Я адслужыў народу, чым моц мая магла…

Культура

 

Ён вычэрчваў на самалёце фігуры вышэйшага пілатажу і ўплаў перасякаў магутную Волгу, абараняў Маскву і змагаўся з бандытамі пасля вайны, верыў у ідэалы дабра і не прагнуў асабістай выгады, са спагадай ставіўся да людзей і ўмеў жартаваць над сабой.
З усіх дрэў найбольш любіў бярозу. Яшчэ і сёння шумяць над Забрэззем беластволыя прыгажуні, пасаджаныя настаўнікам Якавам Антонавічам Курэйчыкам і яго вучнямі. Адна бярозка прысуседзілася каля месца вечнага спачынку гэтага чалавека: шапоча лістотай малітвы, адбівае пачцівыя паклоны. Дрэвы могуць быць больш удзячнымі, чым людзі…
“Мой мілы таварыш, мой лётчык, вазьмі ты з сабою мяне. Я, ведай, вялікі ўжо хлопчык, і ўмею ўжо лётаць у сне…” – звонка чытаў Яша Курэйчык. Верш клаўся прама на сэрца, і Яша гатоў быў падпісацца пад кожным словам. Ён таксама марыў лятаць і ўжо патроху рыхтаваў сябе: займаўся фізкультурай, абліваўся халоднай вадой, старанна вучыўся ў школе.
Дзевятнаццацігадовы вясковы юнак, які нідзе далей сваёй вёскі Пятровічы, што пад Мінскам, не быў, паехаў у далёкі сібірскі горад Тамбоў. Бліскуча здаў экзамены і паступіў у ваеннае авіяцыйнае вучылішча. У 1940 годзе Якаў упершыню падняўся ў неба і пераканаўся, што ўгадаў з выбарам прафесіі. Якой радасцю напаўняецца сэрца, калі магутная жалезная птушка падпарадкоўваецца табе і лёгка ўздымаецца ў паветра! Пасля паддаеш штурвал на сябе, і вось ты ўжо купаешся ў аблоках. Хуткасць, што пры ўзлёце ўціскае ў спінку крэсла, перастае адчувацца. Ты і машына – адно. Пра правільнае выкананне “пятлі”, “штопара, “бочкі” можна меркаваць нават па гуку, а на балансіроўку ўніз галавой перастаеш звяртаць увагу. Ты ў палоне куражу, свабоды, прасторы…
На пачатак вайны яны, курсанты-трэцякурснікі, мелі даволі вялікую колькасць “налятаных” гадзін і прасіліся ў камандавання на фронт. Але баявых машын не хапала. Маладых лётчыкаў тэрмінова перавучваюць для вядзення наземных баёў і накіроўваюць на самы адказны і гарачы ўчастак – абарону Масквы. Тут загінулі ўсе аднакурснікі Якава Курэйчыка, большасці з іх не было і дваццаці пяці гадоў…
У баях пад Масквой Якаў камандаваў аддзяленнем разведкі Маскоўскай гвардзейскай чырванасцяжнай мотастралковай дывізіі. 6 снежня 1942 года яго групе загадалі ўзарваць дот і знішчыць агнявы пункт праціўніка, які даўно не маглі ліквідаваць. Дот знішчылі, але фашысты заўважылі разведчыкаў і адкрылі па іх агонь. Непадалёку Якава ўзарвалася міна. Моцнай хваляй яго адкінула ў траншэю. Паспрабаваў устаць, але цела не слухалася. Нерухомы, ён застаўся ляжаць на снезе, разумеючы, што калі не сыдзе крывёй, то замерзне да смерці. Якаў ужо амаль страціў прытомнасць, калі пачуў галасы: гэта санітары збіралі забітых, каб пасля пахаваць іх у брацкай магіле. Тое, што ў пекле шквальнага агню нехта застаўся жывым, было сапраўдным цудам.
У шпіталі Якаву зрабілі перавязку. “Не жылец! Вельмі складаныя раненні. Яго не варта і за лінію фронту перапраўляць. Усё роўна не даляціць…” – як прыгавор прагучалі словы ўрача, які аглядаў наскрозь прабітае асколкамі цела Якава.
Абязбольваючых лекаў не было. Хлопец, перамагаючы невыносны боль, разумеючы, што дажывае апошнія дні, жартаваў з медсёстрамі, падбадзёрваў параненых, якія паддаваліся роспачы і гублялі надзею. Такая жыццярадаснасць і стойкасць вельмі ўразілі адну медсястру, і яна рашылася на адчайны крок – выкрала дакументы Якава Курэйчыка і падсунула іх у спіс тых, хто падлягаў лячэнню на “вялікай зямлі”…
Нявопытная семнаццацігадовая дзяўчына перахітрыла і ўрачоў, і смерць. Якаў Курэйчык трапіў у горад Горкі, дзе якраз практыкаваў славуты ваенны хірург Пятроўскі. Добрая фізічная загартоўка і аптымізм беларускага хлопца, памножаныя на майстэрства свяцілы медыцыны, зрабілі немагчымае. Якаў выжыў, але ўсё астатняе жыццё былыя раны давалі аб сабе знаць: выходзілі з цела мінныя асколкі, лёгкія душыў кашаль, ампутаваная вышэй калена нага назаўсёды пазбавіла самай вялікай мары – лятаць…
Там, на волжскіх берагах, Якаў вучыўся хадзіць на пратэзе, планаваў свой далейшы лёс, у якім ужо не было месца самалётам. Некаторы час вучыўся ў сельгасакадэміі, але потым перадумаў і рашыў стаць настаўнікам.
У Забрэззе яго як актывіста і члена партыі накіравалі аднаўляць разбураную пасля вайны гаспадарку. Якаў Антонавіч палюбіў гэту мясціну і застаўся жыць тут назаўсёды. Дарэчы, яго жонка, настаўніца пачатковых класаў Аляксандра Міхайлаўна, прыехала ў Забрэззе таксама па накіраванню партыі. Першы муж Аляксандры Міхайлаўны загінуў пры абароне Брэсцкай крэпасці, і яна адна выхоўвала дзесяцігадовую дачку. Праз некаторы час у Курэйчыкаў нарадзіліся яшчэ дачка і сын.
Якаў Антонавіч, нягледзячы на падарванае вайной здароўе, быў добрым гаспадаром і майстрам на ўсе рукі. Шмат гадоў адпрацаваў дырэктарам Забрэзскай школы, выкладаў гісторыю і грамадазнаўства. Яго самая вялікая мара паспяхова ўвасобілася ў вучнях, якія ахвотна паступалі ў ваенныя вучылішчы.
Каб дапоўніць партрэт гэтага чалавека, варта ўспомніць і такі выпадак. У пачатку пяцідзесятых гадоў Якаву Антонавічу давялося змагацца з бандытамі. Аднаго разу бандыт з сякерай у руках падсцерагаў безабароннага настаўніка і раптоўна накінуўся з-за вугла. Курэйчык, які па-ранейшаму вызначаўся хуткай рэакцыяй, змог абяззброіць нападаючага. Бандыту пагражала турма, але Якаў Антонавіч пра факт нападзення прамаўчаў, хоць і быў шчырым камуністам. Ён умеў дараваць і верыў, што кожны мае права жыць…

Алена ЗБІРЭНКА.



Добавить комментарий