,

прафесар БДУ.

 



Добавить комментарий