Стварыць святочны настрой без парушэнняў

Кругозор Общество

 

 

За апошні месяц бягучага года ДЛГУ “Валожынскі лясгас” плануе рэалізаваць звыш тысячы елак. У сувязі з тым, што многія з нас напярэдадні Новага года і Каляд усё часцей вяртаюцца да традыцыйнага ўпрыгожвання дамоў і кватэр жывымі зялёнымі прыгажунямі, попыт на іх расце.

Папулярнасцю карыстаюцца як елкі, так і сосны. У мінулым годзе было прададзена больш за 800 навагодніх дрэўцаў. Добра разыходзіліся і навагоднія букеты. Агульная сума рэалізацыі склала 10 тысяч рублёў.

У апошні месяц 2020 года елачныя кірмашы плануецца арганізаваць у Валожыне (каля магазіна “Уют”) і ў лясніцтвах. Працаваць яны пачнуць напярэдадні каталіцкіх Каляд (з 21 снежня). Цана за адну елку да 1 м складзе 15 руб., ад 1,1 да 2 м – 17 руб., ад 2,1 да 3 м – 20 руб.

Нарыхтоўка будзе ажыццяўляцца на спецыялізаваных плантацыях, а таксама з ліку дрэў, што высякаюцца ў парадку расчысткі трас, прасек, палос адводу, ліній электраперадач, на лесасеках галоўнага карыстання і санітарных высечак.

Пры гэтым спецыялісты лясной гаспадаркі нагадваюць: самастойная нарыхтоўка елак без дакументаў, што даюць дазвол, забаронена. Напярэдадні свята ахова ляснога фонду будзе ўзмоцнена. Дзяржаўная лясная ахова плануе рэгулярна праводзіць аператыўныя рэйдавыя мерапрыемствы па выяўленні і прыцягненні да адказнасці грамадзян, якія незаконна высякаюць дрэвы. На аўтастрадах раёна плануецца выставіць не менш за 10 кантрольных пастоў.

Тым, хто зацікаўлены ў набыцці аптовых партый елак, можна звяртацца ў вытворчы аддзел лясгаса (тэл.: 55419).

Паважаныя валожынцы, не псуйце сабе святочны настрой непрыемнымі інцыдэнтамі, у выніку якіх давядзецца плаціць штраф. Яго памер, дарэчы, значна перавысіць цану за навагоднюю красуню, калі набыць яе на спецыялізаваным кірмашы.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ