Таццяна Васільеўна ПАСЕКА:“Любіце сваю работу і заставайцеся вернымі Беларусбанку…”

Люди и судьбы

 

 

Гэту прыгожую, абаяльную, інтэлігентную, з прыемным мілагучным голасам і рускай гаворкай жанчыну добра ведаюць у раёне. Амаль два дзясяткі гадоў Таццяна Васільеўна Пасека ўзначальвала валожынскі філіял Беларусбанка. Кожны, каму даводзілася з ёй мець зносіны і сустракацца, адзначае прафесіяналізм, адукаванасць, высокую культуру, паважлівасць, добразычлівасць у адносінах да людзей.

За гады калісьці такая чужая і далёкая валожынская зямля стала для яе роднай. І сёння мая гераіня з душэўнай асалодай узгадвае: “Сталелі мы, раслі дзеці, прыгажэў горад: з’явіўся новы аўтавакзал, кінатэатр, універмаг, дзе цяпер раённая бібліятэка, пасля новы ўнівермаг, разбудавалася вуліца Партызанская. Безумоўна ж, самымі знакавымі і адметнымі апошнімі будоўлямі сталі гасцініца і фізкультурна-аздараўленчы цэнтр. І зараз гэты маленькі, утульны, ціхі і скромны горад я ні за што б не прамяняла на які іншы куточак зямлі…”

Т. В. Пасека нарадзілася ў горадзе Разані ў сям’і ваеннага лётчыка, маці працавала намеснікам галоўнага бухгалтара на заводзе “Фермаш”. Неўзабаве бацьку перавялі служыць у Беларусь – дзяцінства і юнацтва гераіні аповеду прайшлі ў Бабруйску. Тут жа з’явілася на свет і малодшая сястра. Матуля была вельмі актыўнай жанчынай, усё трымала пад кантролем, бацька – наадварот: спакойны, ураўнаважаны, ніколі не павысіў голас. Дзяцей прывучылі любую пачатую справу даводзіць да канца, а таксама да чытання. Ужо ў 6-м класе Таццяна прачытала раманы Шарлоты Бронтэ “Джэйн Эйр”, Віктара Гюго “Сабор Парыжскай Богамаці”, многія вялікія класічныя творы, якія меліся ў асабістай бібліятэцы іх суседкі. Шэдэўры замежнай літаратуры захаплялі і выхоўвалі маладую інтэлігентную асобу. Аднак лёсам было наканавана зведаць і іншыя бакі жыцця.

У Валожын прыехала ў чэрвені 1970 года, выйшаўшы замуж за мясцовага хлопца з вуліцы Леніна Аляксандра Пасеку. Вось як яна ўспамінае свае першыя ўражанні пра горад: “Я ніколі не бачыла брукаваную дарогу – чаму вельмі здзівілася. Вакзал уяўляў сабой дашчаны домік. Мне стала так страшна: куды ж я патрапіла? Такая глуш… Але паколькі ведала, што мы не збіраліся тут заставацца жыць, бо працавала ў Бабруйскім аддзяленні Дзяржбанка, мужу таксама прапанавалі добрае месца, – супакоілася: маўляў, ну прыехалі, пабачылі, усё гэта часова… Аднак, як кажуць, мы мяркуем, а Бог распараджаецца. І атрымалася так, што 15 жніўня гэтага ж года перабраліся сюды назаўсёды”.

Напачатку маладая сям’я пасялілася ў бацькоўскім доме мужа – жылі разам са свёкрам і свекрывёй. А тыя, як і большасць колішніх уласнікаў, трымалі вялікую падсобную гаспадарку. Гарадской нявестцы давялося вучыцца ўсім “прамудрасцям” сялянскай працы: і карову даіць, і свіней даглядаць, і каля печы ўпраўляцца. “І з часам прывыкла – трэба было дапамагаць бацькам: свекрыві шэсцьдзясят, свёкар яшчэ старэйшы, – кажа Таццяна Васільеўна. – Неяк я ўцягнулася і даволі хутка. Гэта быў дадатковы заробак да нашых невялікіх зарплат. Дзеці нарадзіліся: спачатку ім было цікава, як з’яўляюцца на свет цяля, ягня, а пасля і іх пачалі прывучаць да справы. З часам яны сталі добрымі памочнікамі”.

Першым месцам працы на валожынскай зямлі для Т. В. Пасекі стала вялікая і вельмі папулярная тады будаўнічая арганізацыя, якую ў народзе называлі “У Ліхача” (па прозвішчы кіраўніка). Спачатку ўладкавалася бухгалтарам, а пасля больш за 10 гадоў была старшым інспектарам аддзела кадраў. З 19 красавіка 1984 года пачынаецца новы і самы знакавы віток у працоўнай біяграфіі Таццяны Васільеўны: па накіраванні райкама партыі яе прызначылі загадчыцай цэнтральнай ашчаднай касы № 6401. “За чатыры гады мы пабудавалі аддзяленне Ашчадбанка, – расказвае мая суразмоўца. – Чаму? Бо дагэтуль туліліся ў Валожынскім аддзяленні Дзяржбанка па вуліцы Савецкай, дзе зараз размяшчаецца Белаграпрамбанк. Кіраўнік Уладзімір Аляксандравіч Мышлён дазволіў нам арандаваць гэта памяшканне. Было вельмі цесна – хто прыходзіў першы на работу, той і займаў месца, а астатнія дзяўчаты-рэвізоры ехалі на раён. Калектыў складаўся з 19 чалавек. Працавалі многа, былі агенцкія касы – кантралёры пошты ажыццяўлялі аперацыі ашчадных кас, і разам з поштай мы ездзілі з праверкамі. Ведаючы няпростае становішча, абласное аддзяленне Белпрацаашчадкас выдаткавала сродкі на новы будынак. Будаваліся гаспадарчым спосабам – грошы мелі, а вось з будматэрыяламі – праблема. Не ставала і харошага падрадчыка. Работамі займалася РБУ – гэта значыць, кожны дзень даводзілася хадзіць на планёрку і прасіць, каб нейкім чынам паскорыць узвядзенне, таму што складана якасна абслугоўваць насельніцтва.

Нарэшце ў 1988 годзе мы справілі наваселле і перасяліліся ў свой будынак. Запрасілі бацюшку – ён асвяціў новабудоўлю, каб маглі працаваць без праблем, без раскрадання, бо гэта з’яўлялася самым асноўным паказчыкам, калі не было крадзяжу. Калектыў падабраўся вельмі адказны – адна моладзь. Дзяўчаты, адпаведна, выходзілі замуж, нараджалі дзяцей, з дэкрэта ў дэкрэт, таму давялося прыняць калегіяльнае рашэнне. Мой намеснік Рэгіна Іосіфаўна Мікітовіч, галоўны бухгалтар Алена Аляксандраўна Балашка, начальнік астаткантролю Тамара Вікенцьеўна Іода прыйшлі да высновы, што далей так працаваць немагчыма – хоць сам садзіся і абслугоўвай кліентаў. Пачалі браць на работу хлопцаў. І першай ластаўкай у нас быў Алег Бародка, пасля Генадзь Антонавіч Доўнар і іншыя: хто прыжыўся, а хто – не. Крыху пазней праграмістам прыйшоў Сяргей Тадэвушавіч Цымбарэвіч – усе свае веды, уменне і жаданне ён укладваў у работу па аўтаматызацыі аддзялення. А калі прыехаў абласны кіраўнік і ўбачыў за бар’ерам хлопцаў – ну і дасталося нам! Хапіла ўсяго: як гэта так, без узгаднення, як кажуць, сваім адумам, зрабілі? Тым не менш, на нейкі час нестандартнае рашэнне нас выручыла. А як дзяўчаты пачалі выходзіць з дэкрэтнага водпуску, мужчынскую кагорту пераводзілі на іншыя ўчасткі, яны пачалі расці прафесійна: закончылі тэхнікумы, інстытут народнай гаспадаркі і зараз многія з іх займаюць добрыя пасады. Прыемна, што дагэтуль не губляюць з намі сувязі.

Наступным выпрабавальным этапам у дзейнасці банка стала аўтаматызацыя, калі пачалі пераходзіць на банкаўскія карткі. Як жа было складана, асабліва ў адносінах з людзьмі, якія не разумелі, што гэта такое. А зараз нават цяжка знайсці чалавека, у якога няма банкаўскай карткі, ды не толькі адной. Вось такія вехі нашага перараджэння з ашчадных кас у Ашчадбанк… А далей у 1995 годзе адбылося далучэнне да Беларусбанка.

Самым галоўным у рабоце кіраўніка з’яўляецца ўвага да кожнага члена калектыву, каб нікога не пакрыўдзіць. Працавалася няпроста, асабліва 1 студзеня, калі прылічваліся працэнты, амаль усе выходзілі на свае рабочыя месцы. У нас былі старамодныя аскоты, якія грымелі на ўсё памяшканне, а трэба было звесці баланс капейка ў капейку, па вясковых касах – увогуле ўручную. Прыязджалі кантралёры з выпіскамі, сядзелі, іх прачытвалі і такім чынам да 3 чысла ўсё заканчвалі.

 Сёння з цеплынёй узгадваю кіраўніка Дзяржбанка ў Бабруйску К. І. Шыманоўскага, які даў пуцёўку ў жыццё і паказаў вельмі многае. Я старалася вывучыць усе ўчасткі работы, хоць было нялёгка: ведала касу пераліку, вячэрнюю, расходную, прыходную касу, пасля перайшла на пазабалансавы рахунак 99/26, 130-ы, 140-ы бюджэт. Пасля мне даручылі правяраць правільнасць запаўнення чэкавых кніжак і чэкаў для атрымання грошай – звяраць узоры подпісу. Казімір Іосіфавіч быў для мяне ўзорам у прафесійным станаўленні менавіта як банкіра, у падборы кадраў, адносінах да падначаленых. Неяк склалася, што валожынскі калектыў стаў прататыпам бабруйскаму: такія ж усе дружныя, адказныя, надзейныя, гатовыя прыйсці на выручку адзін аднаму. Безумоўна, вялікая заслуга ў гэтым вопытных старэйшых работнікаў: як ужо ўзгадвала, Тамары Вікенцьеўны Іода, Антаніны Іванаўны Субач, Алены Іванаўны Бутовіч, Валянціны Фёдараўны Лукашанец, Марыі Іосіфаўны Карабан, якія заўсёды заставаліся вернымі свайму банку”.

 Сама Таццяна Васільеўна Пасека да сённяшняга дня застаецца вернай роднаму Беларусбанку. Як і калісьці, аб’ядноўвае, згуртоўвае, “узнімае і актывізіруе” на паходы і паездкі колішніх работнікаў. Яны часта збіраюцца разам – каб пагаварыць-паўспамінаць і каб атрымаць падарункі ад банка. А такая ўвага і павага вельмі радуе і грэе душу.

Алена ЗАЛЕСКАЯ