Хата, дзе гадзіннікаў багата…

Общество

Рэчаіснасць не перастае па-добраму здзіўляць. Здавалася, ведаю чалавека даўно і нядрэнна, а раптам адкрываю невядомы бок яго жыцця. Даведваюся пра незвычайнае захапленне… Не проста калекцыяніраванне, хаця ў сталым узросце мала хто не развітаўся са сваімі дзіцячымі калекцыямі, але такія ёсць. Тут зусім іншае хобі, якое даўно стала неад’емнай часткай жыцця і не было сакрэтам толькі для самых блізкіх людзей.

З Іванам Іванавічам РАКАЎЦАМ мы знаёмыя са школы. Ён таксама заканчваў нашу сярэднюю школу № 1, праўда, на некалькі гадоў раней. Потым стаў выкладчыкам Івянецкай музычнай школы, вядомым у наваколлі музыкам, членам гурта. Дарэчы, з Івянцом яго звязваюць ужо больш за сорак гадоў. А ў мясцовай школе мастацтваў працуе ўвогуле 43 гады, выправіў у самастойнае жыццё не адно пакаленне баяністаў. Паступова для мяне Іван ператварыўся ў бацьку прыгожай жанчыны Ганны Харук і суседа сяброўкі Ганны. Такія вось этапы нашага знаёмства… Нядаўна зусім выпадкова даведалася, што Іван Іванавіч – уладальнік нядрэннай калекцыі гадзіннікаў, дзе захоўваюцца даволі рэдкія экзэмпляры. Але для яго сэнс не ў колькасці “экспанатаў”, а менавіта ў тым, каб усе яны ішлі і паказвалі дакладны час.

    Як успамінае сам, з дзяцінства вабілі дакладныя механізмы. Толькі дзе іх было ўзяць вясковаму хлапчуку?! Ніякіх канструктараў у той пасляваенны час не было. Як і большасць равеснікаў, цікавіла: а што там унутры гадзінніка? Значна пазней стаў спрабаваць разабрацца ў механізме, адладзіць яго. Менавіта жаданне разабрацца ў паломцы, знайсці яе і вярнуць механізм да жыцця прывяло да калекцыяніравання. Трэба сказаць, што Івану пашанцавала на сваяка. У Валожыне жыў дзядзька Платон Башаркевіч, удзельнік вайны, які ў вольны ад работы час займаўся рамонтам гадзіннікаў. Гэта справа была зусім не звязана з яго непасрэднай работай, таксама была ў сваім родзе захапленнем. Але атрымлівалася ў мужчыны добра, і яму неслі свае механізмы многія гараджане. Дзядзька даў нейкага “лому”, каб хлопец мог круціць гайкі. Паступова і Іван стаў адчуваць сябе сярод старых гадзіннікаў, як рыба ў вадзе. Калі ўдавалася адрамантаваць, зведваў асаблівую асалоду ад працы.

Сёння Іван Іванавіч нават не можа дакладна сказаць, з якога гадзінніка пачалася яго калекцыя, як і не можа назваць самы дарагі для сябе экспанат. Для яго яны ўсе ўяўляюць каштоўнасць, многія звязаны з прыемнымі ўспамінамі пра людзей, якія іх падарылі. Успамінае сваіх некалішніх знаёмых – дырэктара Радашковіцкай музычнай школы, выкладчыка музычнай школы з Маладзечна, у якіх былі агульныя захапленні, і пры сустрэчах мужчыны маглі бясконца размаўляць пра гадзіннікі. Неяк яго запрасіў у госці адзін калекцыянер са Свіслачы, што ў Гродзенскай вобласці. У яго была выдатная калекцыя, нават быў сапраўдны Павел Бурэ ў залатым корпусе. Ён хацеў нейкі гадзіннік проста падарыць І. Ракаўцу, але той адмовіўся наадрэз, бо сам прыехаў без падарунка.

    Сумленна кажа, што грошы з сямейнага бюджэту на сваю калекцыю амаль не траціў. Большасць гадзіннікаў людзі проста дарылі, каб аддзячыць за рамонт. Калі ўдавалася з трох сабраць адзін, то гэта быў вышэйшы пілатаж. Яго хобі накіравана на тое, каб запусціць механізмы. Сапраўды, калекцыянер можа ганарыцца – усе яго гадзіннікі на хаду. Адны старажытныя гадзіннікі фірмы “Густаў Бэкер” рэстаўраваў гадоў 15, там адну з дэталей прыйшлося выточваць уручную. Як і ў кожнай рабоце, патрэбна натхненне. Дарэчы, музычны слых вельмі дапамагае, асабліва настройваць гадзіннікі з боем, каб цікалі рытмічна. Бой бывае чатырохструнны ў насценных і да васьмі струн у напольных гадзіннікаў. Такія экзэмпляры прысутнічаюць у дамашняй калекцыі. Ёсць там гадзіннікі канца ХVIII стагоддзя, царскіх часоў і даваенныя ў розных карпусах, насценныя, напольныя, будзільнікі, наручныя, кішэнныя.

    У доме Ракаўцаў на вуліцы Беларускай вісяць тры прыгожыя гадзіннікі з боем. Адны старажытныя падарыў дачцэ, некалькі – унуку Міраславу. З гонарам расказвае Іван Іванавіч, што Міраслаў паступова таксама стаў калекцыяніраваць гадзіннікі, і ў яго даволі многа рэдкіх экзэмпляраў. Юнак нават стварыў на Ютубе сваю групу, якая называецца “Модный часовщик”. Такая вось атрымалася сувязь пакаленняў, агульныя інтарэсы яшчэ больш аб’ядналі іх.

    …Цяпер практычна ніхто не карыстаецца механічнымі гадзіннікамі, не стала і майстроў, якія маглі б іх рэстаўраваць і адрамантаваць. Аднак людзі даражаць сямейнымі рэліквіямі і таму даволі часта звяртаюцца за дапамогай да Івана Іванавіча Ракаўца. Бярэцца за рамонт не дзеля грошай, проста рады, калі ўдаецца атрымаць чарговую перамогу. Таму вельмі хочацца пажадаць майстру, каб яшчэ доўга цікаў гадзіннік яго асабістага жыцця, а захапленне прыносіла задавальненне і дарыла пазітыўны настрой.

Наталля ШТЭЙНЕР