Ветэрана ўшанавалі дома

Общество

Напярэдадні Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь намеснік начальніка Валожынскага РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Акушка завітаў да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Васільевіча ФУРСА, падзякаваў за гераічную працу і за права сённяшняга пакалення жыць пад мірным небам, пажадаў моцнага здароўя і даўгалецця, уручыў падарунак.

Іван Васільевіч у сваю чаргу падзяліўся ўспамінамі пра ўклад у перамогу над фашызмам: «Мая вайна пачалася з уступлення ў партызанскі атрад, тады блакада была, у 1943 годзе. Мне якраз споўнілася 18 гадоў. Служыць у Чырвонай Арміі я стаў пазней, калі ўжо Мінск вызвалілі, дайшлі да Польшчы.

Неяк мяне паставілі ў пару з кулямётчыкам, дыскі мяняў, а калі яго падстрэлілі, я сам узяўся за прыладу. Там два кулямёты нямецкія не давалі падняцца. Камандзір даў мне бінокль, каб скаардынаваць стральбу, і я разбіў іх са сваёй зброі. Памятаю тады крык «Наперад!» – і ўсе рынуліся. Толькі паспеў падняцца, як мяне снайпер «зняў». Праляжаў да цемры і ўжо амаль развітаўся з жыццём. Параненых з поля бою падбіралі, а я не мог ні паварушыцца, ні адгукнуцца, таму што куля трапіла ў грудзі і не пакінула шанцаў неяк абазначыць сябе. Але, мабыць, было наканавана жыць. Выратаваў сабака: ён мяне знайшоў і паклікаў на дапамогу.
А кулю ў грудзях я нашу да гэтага часу, яе так і не змаглі дастаць. Напэўна, таму праз столькі гадоў рана ўсё яшчэ баліць і ные. Вайна ні для каго не праходзіць бясследна».

З-за шматлікіх раненняў у 1989 годзе Івану Васілевічу Фурсу была назначана 3-я група інваліднасці, цяпер ён з’яўляецца інвалідам 2-й групы. Але, нягледзячы на гэта, на свой пачцівы ўзрост, ён вельмі прыемны, жыццярадасны дзядуля, які заўсёды рады гасцям і не супраць падзяліцца перажытым.