У даўнія часы на Русі казалі, калі сойка ў свой дзень прыляціць да акна і стане крычаць – добры знак. Не кожны з нас ведае, што гэта і ёсць тая птушка-чараўніца, якая кліча людзей у паход за шчасцем і ўдачай. Таму калі вы сустрэлі незвычайную пяюху ў лесе ці парку, або каля свайго жылля, то абавязкова ідзіце за ёй, і яна прывядзе вас туды, дзе здзейсняцца мары і надзеі. Асабліва пашчасціць тым, хто нарадзіўся ў дзень сойкі.
Існуе павер’е, што сойка ахоўвае немаўлят. Нашы продкі верылі: 11 снежня птушка просіць заступніцтва ў крумкачовай зграі, у мяцеліцы-круцеліцы за нованароджанага і сама прыносіць на хвасце яму шчасце і ўдачу. Старыя людзі кажуць: у дзетак, якія нарадзіліся ў Сойкін дзень, вочы будуць асабліва блакітныя, а сіні колер у яго жыцці будзе прысутнічаць заўсёды.
Дзяды і прадзеды любілі ў гэты дзень варажыць на будучы год. Яны бралі фасолю і дзялілі яе прыкладна на тры роўныя кучкі – здароўе, праца і сардэчныя справы адпаведна. Потым лічылі падзеленыя фасолінкі. Калі іх колькасць была цотная, то ў дадзенай сферы ўсё будзе добра.
У Сойкін дзень можна варажыць на манетах: у бліжэйшую гурбу снегу трэба кінуць жменю манет, а затым даставаць іх адтуль адна за адной. Калі першая з кінутых манет будзе самая буйная, то можна разлічваць на поспех у справах, а калі самая дробная – наадварот, не варта чакаць даходу.
Слова «сойка» паходзіць ад старажытнарускага – «соя», якое з’яўляецца роднасным дзеяслову «сиять». Так называлі гэту птушку нашы продкі за прыгожае, яркае пер’е. Сапраўды, убранне сойкі вельмі ўдала аб’яднала чатыры колеры: карычнева-іржавы, белы, блакітны і чорны, што сімвалізуе адзінства зямлі, паветра і неба. Кажуць, знешні выгляд крылатай прыгажуні даказвае яе пасрэдніцтва паміж небам і зямлёй. Лічыцца, што сойка можа прадказваць будучае, таму яе і назвалі птушкай-вяшчухай. На яе блакітных крыльцах чалавек можа заўважыць цэлых дзевяць люстэркавых шкельцаў, дзе адбіваецца яго лёс. А так гэта ці не, меркаваць толькі такому шчасліўчыку?
Прырода надзяліла сойку моцнай энергетыкай. Калі вы пачулі гучны крык сойкі, пастарайцеся не вяртацца дадому позна цёмнымі і бязлюднымі сцежкамі. Яна ўмее прадбачыць сітуацыю, калі чалавек можа стаць ахвярай абману ці насілля.
Звычайная сойка – птушка сямейства крумкачовых атрада вераб’інападобных, велічынёй з галку. Вядома, што сярод шматлікай птушынай дружыны – прадстаўнікі крумкачовых самыя хітрыя і кемлівыя. Развіты мозг дапамагае ёй знаходзіць розныя спосабы, каб аблегчыць сваё жыццё. Сойкі часта наведваюць мурашнікі ў прафілактычных мэтах. Мурашыная кіслата знішчае паразітаў, якія кватаруюцца ў пер’і.
Днём птушкі вядуць сябе вельмі актыўна, а калі надыходзіць ноч, хаваюцца ў галінках дрэў. У зімовую мяцеліцу забіваюцца пад яловыя галінкі, дзе групуюцца, каб сагрэцца і захаваць цяпло на перыяд непагоды і сцюжы.
Яркія прыгажуні запамінаюць гукі, якія чуюць па суседстве і дакладна іх паўтараюць. Часцей за ўсё, гэта спеў іншых птушак. Зімой сойкі бываюць у гарадскіх парках і скверах, у сельскіх населеных пунктах, дзе папаўняюць свой гукавы запас. Бывае так, што ідзе паляўнічы па лесе і чуе мяўканне ката. Спыняецца, шукае незвычайнага ляснога госця – і бачыць на дрэве сойку, якая так умела выдае сябе за дамашняга вусатага гадаванца. Ёсць прыклады, калі гэтыя птушкі імітавалі чалавека і паўтаралі за ім простыя словы. За такія здольнасці іх назвалі сойкамі-перасмешніцамі.
Жыве сойка ў густых змешаных або дубова-грабавых лясах, радзей – у хваёвых. Можа гнездавацца ў старых дрэвах сярод палёў, а таксама ў вялікіх парках і скверах. Гняздо ладзіць у кроне або ў развілцы каля ствала. Корміцца жалудамі, насякомымі, дробнымі ляснымі птушкамі, мышападобнымі грызунамі, ягадамі, насеннем лясных і сельскагаспадарчых раслін. Арнітолагі назіралі, як яны спажываюць мелкія клубні бульбы, моркву і буракі.
Сойка – птушка запаслівая: хавае жалуды і арэхі ў старых пнях і дуплах. Праўда, хутка забываецца пра свае сховішчы. Іншыя жыхары лесу знаходзяць яе запасы, з вялікай асалодай ласуюцца імі і не ведаюць, хто зрабіў такі падарунак.
У дзікай прыродзе сойкі жывуць 5-7 гадоў. Ёсць выпадкі, калі гэтыя птушкі дажывалі да свайго максімальнага ўзросту – 22 гадоў.
Звычайная сойка сустракаецца ў нашых мясцінах. У цёплы перыяд года яна жыве ў лясах Налібоцкай пушчы, а зімою наведвае населеныя пункты.
Каму не давялося пазнаёміцца з прыгожай птушкай у жывой прыродзе, запрашаем у Валожынскі краязнаўчы музей. Сойку вы ўбачыце сярод іншых птушак нашага краю на выставе «Жывёльны свет Налібоцкай пушчы».
Ніна БОБРЫК,
навуковы супрацоўнік
Валожынскага
краязнаўчага музея