Калі правілы паводзін «не пісаныя»: што трэба ведаць пра хуліганства?

Закон и порядок

Хуліганства з’яўляецца небяспечным і распаўсюджаным злачынствам, якое замахваецца на грамадскі парадак, спакой людзей і нярэдка прыводзіць да здзяйснення больш цяжкіх злачынстваў.

Хуліганы адкрыта дэманструюць грэбаванне да навакольных, агульнапрызнаных этычных і прававых норм паводзін, усяляюць у грамадзян пачуццё неабароненасці. Такія дзеянні ў большасці праяўляюцца ў грамадскіх месцах (дыскатэкі, паркі адпачынку, кафэ, плошча).

Крымінальная адказнасць за здзяйсненне хуліганства, злоснага або асабліва злоснага хуліганства наступае з чатырнаццацігадовага ўзросту і прадугледжана арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Адным з асноўных «спрыяльных» фактараў для хуліганаў выступае алкагольнае ап’яненне. П’яная зухаватасць, жаданне абразіць і пакрыўдзіць навакольных, імкненне дамінаваць над іншымі, прыніжаючы і прычыняючы фізічныя пакуты, – усё гэта з’яўляецца першым крокам на шляху да здзяйснення злачынства. Уздзеянне алкаголю, у тым ліку і наркотыкаў, пазбаўляе чалавека магчымасці адэкватна разважаць. Таму пазбягайце п’яных!

У шэрагу выпадкаў прадметам злачыннага замаху становяцца аўтамабілі без нагляду на дваровай тэрыторыі. Недастатковая колькасць парковачных месцаў у дварах, нізкая культура вадзіцеляў, парушэнне правіл стаянкі і грэблівае стаўленне да грамадзян – яшчэ адна з прычын здзяйснення хуліганстваў.

Каб ваш аўтамабіль не стаў прадметам злачынства, стаўце яго на ахоўных стаянках або ў гаражных масівах. Калі такой магчымасці няма, стаўце яго толькі ў дазволеных месцах, без парушэння Правіл дарожнага руху, каб аўто не перашкаджала праходу грамадзян і праезду аўтатранспарту.

Будзьце гатовыя да любых нечаканасцей і вы выйграеце каштоўныя секунды, якія могуць каштаваць жыцця. Найлепшы спосаб для гэтага – трымаць сябе ў добрай фізічнай форме.

Пастарайцеся спалохаць нападаючага: гучна крычыце, клічце на дапамогу. Гэта варта рабіць, нават калі няма нікога паблізу. Для самаабароны можна выкарыстоўваць падручныя сродкі. А вось пры ўзброеным нападзе, калі вы не ўпэўнены, што зможаце абараніцца, больш бяспечным будзе аддаць рабаўніку тое, што ён патрабуе.

Калі ўсё ж вы пацярпелі ад дзеянняў хуліганаў або сталі сведкам злачынства, паспрабуйце запомніць знешнія прыкметы зламысніка і адразу звяртайцеся ў міліцыю.

Сяргей Латышаў,

начальнік МГБ РАУС