На пляцы вайсковай часці 30695 прайшла ўрачыстасць, прымеркаваная да пачатку новага вучэбнага года. Па традыцыі да асабовага складу з вітальным словам звярнуўся начальнік штаба злучэння Аляксандр Уладзіміравіч Макараў. Прагучалі словы падзякі ў адрас кожнага ваеннаслужачага, які ўнёс свой уклад у павышэнне прэстыжу 153-й асобнай брыгады асобага прызначэння.
У мінулым вучэбным годзе прадстаўнікі злучэння дасягнулі станоўчых вынікаў па ўсіх кірунках дзейнасці, што не аднойчы адзначалася на ўзроўні Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь і галоўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл. У прыватнасці, падчас мітынгу быў агучаны загад за подпісам міністра абароны генерал-лейтэнанта В. Г. Хрэніна, згодна з якім за выдатную службу, дасягнутыя поспехі, разумную ініцыятыву, праяўленую пры падтрыманні ўзбраення і ваеннай тэхнікі ў баявым стане, работу па ўдасканаленні і развіцці сістэмы тэхнічнага забеспячэння беларускай арміі аб’яўлена падзяка і ўручаны каштоўны падарунак намесніку камандзіра падпалкоўніку Алегу Бырысавічу Мініну. За высокія паказчыкі па выніках спартакіяды воінскіх часцей камандзе з Валожына прысуджана ганаровае трэцяе месца з уручэннем кубка і граматы, падзякай адзначаны камандзір злучэння палкоўнік Андрэй Віктаравіч Калач, уручана ганаровая грамата маёру Аляксандру Юр’евічу Аўсіенка, а намесніку камандзіра падпалкоўніку Аляксею Уладзіміравічу Жыгунову – падзяка і каштоўны падарунак. Таксама за значныя поспехі ў службовай дзейнасці старшаму лейтэнанту Уладзіміру Юр’евічу Васільцову і маёру Сяргею Сяргеевічу Мелюку аб’яўлены падзякі начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл – першага намесніка міністра абароны генерал-маёра А. Р. Вальфовіча.

Да пачатку вучэбнага года кіраўніцтва воінскай часці прымеркавала прысваенне чарговых званняў малодшым камандзірам. Перад строем саслужыўцаў сяржанцкія пагоны атрымаў малодшы сяржант Аляксандр Мулярчык, а радавы Віктар Ніканчук – пагоны малодшага сяржанта.
А. У. Макараў падкрэсліў: новы вучэбны год кіраўніком ваеннага ведамства краіны аб’яўлены Годам баявой гатоўнасці.
Таму адна з галоўных задач, якія стаяць перад ваеннаслужачымі ў бліжэйшы час, – не толькі захаваць дасягнутыя вынікі, але і памножыць іх. Асноўным прыярытэтам у вучэбнай дзейнасці павінна стаць павышэнне выніковасці мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі з выкарыстаннем сучаснага ўзбраення і тэхнікі. У дадзеным кірунку пастаянна павышаюцца патрабаванні да кожнага ваеннаслужачага. Сёння афіцэры, прапаршчыкі і салдаты тэрміновай службы абавязаны дэманстраваць высокі прафесіяналізм, глыбокія ваенныя і ваенна-тэхнічныя веды, арганізаванасць і дысцыпліну. Ключавым момантам вучэбнага года для брыгады стане ўдзел у стратэгічных вучэннях Узброеных Сіл Беларусі і Расіі “Запад-2021”.
Падчас непрацяглай гутаркі з палкоўнікам А. У. Макаравым мы высветлілі: літаральна са святочнага пастраення вучэбны год пачнецца для 111 навабранцаў, з якіх 15 з’яўляюцца прадстаўнікамі Валожыншчыны. Разам з мужнымі юнакамі ваенную навуку будуць спасцігаць і пятнаццаць дзяўчат. Аляксандр Уладзіміравіч зрабіў акцэнт на тым, што новае папаўненне ў параўнанні з папярэднім вельмі моцнае і перспектыўнае. І гэта не дзіўна – з апошнім прызывам у часць прыйшла значная колькасць выпускнікоў ВНУ. Многія з іх – з дыпломамі інжынераў ці спецыяльнасцямі, звязанымі з веданнем замежных моў, а гэта выдатна адпавядае спецыфіцы часці. Таксама адзначана: навейшае ўзбраенне і тэхніка, якімі ў апошні час папоўніўся арсенал брыгады (плануецца і новае паступленне), патрабуе высокаадукаваных спецыялістаў, таму іх падрыхтоўка аўтаматычна выходзіць на новы якасны ўзровень. З гэтай нагоды сур’ёзны акцэнт робіцца на павелічэнне колькасці прафесіяналаў, што гатовы несці службу на кантрактнай аснове.
Пачатак вучэбнага года, як заўсёды, быў адзначаны ўрачыстым маршам. Ён стаў першым у жыцці ўчарашніх прызыўнікоў. Літаральна праз два тыдні на пляцы зноў будуць гучаць віншаванні, наказы і ўзнёслыя словы ваеннай прысягі – армейская моладзь паклянецца верна і аддана служыць Радзіме.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара