Вяртанне ў мінулае

Культура

 

Наша памяць дзіўная. У самыя непрадказальныя моманты яна дорыць часцінкі ўспамінаў пра былыя часы, і мы нібыта вяртаемся ў далёкае мінулае…

 

 

11 снежня 2020 года – знамянальная дата ў жыцці Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця. Роўна 40 гадоў таму, у далёкім 1980 годзе, першых наведвальнікаў прыняў створаны тут гісторыка-краязнаўчы музей. Гэтаму папярэднічала складаная і карпатлівая праца па зборы экспанатаў і афармленні экспазіцыі не толькі работнікамі, але і выхаванцамі. А ініцыятарамі ўсяго з’яўляліся тагачасны дырэктар Фёдар Лазаравіч Гольдшмідт, настаўнікі гісторыі і працоўнага навучання Мікалай Мікалаевіч Куксо і Анатоль Уладзіміравіч Басько, былы вахаванец, а ў той час ужо і настаўнік нямецкай мовы інтэрната Генрых Вікенцьевіч Лапуцкі, многія іншыя.

 

 

 

 Напачатку свайго існавання, ды і шмат годоў пасля музей размяшчаўся ў прыстасаваных памяшканнях. Але, калі з’явілася магчымасць, пад яго быў пераабсталяваны, з улікам сучасных патрабаванняў, адзін з былых жылых карпусоў. Гэта прыгожае светлае памяшканне знаходзіцца акурат насупраць галоўнага ўваходу ў інтэрнат, і не заўважыць яго проста немагчыма. Так музей “нарадзіўся” як бы ў другі раз. Цяпер ён размяшчаецца ў шасці залах: “Сялянскі побыт”, “Наш край у фотаздымках”, “Карцінная галерэя і творчасць вучняў”, “Ваеннае ліхалецце” і дзве этнаграфічныя залы. Частка экспазіцыі прысвечана жыццю і дзейнасці нашага славутага земляка Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага. Агульная колькасць экспанатаў перавышае тысячу, і кожны з іх у сваім родзе ўнікальны. Нездарма, яшчэ калі існаваў СССР, у чэрвені 1991 года гісторыка-краязнаўчы музей інтэрната атрымаў ганаровае званне “Народны”.

Па матэрыялах музея прасочваецца гісторыя Івянца і наваколля ў мінулым і яго сувязь з цяперашнім часам. Ён па праве быў і застаецца цэнтрам вучэбна-выхаваўчай работы ў інтэрнаце. Шмат магчымасцей ёсць тут, каб правесці ўрокі па гісторыі і геаграфіі, біялогіі, працоўным навучанні, выяўленчым мастацтве, спевах, розныя пазакласныя мерапрыемствы. Настаўнікам і выхавацелям прадастаўлена магчымасць выхоўваць патрыятызм, любоў да прыроды роднага краю, свайго народа. Асабліва хацелася б адзначыць работу аб’яднання па інтарэсах “Спадчына”, якім кіруе Валянцін Антонавіч Сабалеўскі. Дзеці з цікавасцю і карысцю для сябе наведваюць яго заняткі ў музеі, распрацавалі тэксты экскурсій, прымаюць актыўны ўдзел у рэстаўрацыі экспанатаў і афармленні залаў. З ліку выхаванцаў падрыхтаваны экскурсаводы, што з захапленнем могуць расказаць пра кожны экспанат. Асабліва падабаецца праводзіць экскурсіі Надзеі Міцэвіч, Андрэю Клоку, Алене Лысенка, Андрэю Кавалёву.

 

 

 

 

            

Многія тысячы людзей наведалі музей за 40 гадоў яго існавання. Былі тут вядомыя спартсмены, артысты, кіраўнікі розных узроўняў, замежныя дэлегацыі, валанцёры, вучні. Дастаткова назваць Эдуарда Ханка, Ядвігу Паплаўскую і Аляксандра Ціхановіча, Ігара Лучанка, Алу Цупер, Сяргея Бароўскага, хакеістаў мінскага “Дынама” ў поўным складзе, Вольгу Барабаншчыкаву – усіх і не пералічыць!

 У нашым музеі заўжды рады гасцям. Хто хоць раз пабываў у ім, пакідаюць з пачуццём захаплення і ўдзячнасці, з пажаданнем новых поспехаў. У кнізе водгукаў – толькі станоўчыя запісы. Ну і, канешне, кожны марыць вярнуцца сюды ізноў, таму што ў наступны раз тут абавязкова з’явіцца нешта новае!

Алена ПЕТРАШКЕВІЧ,

дырэктар Івянецкага

дома-інтэрната для дзяцей

з асаблівасцямі

фізічнага развіцця