На тое і склад, каб быў у ім лад

Без рубрики

Тамара Яўгеньеўна ЦЫГАНКОВА нясе адказнасць за захаванне зерня на насенным і фуражным складзе вытворчага ўчастка “Сугвазды” ААТ “Агра-Дубінское”.

Гэтай справе, якую лічыць вельмі адказнай, жанчынай аддадзена больш за 10 гадоў. Дырэктар сельгасарганізацыі Генадзій Вацлававіч Каспяровіч і непасрэдны начальнік – галоўны аграном Пётр Іванавіч Язерскі задаволены арганізацыяй работы ў падраздзяленні. Сама загадчык і яе невялікая, але дружная каманда ў складзе рабочых Сяргея Чараповіча, Віктара Мамонькі, Алены Карасёвай і вадзіцеля Вячаслава Гунько працуюць зладжана і аператыўна. З дапамогай зернеачышчальнай машыны “Петкус” імі ўжо пераапрацавана насенне ячменю, зернебабовых, заканчваецца ачыстка яравой пшаніцы. Затым, згодна з планам, тут прыступяць да работы з аўсом, які будзе завезены з Брылькоў. Паралельна вядзецца выдача фуражу на МТФ “Сугвазды” і на ферму для ўтрымання маладняку, што ў Лесніках.

Тамара Яўгеньеўна па адукацыі педагог – скончыла педагагічнае вучылішча, пасля чаго 16 гадоў адпрацавала выхавацелем у дзіцячым садзе. Пераход на працу ў гаспадарку быў прадуманым і невыпадковым. Яна нарадзілася ў Сугваздах. Бацькі-калгаснікі дачку выхавалі з любоўю да зямлі. Таму нават у юныя гады не марыла пра тое, каб пашукаць лепшай долі дзесьці ў горадзе. У роднай вёсцы выйшла замуж, нарадзіла дзяцей. Зараз ужо мае ўнукаў. Актыўная і пазітыўная жанчына з задавальненнем успамінае, як раней спявала ў калгасным хоры. Зараз вольны час, якога не вельмі шмат, прысвячае вырошчванню кветак. Патрабуе ўвагі і ўласная гаспадарка, да вядзення якой падыходзіць з уласцівай усім добрым працаўнікам грунтоўнасцю. Між іншым, літаральна з ранку і да вечара адказнага работніка можна знайсці на працоўным месцы, дзе ў любую пару года клопатаў хапае.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ