ВЕРНАСЦЬ ПРАФЕСІІ – 40 ГАДОЎ…

Общество

З гісторыі вядома, што ў 1375 годзе повар Карла V Гіём Цірэль напісаў першую ў свеце кулінарную кнігу — «Прыгатаўляльнік мяс, да стала прызначаных». Некаторыя сцвярджаюць, што падобная кніга была выдадзена ў Грэцыі яшчэ да нашай эры. У старажытныя часы да людзей гэтай прафесіі адносіліся з вялікай пачцівасцю, іх лічылі выбраннікамі нябёсаў.

Повар з Івянца Антон Антонавіч яшчэ пакуль кулінарнага фаліянта не стварыў. Але яго кладоўка ведаў багатая на розныя практычныя парады і знаходкі. У снежні гэтага года споўніцца роўна сорак гадоў, як ён працуе поварам. Асноўнае месца – Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця.

Кажуць, што страва тады смачная і паядаецца з апетытам, калі яна прыгатавана з душой. Працуючы ў такой спецыялізаванай установе, проста недазваляльна быць раўнадушным. І гэта добра разумее невялікі калектыў дома-інтэрната, які шчыруе на кухні на чале з шэф-поварам А. А. Аляшэвічам.

Катлеты, біточкі паравыя, аладкі, дранікі, наварыстыя баршчы, супы і шмат чаго іншага ўмеюць рабіць іх працавітыя рукі, каб накарміць больш чым 60 дзяцей. Сапраўдны гуру на кухні, вядома ж, Антон Антонавіч. Дзесяткі рэцэптаў, дакладных прапорцый шматлікіх кампанентаў страў, сотні розных сакрэтаў кулінарнага майстэрства трымае ён у сваёй галаве. А пачалася любоў да гэтай прафесіі яшчэ ў далёкай маладосці ў час службы ў арміі, калі паспяхова скончыў Бабруйскую школу ваенных повараў. А яшчэ, відаць, перадаліся гены ад маці, Нарберты Альфонсаўны, якая шмат гадоў працавала на кухні мясцовай гарпасялковай бальніцы.

А. А. Аляшэвіч настолькі любіць сваю справу, што нават і дома ён ахвотна выслабаняе сваю жонку ад клопатаў па прыгатаванню  ежы. Нявестка-мінчанка таксама поўнасцю давярае свайму свёкру і часта звяртаецца да яго за аўтарытэтнай кулінарнай парадай.

…Вось так спакойна пасядзець за абедзенным столікам гэтаму рупліваму чалавеку выпала хіба толькі ў той час, калі рабіўся гэты здымак. Яго рукі прывыклі шчыра працаваць і атрымліваць ад гэтага сапраўдную асалоду.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий