Паспрабуем быць побач…

Общество

Алена Сігізмундаўна Петрашкевіч

Кожны год 3 снежня адзначаецца Дзень інвалідаў. Ён вельмі патрэбен нашаму грамадству – і для таго, каб звярнуць увагу на праблемы людзей з абмежаванымі магчымасцямі, і для таго, каб захапіцца іх незвычайнай сілай духу, мэтанакіраванасцю, уменнем дамагацца поспехаў у самых складаных умовах. У гэты дзень кожны чалавек павінен задумацца і зразумець, што існуе вельмі тонкая мяжа, якая аддзяляе здаровага чалавека ад хворага.

Івянецкі дом-інтэрнат… Пра гэту ўстанову ведаюць не толькі ў нашым раёне, вобласці, але і далёка за межамі Рэспублікі Беларусь. Тут жывуць, вучацца і лечацца дзеці-інваліды з асаблівасцямі фізічнага развіцця ва ўзросце ад 4 да 18 гадоў і маладыя інваліды ад 18 да 31 года, што маюць патрэбу ў пастаянным староннім доглядзе і дапамозе. Такую дапамогу ажыццяўляюць работнікі дома-інтэрната. Гэта самаадданыя, добразычлівыя людзі, якім неабыякавы лёс дзяцей. Узначальвае калектыў Алена Сігізмундаўна Петрашкевіч – «мама-дырэктар», як называюць яе многія.

 

Карына Шэвярновіч

 «Дом, дзе мы жывём» – такі плакат вісіць на сцяне справа ад цэнтральнага ўваходу. Менавіта домам, утульным родным домам, а не дзяржустановай, стаў інтэрнат для дзяцей-інвалідаў. І пацвярджэннем гэтаму з’яўляецца тое, што многія выпускнікі прыязджаюць сюды пасля выхаду ў самастойнае жыццё. Прыязджаюць, як у свой родны дом, як да сваіх родных. Аб тым, што дзецям тут камфортна, гавораць і дасягненні выхаванцаў. Неаднаразова рабяты станавіліся дыпламантамі розных конкурсаў як раённага, абласнога, так і рэспубліканскага ўзроўняў: «Запалі сваю зорку», «Музыка дзіцячай душы», «Вялікае мастацтва рукамі маленькіх людзей», «Вясёлкавы карагод», «Таленты чыстых сэрцаў», «Вікторыя», «Асаблівы сусвет» і іншыя. Могуць пахваліцца выхаванцы і спартыўнымі дасягненнямі: штогод становяцца прызёрамі Рэспубліканскай спартакіяды сярод выхаванцаў дамоў-інтэрнатаў для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, спартакіяды па альтэрнатыўных відах спорту.

 

Алёна Лысенка

 

 А як прыгожа дзеці танцуюць на калясках! Трэба мець не толькі творчыя задаткі, але і сілу волі, незвычайнае цярпенне, каб вывучыць і выканаць пад музыку ўсе гэтыя мудрагелістыя «па» на калясцы. Танец на калясках – свайго роду візітная картка выхаванцаў Івянецкага дома-інтэрната.

 Дом-інтэрнат мае магчымасць аказваць дапамогу сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, у выглядзе паслугі «Сацыяльная перадышка». На тэрмін да 21 дня дзіця змяшчаецца ў дом-інтэрнат, дзе яму аказваюцца ўсе віды дапамогі (медыцынская, педагагічная, рэабілітацыйная, іншыя). Яго акружаюць клопатам спецыялісты, у той час як бацькі могуць на перыяд «перадышкі» вырашыць бытавыя, сямейныя, іншага роду пытанні, ды і проста адпачыць. Бо выхаванне дзіцяці-інваліда – гэта тытанічная праца, у першую чаргу ў эмацыянальным плане.

 Мы ўсе – перш за ўсё людзі з падобнымі справамі, марамі, планамі. Людзі бываюць ветлівымі, рамантычнымі, стомленымі, справядлівымі, ранімымі… Але іх нельга падзяліць на інвалідаў і не інвалідаў, таму што яны так не дзеляцца.

Алена Сігізмундаўна лічыць сваёй галоўнай задачай зрабіць усё магчымае, каб яе падапечныя адчувалі сябе шчаслівымі і патрэбнымі людзьмі ў грамадстве.

  Наш кар.