Выслухаюць кожнага, а ініцыятывы адправяць на абмеркаванне

VI Усебеларускі народны сход

У Валожыне працуе грамадская прыёмная па зборы актуальных пытанняў развіцця краіны і рэгіёнаў. Яна знаходзіцца ў раённым аб’яднанні прафсаюзаў: тут прымаюць і выслухоўваюць наведвальнікаў двойчы на тыдзень – па серадах і суботах. У кожнага жыхара раёна ёсць магчымасць выказацца ці ўнесці прапанову.

У гэту сераду прапановы і меркаванні валожынцаў прымала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Віктараўна Загорская. “У грамадскую прыёмную людзі звяртаюцца са многімі пытаннямі – і асабістымі, і тымі, што датычацца жыцця грамадства, – адзначыла прафсаюзны лідар. – Тэматыка вельмі розная. Такая форма работы добрая тым, што ёсць магчымасць выслухаць розныя  пункты погляду, меркаванні і выявіць праблемы, для вырашэння якіх неабходна ў тым ліку ўнясенне карэкціровак у заканадаўства”.

Некалькі чалавек звярталіся па тэлефоне і гаварылі пра неабходнасць паляпшэння якасці дарог у сельскай мясцовасці, адсутнасць вулічнага асвятлення і г. д. Гэтыя пытанні будуць вырашаць адказныя службы раёна, а вось ініцыятывы, што паступілі, будуць вывучаны і прадастаўлены да абмеркавання на Усебеларускім народным сходзе. “Нашы дзверы адчынены, і мы гатовыя і надалей прымаць прапановы па паляпшэнні жыцця раёна, вобласці і ўсёй краіны”, – адзначыла В. В. Загорская.