Праблемы павінны быць вырашаны, а прапановы — пачуты

VI Усебеларускі народны сход

Напрыканцы лістапада ў нашым раёне чарговы раз працаваў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання Алег Аляксеевіч СЕМЯНЧУК. Парламентарый не толькі правёў «прамую тэлефонную лінію», але і завітаў у працоўныя калектывы.

 

 

Падчас «прамой лініі» да дэпутата паступілі тры званкі. Адзін з іх тычыўся рэгуліроўкі тарыфнай палітыкі на праезд у маршрутным таксі «Мінск-Ракаў-Івянец», другі закранаў праблему дамашняга насілля. Яшчэ ў адным звароце людзі прасілі дапамогі ў праблеме рамонту даху жылога дома ў вёсцы Выганічы. Усё азначанае цяпер на кантролі ў Алега Аляксеевіча.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў наведаў упраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама і гімназію № 1 г. Валожына. У працоўных калектывах А. Семянчук праінфармаваў аб сваёй рабоце ў парламенце і ў выбарчай акрузе за мінулы перыяд. Больш падрабязна ён асвятліў дзейнасць парламентарыяў, звязаную з заканатворчым працэсам у цэлым, а таксама па змяненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Алег Семянчук заклікаў больш актыўна ўносіць свае прапановы, каб у асноўным законе краіны максімальна былі пачуты і ўлічаны меркаванні ўсіх слаёў насельніцтва.

У завяршэнне дэпутат уручыў Падзякі Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь начальніку ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Таццяне Мікалаеўне Крыкала і настаўніку матэматыкі  з гімназіі № 1 Ірыне Уладзіміраўне Уланчык ( на здымках).

У той жа дзень парламентарый правёў дзелавую сустрэчу з дырэктарам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галінай Фадзееўнай Рай.