ГІСТОРЫЯ АДДАЛЯЕЦЦА, ДЫ НЕ ЗАБЫВАЕЦЦА

Культура

Пісаць пра вайну прымушае сэрца. Перажыты ў дзяцінстве страх застаўся ў памяці на ўсё жыццё. Дык няхай успаміны пра той страшны час будуць як перасцярога, каб больш ніколі людзі не зведалі ваенных жахаў.

У 1939 годзе, перад самым нападзеннем Гітлера на Польшчу, адбыўся анамальна  ярка-чырвоны захад сонца. Уся вёска выскачыла на вуліцу і назірала на залітае чырванню неба. “Так было перад Мікалаеўскай вайной! – гаварылі старэйшыя. – Значыць, зноў вайна будзе, і шмат крыві пральецца…” Неўзабаве польскія ўлады пачалі мабілізацыю. Шмат мужчын з Янушкавічаў пайшлі абараняць Польшчу ад немцаў, многія з іх не вярнуліся.

Не ведаю дакладна, як даведаліся ў вёсцы, што 22 чэрвеня 1941 года фашысты напалі на Савецкі Саюз. Тады ж не было ні радыё, ні газет. Але ў той жа дзень мы адчулі, якое гора на ўсіх абрушылася.

Вайна пачалася з адступлення савецкіх войск. Шашы тады не было, дарогі проста злучалі вёску з вёскай. Дзесьці каля Папкоў у бок Мінска рухаліся часці Чырвонай Арміі з тэхнікай. Раптам наляцелі нямецкія самалёты і скінулі дзве бомбы. Але ў калону не трапілі, бомбы зваліліся недалёка ад Папкоў. Адбыўся моцны выбух, утварыліся дзве варонкі, пазней яны сталі сажалкамі. Людзі спалохаліся, што бомбы могуць упасці і на вёску. А таму ў першыя дні вайны ў Янушкавічах ніхто не начаваў дома. Уладкоўваліся спаць воддаль ад дамоў, на гумнішчы, пад дрэвамі. І так аж да таго часу, пакуль не скончылася адступленне.

Немцы прыйшлі са сваімі парадкамі. Абавязалі кожнага дарослага зрабіць пашпарт, яго неабходна было мець пры сабе заўсёды, нават ідучы ў госці да суседа. На кожным доме вывесілі спіс жыльцоў: прозвішча, імя, узрост. Гэта на выпадак, каб хто не надумаўся хаваць у сябе партызан. Хутка пачаліся і першыя забойствы. З Янушкавічаў Владысь Пратасевіч і з Ціханоўшчыны Вінца Марачэўскі павезлі збожжа на млын у Баравікоўшчыну. А там – завоз, людзей процьма. Змалолі толькі дзесьці а поўначы. Параіліся: ці ноччу ехаць ці чакаць раніцы? Вырашылі ехаць, удвох жа не так страшна. Але дадому яны так і не вярнуліся, былі забіты прама на вазах. Коні прывезлі толькі іх целы, муку нехта паспеў скрасці. Суседзі збегліся ў дом да Пратасевічаў. Труп гаспадара з прабітай галавой паклалі на ложак. У бедалагу стрэлілі так, што куля выскачыла праз вока, утварыўшы жудасную чырвоную рану… Па нябожчыку галасіла ўдава і чацвёра малых хлапчукоў. І ў Марачэўскага двое сыноў засталіся сіротамі. Паступіў загад ад немцаў: ноччу дамы не пакідаць!

У 1944 годзе фашысты пачалі знішчаць вёскі разам з жыхарамі. Людзі пакідалі хаты і жылі ў паветках, спалі апранутымі, мужчыны па чарзе вартавалі, ці не ідзе немец, каб своечасова падаць сігнал сем’ям і пазбегнуць смерці. А днём на папялішчах ішла будоўля, узводзіліся новыя зрубы, бо ўжо адчувалі, што акупанты рыхтуюцца да адступлення. Неяк у тры гадзіны ночы пачуўся моцны гул танкаў. У момант Янушкавічы апусцелі. Раптам у небе з’явілася савецкая авіяцыя, пачалася бамбардзіроўка калоны немцаў.

Налёт скончыўся, мужчыны выйшлі са схованкі і кінуліся назіраць за адступленнем фашыстаў. Іх танкі шпарка рухаліся па полі ў тры рады. Каля Пяршаяў іх часткова разбамбілі. Варожыя трупы валяліся паўз дарогі, каля рэчкі, на мосце. А на Ваўкаўні (гэта дарога на Пяршаі з боку Валожына) стаяла разбітая нямецкая тэхніка: танкі, машыны, супрацьавіяцыйныя гарматы з доўгімі дуламі жоўтага колеру. Відавочцы сцвярджалі, што ў лесе каля Ракава разбілі цэлую  нямецкую армію і там валяюцца груды металу. Вялікі бой адбываўся і каля Сугваздаў. Доўжыўся ён амаль дзевяць гадзін. Чырвоная Армія насцігла гітлераўцаў у ляску. А як выбухі і стрэлы сціхлі, мясцовыя жыхары пайшлі глядзець. Усё наваколле ўсцілалі нямецкія трупы. Наступныя некалькі сутак вяскоўцы закапвалі мерцвякоў у вялізных ямах. Стараліся зрабіць гэта як найхутчэй, бо стаяла спякота і трупы разлагаліся.

Але не ўсе немцы загінулі. Многім удалося схавацца ў лясах. Ноччу яны з’яўляліся ў вёсках, стукаліся ў вокны, прасілі есці.

Пасля вайны адзін ляснік расказваў, як натрапіў у лесе на цэлую гару з чалавечых чарапоў. Па некаторых прыкметаў устанавіў, што гэта астанкі нямецкіх салдат. Нездарма гаворыцца: “Хто з мячом да нас прыйдзе, ад мяча і загіне…”

Неяк у маладосці на вочы мне трапіла фатаграфія – лес, жухлая трава, заіржавелая нямецкая каска, а з яе выпаўзае змяя, чорная, з вялікім джалам. Пад фатаграфіяй стаяў подпіс: “Апафеоз вайны”.

Самае страшнае, што тая змяя не загінула, яна паўзе па свеце ў вобразе тэрарызму, несучы боль, гора, страх. Але так хочацца спадзявацца, што чалавецтва здолее перамагчы зло, што больш нікому не спатрэбіцца сеяць смерць сярод ні ў чым не вінаватых людзей.

Данута ШАЎЛОЎСКАЯ, ветэран педагагічнай справы,

жыхарка вёскі Янушкавічы.

 



Добавить комментарий