Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў зрабіць Усебеларускі народны сход канстытуцыйным органам. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на сустрэчы з калектывам Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Я так думаю (не ведаю, падтрымаеце вы ці не): Усебеларускі народны сход трэба зрабіць канстытуцыйным органам. Каб быў такі орган, які кантраляваў бы галоўныя напрамкі нашага развіцця», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, парадак дня Усебеларускага народнага сходу будзе канчаткова сфарміраваны пасля калядных свят. Само мерапрыемства пройдзе ў канцы студзеня — пачатку лютага. «Нам трэба зацвердзіць пяцігодку — як мы будзем рухацца ў сацыяльна-эканамічным развіцці. Галоўнае — эканоміка, да чаго мы будзем імкнуцца. Людзі павінны быць сарыентаваны на пяць гадоў наперад. Другое пытанне — палітыка. Вы самі яго падкінулі: Канстытуцыя і іншае», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама прапанаваў выбіраць дэлегатаў на Усебеларускі народны сход на пяцігадовы тэрмін. Працаваць яны будуць на грамадскіх пачатках. Пры гэтым іх роля і статус значна павысяць: ім будуць падсправаздачныя кіраўнікі парламента, міністры і губернатары.
«Калі мы знімаем некаторыя абавязкі з Прэзідэнта, іх жа трэба некуды перадаваць. Ва ўрад і парламент гэтыя паўнамоцтвы не падыходзяць. Куды іх перамяшчаць? Трэба шукаць такі орган. У нас ёсць Усебеларускі народны сход. Таму некаторыя паўнамоцтвы давядзецца перадаць, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Калі растварыць паўнамоцтвы Прэзідэнта, якія перадаюцца парламенту, ураду, міністрам, губернатарам, будзе поўны бардак, які мы ў сярэдзіне 90-х перажылі. Таму патрэбны орган, які ўсіх імгненна стабілізаваў бы. Ён будзе выступаць ад імя народа, працоўных калектываў. Гэта не паўтарэнне дэпутацкага корпуса: яны як выбіраліся, так і будуць. Я прыхільнік таго, каб усё вырашалі вы. Народ павінен вырашаць».