Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Региональные новости

РУП “Валожынскі жылкамунгас” у лістападзе закупіў у адной са сталічных фірм 240 саджанцаў туі, 110 кустоў ядлоўца і 20 лістоўніц на суму больш за 20 тысяч рублёў.

Участак добраўпарадкавання жылкамунгаса размеркаваў згодна з заяўкамі ўвесь пасадачны матэрыял паміж сельвыканкамамі (акрамя Ракаўскага), Івянецкім пасвыканкамам. Маладыя дрэўцы і кусты высаджаны каля адміністрацыйных будынкаў, помнікаў і мемарыялаў, дамоў і цэнтраў культуры. У Валожыне некалькі туй пасаджаны пры ўездзе ў горад, каля самаходкі, туі і лістоўніцы з’явіліся таксама ля гасцініцы “Карона”.

Упершыню за бягучы год некалькі ўрачоў райбальніцы павысілі свой прафесіянальны статус і атрымалі другую кваліфікацыйную катэгорыю. Адбылося гэта ў апошнія дні лістапада.

Тэсты і экзамен паспяхова здалі ўрач-стаматолаг Ганна Віктараўна Маскацельнікава, урачы анестэзіёлагі-рэаніматолагі Іна Віктараўна Каралькова, Вольга Уладзіміраўна Марач і Раман Сяргеевіч Клімянок.

Дабрачынны фонд “Свет без межаў” штогод праводзіць фестываль “Мары збываюцца” ў розных намінацыях. Упершыню ён праходзіць дыстанцыйна. Удзельнікі дасылалі відэаролікі. Прадстаўнікі Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната ўдзельнічаюць у фестывалі ў намінацыі “Харэаграфія”. З 23 лістапада стартаваў этап глядацкага галасавання, якое будзе доўжыцца роўна месяц.

 Івянчане, якія даўно ўдзельнічаюць у розных конкурсах у танцах на інвалідных калясках, на гэты раз падрыхтавалі кампазіцыю “Мы помнім”. Над пастаноўкай нумара працавалі выкладчыкі Джульета Генадзьеўна Падгоранка і Дзмітрый Геранімавіч Краскоўскі. А непасрэдна ў танцы задзейнічаны выхаванкі Алена Лысенка, Хрысціна Новікава і на калясках – Надзея Міцэвіч і Кацярына Захаваева. Харэаграфічная кампазіцыя, прысвечаная 75-годдзю Вялікай Перамогі, кранае да глыбіні душы. Нашы артысты пакуль што ў лідарах, але ад галоўных сапернікаў з Чэрвеня іх аддзяляе няшмат галасоў. Прапаную ва ўсіх сацыяльных сетках дружна аддаць галасы за нашых землякоў. Дарэчы, галасаваць можна кожны дзень.

Цырульнікі Валожынскага Дома быту згодна з графікамі выязджаюць па раёне. Звычайна працуюць яны на комплексных прыёмных пунктах, але могуць пастрыгчы нямоглага чалавека і на даму. Асабліва запатрабаваны такі від паслуг падчас пандэміі.

Раз у месяц майстры працуюць у кожным з 8 КПП. Звычайна на прыём да цырульніка прыходзяць 8-10 кліентаў. У многім гэта залежыць ад арганізацыйных здольнасцей загадчыкаў прыёмных пунктаў, іх своечасовага абвяшчэння насельніцтва.

 У выдавецтве “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” ўбачыў свет чарговы зборнік кіраўніка народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валянціны Гіруць-Русакевіч “Куток мой родны, вёсачка мая”.

Сама назва новай кнігі гаворыць сама за сябе. Пад адной вокладкай паэтка сабрала 22 вершы розных гадоў, прысвечаныя сваім вытокам, месцу, дзе нарадзілася і расла, – вёсачцы Міхайлоўшчына на Ашмяншчыне. Даўно ў бацькоўскім доме жывуць чужыя людзі, даўно няма ўжо і сярэдняй школы, якую яна скончыла, амаль няма былых аднавяскоўцаў, а сэрца між тым ірвецца туды. Зборнік аздоблены фотаздымкамі мясцовых краявідаў і з паездак да землякоў, многія з іх зроблены малодшай унучкай Валянціны Францаўны Настассяй.

 Старшыня раённага таварыства інвалідаў В. А. Субач час ад часу радуе членаў арганізацыі, шматдзетныя сем’і, пенсіянераў не толькі гуманітарнай дапамогай, але і жывымі кветкамі.

 Ужо некалькі разоў ён дастаўляў у Івянец прыгожыя пакаёвыя кветкі. Кожны мог выбраць сабе вазон па сваім жаданні. Старшыня абяцае, што такія акцыі будуць мець працяг.

 У лістападзе член народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Наталля Жызнеўская прынята ў Саюз пісьменнікаў Паўночнай Амерыкі. Разам з гэтым яна аўтаматычна стала членам Саюза расійскіх паэтаў і членам Міжнароднага саюза аўтараў-выканаўцаў. Наталля атрымала членскі білет за нумарам 717. Гэта вельмі шчаслівы нумар, у якім прысутнічаюць ажно дзве сямёркі.

  Завяршыў восеньскі зарапад паэткі Дыплом за ўдзел у міжнародным літаратурным конкурсе “Лепшы паэт восені-2020”. Ён выдадзены Міжнароднай асацыяцый літаратараў “Садружнасць” і Міжнародным літаратурным альманахам “Славянская ліра”. Будзем чакаць ад аўтара новых твораў, цяпер ужо на зімовыя тэмы!