Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Региональные новости

 

 

Адметнасць нашага жыцця – з’яўленне новых гандлёвых цэнтраў не толькі ў сталіцы, але нават і ў нашым горадзе. Здаецца, скончыліся памяшканні, якія для гэтых мэт можна было браць у арэнду. Прадпрымальнікі пачынаюць узводзіць новыя сучасныя будынкі.

Літаральна ў снежні ў мікрараёне Сельгастэхніка выдзелены ўчастак зямлі ТАА “Чэхаўскі квартал” пад будаўніцтва гандлёвага цэнтра. Хто туды заселіцца, пакажа час. А вось новабудоўля па вуліцы К. Маркса ў райцэнтры пачынае засяляцца, ля яе назіраецца актыўны рух.

З 16 кастрычніка ў раёне працаваў перасоўны флюарограф, выдзелены Маладзечанскім тубдыспансерам. За амаль два месяцы флюарограф аб’ехаў зоны абслугоўвання ўсіх фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Абследаваны каля трох тысяч чалавек. Нагрузка на гэты раз была вялікая. Напэўна, у сувязі з эпідэміяй каранавіруснай інфекцыі людзі самі былі зацікаўлены ў флюараграфічным абследаванні.

  9 снежня перасоўны флюарограф працаваў у Бабровічах, 10-11 снежня яго місія ў нашым раёне завяршылася ў зоне Сугваздаўскага ФАПа. Раз у пяць гадоў заслужаныя аматарскія калектывы Беларусі абавязаны пацвярджаць сваё высокае званне. Рыхтаваліся да такой адказнай падзеі і самадзейныя артысты ракаўскага “Гасцінца” пад кіраўніцтвам Л. С. Пятроўскай. Абарона звання павінна была праходзіць у Маладзечанскім Палацы культуры, была падрыхтавана вялікая канцэртная праграма. Але ўсе карты зблытаў COVID.

 Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прыняло рашэнне праводзіць пацвярджэнне звання завочна. На гэтым тыдні ў Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці былі адпраўлены ўсе неабходныя дакументы: відэа- і аўдыязапісы канцэртаў за апошнія пяць гадоў, а таксама назапашвальныя папкі з дыпломамі, фатаграфіямі, газетнымі публікацыямі і іншымі матэрыяламі. Ніхто не сумняваецца, што званне будзе пацверджана, шкада толькі, што сапраўднага свята не атрымалася. Але трэба верыць: абстаноўка зменіцца, і шматлікія прыхільнікі творчасці “Гасцінца” змогуць пабываць на яго сапраўдных, а не віртуальных канцэрта.

Пасля завяршэння рамонтных работ на чацвёртым паверсе райпаліклінікі з 2 снежня тут аднавілі сваю работу флюарограф, рэнтгенкабінет і стаматалагічны рэнтген-апарат. У рэнтген-кабінеце ўстаноўлены новы сучасны апарат, які чакаў свайго часу.

Для пацыентаў з прызнакамі рэспіраторных захворванняў рэнтгенаграфія праводзіцца ў хірургічным корпусе райбальніцы.

Напярэдадні Дня інвалідаў краязнаўчы музей у чарговы раз наведалі выхаванцы дзённага аддзялення для маладых інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра. Пазнаёміліся з выставай работ мастака Уладзіміра Сайко, пафатаграфаваліся на прыгожа аформленай фотазоне. Свой візіт у музей здымалі на відэа для гісторыі аддзялення.

 У музеі заўсёды рады як арганізаваным групам наведвальнікаў, так і людзям, якія прыходзяць па ўласным жаданні. Не так даўно ўстанову наведалі пяцёра камандзіраваных з Брэстчыны. Калі праязджалі міма, проста зацікавіў прыгожы асабняк. Амаль паўдня правялі госці ў музеі, пазнаёміліся з усімі выставамі, задавалі шмат пытанняў пра гістарычныя аб’екты горада і раёна, цікавых людзей.

Пасля нядаўняга растаможвання гуманітарнага грузу з Галандыі прыватны дом-інтэрнат для старых людзей “Сямейны прычал” шчодра дзеліцца лішкамі грузу з установамі і жыхарамі раёна.

Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі атрымаў магнітную дошку і ручкі, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага асблугоўвання насельніцтва – дзіцячыя ложкі з матрацамі, сушылку, інвалідныя каляскі, хадункі, памперсы, школьныя прылады і інш. 18 сіротам, якія вучацца ў ліцэі, перадалі шмат адзення і абутак. Ужо атрымалі дапамогу мнагадзетныя сем’і з Подберазі, Вішнева, Багданава.

 Святочны настрой, асабліва дзецям, ствараюць з густам аформленыя фотазоны. У Валожыне яны працуюць у РЦК, фізкультурна-аздараўленчым комплексе, дзіцячай бібліятэцы і гасцініцы “Карона”.

 Да Ражджаства і Новага года падрыхтавана фотазона ў этнастылі ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры. Тут аформлена таксама выстава ёлачных цацак. Наведвальнікам расказваюць пра традыцыі святкавання гэтых свят.