Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Региональные новости

3 снежня, непасрэдна ў Дзень інвалідаў, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ў Валожыне наведала валанцёрская група «Добрае сэрца» сярэдняй школы № 1 разам з педагогам-арганізатарам Я. Ярота.

 Пад апякунскім крылом цэнтра знаходзяцца каля 50 дзяцей да 18 гадоў, якім патрабуецца дапамога спецыялістаў. З большасцю падапечных працаваць даводзіцца на даму, хто можа, займаюцца непасрэдна ў цэнтры. Ёсць група дашкольнікаў і школьнікаў. Валанцёры, вучні 10-га профільнага педагагічнага класа, па ўласнай ініцыятыве выбралі карэкцыйны цэнтр. Сваю ініцыятыву падлеткі назвалі «Свет адзін на ўсіх». У той дзень яны малявалі разам з наведвальнікамі цэнтра, гулялі ў даступныя гульні, падарылі ім ласункі. Хочацца верыць, што першы візіт-акцыя будзе мець працяг. З падарункамі ад раённага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі завітала і старшыня Маладзёжнага савета Анастасія Карачун: кабінет сацыяльнай адаптацыі папоўніўся неабходным дыдактычным матэрыялам і посудам.

  У лістападзе сямейны капітал быў прызначаны ўсяго двум маці. Пасля нараджэння трэцяга дзіцяці права на яго атрымалі Ганна Мікалаеўна Паўловіч з Валожына і Надзея Дзмітрыеўна Багдановіч з Івянца.

 А ўжо ў першыя дні снежня рады мнагадзетных сем’яў папоўніліся таксама на дзве сям’і. Пасля налічэння сямейнага капіталу такі статус атрымалі сем’і Ірыны Аляксандраўны Раманенка з вёскі Кучкуны і Сандры Мікалаеўны Кулік з Дораў. Абедзве жанчыны нарадзілі па трэцяму дзіцяці.

 Новая будаўнічая пляцоўка з 1 снежня з’явілася ў райцэнтры. Вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Мантажбудкамплект-профіль» (дырэктар С. В. Дрозд) пашырае плошчы. Прадпрыемства выпускае вокны і дзверы з ПВХ і алюмінію, займаецца шкленнем балконаў і лоджый.

База, размешчаная ў мікрараёне Сельгастэхніка непадалёк ільнокамбіната, будзе пашырацца. За кошт рэканструкцыі павялічацца плошчы існуючага цэха і будзе ўзведзены яшчэ адзін будынак. Там размесцяцца адміністрацыйна-бытавыя памяшканні і цэх па вытворчасці металаканструкцый. У дадзены момант прадпрыемства арандуе памяшканне для вырабу металаканструкцый на вуліцы Набярэжнай. Завяршэнне рэканструкцыі і будаўніцтва запланавана на канец наступнага года.

 З 9 снежня 6 вучняў нашага раёна паедуць папраўляць здароўе ў Уздзенскую санаторную школу-інтэрнат. Змена завяршыцца 29 снежня.

 Сярод тых, хто апошнія дні другой чвэрці будзе давучвацца за межамі сваёй школы, – вучні 7 і 9 класаў СШ № 1 райцэнтра, два сямікласнікі, вучні 5 і 8 класаў Івянецкай СШ.

Некаторыя віды паслуг працягваюць выконвацца непасрэдна ў Івянецкім Доме быту. На месцы можна адрамантаваць абутак і адзенне. А вось рамонтам гадзіннікаў займаецца прыватнік, які арандуе тут памяшканне.

Працуюць таксама два цырульнікі, якія вельмі запатрабаваныя. Адна з іх ужо другі месяц аказвае манікюрныя паслугі. У жанчыны з’явіліся пастаянныя кліенты.

 Святочны настрой напярэдадні Новага года і Каляд жыхарам райцэнтра дапамагаюць стварыць многія ўстановы.

 На гэтым тыдні дзве фотазоны на адной сцяне адкрыліся ў вестыбюлі РЦК. Свае ідэі па іх аздабленні прапанаваў мастак Аляксандр Бардылёў, а рэалізаваць іх дапамагалі ўсе работнікі культустановы. Адкрылася тут і сувенірная лаўка, дзе прадстаўлена прадукцыя клубных устаноў раёна. Вочы разбягаюцца ад багацця і разнастайнасці сувеніраў, над якімі шчыравалі самі работнікі культуры і тыя, хто наведвае заняткі ў творчых аб’яднаннях і гуртках. Тут паштоўкі, магніты з выявай сімвала надыходзячага года – Бычка, калядныя вяночкі, дэкаратыўныя ёлачкі, цацкі і іншыя вырабы.

 Непаўторны пераднавагодні настрой можна атрымаць і ў кінатэатры «Юнацтва» райцэнтра, дзе пачынаюцца адразу некалькі прэм’ер расійскіх стужак.

  З 4 снежня дэманструецца навагодняя камедыя «Вечер шутов, или Серьезно с приветом!», а з 10 снежня на экраны выходзіць меладрама «Серебряные коньки», дзеянне якой перанясе гледачоў у пачатак ХХ стагоддзя. Дарэчы, у кінатэатры гледачы з лёгкасцю могуць трымаць дыстанцыю, а таксама дастаткова сродкаў абароны, выконваюцца ўсе санітарныя патрабаванні.