ЗАМЕСТ ПЛАЧУ – КАХАННЕ І ЗГОДА…

Общество

У раёне доўжыцца абласная акцыя “Шкодным звычкам – не. Жыццю – так!”

Ужо і без сацыялагічных выкладаў зразумела, што алкагалізм становіцца нацыянальнай катастрофай, якая вось-вось выбухне не толькі ў Беларусі, але і ў суседніх Украіне, Расіі. З-за алкаголю гінуць людзі: здзяйсняюць самагубства, атрымліваюць смяротныя атручванні, гінуць у пажарах і п’яных бойках. Калі падсумаваць гэтыя выпадкі, статыстыка будзе нагадваць франтавыя зводкі…

Алкаголь паражае ўсе слаі насельніцтва. На вялікі жаль, усё часцей у залежнасць трапляюць маладыя людзі. “…Падчас скандалу грамадзянін М. у стане алкагольнага ап’янення выказваў нецэнзурныя словы ў адрас жонкі пры непаўналетніх дзецях, спрабаваў справакаваць бойку…” 34 падобныя пісьмы адрасаваны ў Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнай абароны насельніцтва за 2010-2011 гады. 38 сем’яў занесены ў банк даных Службы дапамогі пацярпеўшым ад насілля. 12 з іх – маладыя сем’і, дзе бацькам няма яшчэ 30-і.

У раёне акцыю праводзяць сумесна работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і кінатэатра “Юнацтва”. На шырокім экране дэманструюцца дакументальныя фільмы пра шкоду алкаголю, для моладзі праводзяцца тэматычныя дыскатэкі. Спецыялісты ТЦСАН у сваю чаргу выязджаюць на месцы, аказваюць псіхалагічную дапамогу і эмацыянальную падтрымку пацярпеўшым у цяжкай сямейнай сітуацыі. Парадаксальна, але часта гэта сем’і, якія жывуць у дастатку, карыстаюцца матэрыяльнымі выгодамі. Прыезды заўсёды суправаджаюцца псіхалагічным напружаннем. Маладыя жанчыны звычайна часта і доўга плачуць, расказваючы пра сваю праблему. Бацькі – віноўнікі скандалаў – хмурыя і некантактныя, прызнаюць віну… А простага шчасця хочацца ўсім! І патрэбна для гэтага мала – выкрасліць з жыцця спіртныя напіткі. Тады і жанчына побач будзе кожны дзень добрай, разумеючай і каханай, і дзеці вырастуць не ў штодзённым страху, а ў любові і згодзе. Паўстае дылема: піць ці нармальна жыць. Трэцяга не дадзена.

Вольга АКУЛЬСКАЯ,

загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН.



Добавить комментарий