Першая ў сваёй справе

Общество

 

5 СНЕЖНЯ СПЕЦЫЯЛІСТЫ БЕЛАРУСКАГА РЭСПУБЛІКАНСКАГА ЎНІТАРНАГА ПРАДПРЫЕМСТВА “БЕЛДЗЯРЖСТРАХ” АДЗНАЧАЮЦЬ ПРАФЕСІЙНАЕ СВЯТА

Ала Іванаўна СУБАЧ – страхавы агент Івянецкага ўчастка – прызнана лепшай у прадстаўніцтве Белдзяржстраха па Валожынскім раёне па выніках года. Па адукацыі яна бухгалтар. Да таго, як лёс звёў са страхавой арганізацыяй, працавала ў калгасе “Рассвет” (зараз КСУП “Сівіца”). Спачатку займала пасаду эканаміста па працы, затым – галоўнага эканаміста. Пасля нараджэння дзяцей перайшла ў бухгалтары.

17 гадоў таму прыняла рашэнне карэнным чынам памяняць прафесійную дзейнасць. Улічваючы вопыт, набыты ў гаспадарцы, ні на адну хвіліну не сумнявалася ў сваіх здольнасцях адносна працы з дакументамі, расцэнкамі, каэфіцыентамі і іншымі паняццямі, звязанымі з лічбамі. А вось пастаянны кантакт з кліентамі, якіх патрэбна адшукваць самастойна, палохаў.

Ёй, прывыклай да дакладна акрэсленых абавязкаў ва ўмовах кабінета, было цяжка прыстасавацца да распарадку, калі неабходна пастаянна кудысьці рухацца, заходзіць у дамы і кватэры, цесна кантактаваць з людзьмі.  Аднак, як пісаў  А. С. Пушкін: «Привычка свыше нам дана, замена счастию она», Ала Іванаўна прывыкла. Праўда, на стапрацэнтнае прымірэнне з новай работай пайшло не менш за пяць гадоў. Затое сёння адчувае сябе моцным прафесіяналам у сферы, якой аддадзена  зноў жа 17 гадоў.

За гэты перыяд ёй давялося стаць выключным псіхолагам, які здольны выслухаць, па-сапраўднаму пачуць чалавека і даць таму слушную параду. У пэўнай ступені работа страхавога агента пераклікаецца і з абавязкамі сацыяльных работнікаў – хочаш не хочаш, але ўнікаеш у падрабязнасці прыватнага жыцця кліентаў, асабліва адзінокіх пажылых людзей.

 На яе ўчастку каля 700 двароў у гарадскім пасёлку і навакольных вёсках, таму ў пункце продажу страхавых паслуг, што размешчаны ў будынку Івянецкага пасвыканкама, праводзіць толькі каля 40 працэнтаў рабочага часу. Прызнаецца: каб не кіравала аўтамабілем, працаваць на дадзенай пасадзе не змагла б. Актыўнай, энергічнай жанчыне добрым памочнікам стаў і веласіпед, якім актыўна карыстаецца ў летні перыяд.

 Каб даць адказ на пытанне:  “Што ў яе рабоце самае галоўнае?”, А. І. Субач  нават не бярэ хвіліну на роздум. Яе адказ імгненны і ўпэўнены – “Прыстойнасць!” – адразу тлумачыць пра прыгожую, вельмі жаноцкую асобу і цудоўнага спецыяліста многае. Сапраўды, у страхавых агентаў маецца прафесійны кодэкс годнасці. Напрыклад, спецыяліст, які даражыць рэпутацыяй і паважае ў сябе асобу, ніколі не спакусіцца падманам кліента ці магчымасцю прывабіць людзей з чужога ўчастка.

 Работа страхоўшчыка няпростая, займае шмат часу. Напружвае і безліч інфармацыі (негатыўнай у тым ліку), атрыманай ад людзей. Таму шчаслівы той прадстаўнік сферы, якому гарантавана падтрымка з боку сям’і. Ала Іванаўна лічыць, што ёй у гэтым сэнсе пашанцавала. Муж, сын і дачка добра разумеюць жонку і матулю, гатовы ў любую хвіліну аказаць роднаму чалавеку падтрымку і дапамогу. Цікава, але прафесійная дзейнасць іх у пэўнай ступені перасякаецца: Міхаіл Вітальевіч і Артур – вадзіцелі-міжнароднікі, Дзіяна – спецыяліст у сферы турызму. А Ала Іванаўна больш за ўсё на свеце любіць падарожнічаць, а ў гэтай справе без страхавання ніяк.

 Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара