КАРАНАВІРУСНЫ СІНДРОМ: чаму наш арганізм “траціць розум”

COVID-19

На старонках  “Працоўнай славы” мы ўжо расказвалі чытачам, з якімі абарончымі рэакцыямі псіхікі могуць сутыкнуцца хворыя на COVID-19, а таксама іх блізкія. Працягваем гэту тэму.

Многія, хто перанёс каранавірусную інфекцыю, нават праз некалькі месяцаў пасля афіцыйнай выпіскі з бальніцы ці закрыцця бальнічнага ліста доўгі час адчуваюць сябе дрэнна. Ад такіх людзей гучаць скаргі на задышку, стому, млявасць, галавакружэнне, перапады артэрыяльнага ціску. У некаторых узнікаюць праблемы з суставамі, ныркамі, сэрцам, падстраўнікавай залозай, страўнікам і інш.

 Спецыялісты не прыйшлі да адзінай думкі наконт таго, чаму так адбываецца. Магчыма, вірус і сапраўды дае падобны эфект, а, магчыма, мы самі сябе, так бы мовіць,  накручваем. У любым выпадку з’ява існуе і ўжо атрымала назву “каранавірусны сіндром”.

 Калі чалавек сутыкаецца з цяжкімі псіхатраўмуючымі абставінамі, што выходзяць за рамкі жыццёвага вопыту, то ў яго можа парушыцца работа псіхікі і развіцца так званае посттраўматычнае стрэсавае расстройства (ПТСР).

 ПТСР часта ўзнікае ў перыяд ваенных дзеянняў, аднак можа праявіцца і ў мірны час. Да фактараў, якія правакуюць яго, можна аднесці цяжкія захворванні, складаныя фізічныя траўмы, згвалтаванне, знаходжанне ў небяспечных для жыцця абставінах (прыродныя ці тэхнагенныя катастрофы).

 У апошні час многія псіхатэрапеўты ўсё часцей пачалі гаварыць пра ПТСР у людзей, што перанеслі COVID-19. Згодна са статыстыкай, верагоднасць расстройства ў такіх пацыентаў перавышае 50 працэнтаў.

 Зараз мы з’яўляемся сведкамі вострага праяўлення каранавіруснага сіндрому, які закрануў даволі значную частку насельніцтва. Лячэнне ПТСР, у тым ліку і ад каранавіруснай інфекцыі, – складаная задача. На думку экспертаў, на канчатковае аднаўленне здароўя перахварэўшым спатрэбіцца каля шасці месяцаў. Каб хутчэй развітацца з зацягнутымі ў часе сімптомамі, акрамя медыкаментознага лячэння, пажадана не грэбаваць псіхалагічнай і псіхатэрапеўтычнай падтрымкай. Спецыялісты здольны дапамагчы прыняць пандэмію і яе наступствы як данасць, перажыць псіхатраўму, сфарміраваць перспектыву будучыні, а таксама наладзіць новыя паттэрны (схемы) паводзін. Менавіта кансультацыі з прафесіяналамі дапамогуць чалавеку жыць у ладзе з яго станам.

 Яшчэ вясной бягучага года вучоныя выказалі меркаванне: каранавірусная інфекцыя можа стаць прычынай новага псіхічнага расстройства, якое закране прыблізна 10 працэнтаў пацярпелага насельніцтва, а найбольш схільнымі да яго стануць наступныя катэгорыі:

   – медыцынскія работнікі, што аказваюць дапамогу хворым на COVID-19;

   – хто перанёс захворванне ў цяжкай форме;

   – хто страціў родных і блізкіх;

   – хто панёс значныя фінансавы страты ці страціў работу;

   – хто злоўжывае псіхатропнымі рэчывамі. 

 Дапамога ўрача-псіхатэрапеўта ў Валожыне даступная на базе цэнтральнай раённай паліклінікі. Звяртацца можна па адрасе: г. Валожын, вул. Гагарына, д. 1, каб. 301, тэлефон для запісу: 8-01772 55425.

 Да псіхолага можна звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па адрасе: г. Валожын, вул. Міру, д. 8, каб. 9 ці патэлефанаваць на нумар тэрміновай псіхалагічнай дапамогі: 8-01772 68117.

 Для медыкаў, што працуюць з COVID-19, пацыентаў і іх сваякоў існуе тэлефон даверу (тэрміновая псіхалагічная дапамога ананімна, штодзённа, кругласутачна): 8-029 89904001 (МТС), Telegram, Viber, WhatsApp,  +37517 2702401 (стацыянарны тэлефон).

Паважаныя чытачы! Здароўя вам, сілы, мудрасці і спакою. Беражыце сябе і блізкіх.

Алена ЖДАНЮК, псіхолаг ТЦСАН

Міхаіл ПРУДЗІЛКА, урач-нарколаг ЦРБ