“20 ІМГНЕННЯЎ ВЯСНЫ” – пад такой назвай у раённым Цэнтры культуры адкрылася выстава жывапісу маладога мастака з Валожына Уладзіміра Сайко

Молодежный курьер

Працягам гэтага адкрыцця стала аднайменная творчая вечарына юбіляра (акурат у гэты дзень У. Сайко споўнілася 20 гадоў), якую ладзіла народнае літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Рунь” названай установы культуры.

Дваццаць жывапісных палотнаў  таленавітага земляка размясціліся ў памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца”. Гэта і партрэты бацькі і бабулі, і пейзажы ваколіц Валожыншчыны, а таксама навеяныя наведваннем слаўных мясцін Беларусі (“Сынкавічы”, “Вязынка” і інш.) і Расіі (“Новы Іерусалім”).

Калі ў “Скарбніцы” прыхільнікі яго творчасці, шаноўныя госці, сябры, родныя і знаёмыя пазнаёміліся з 20 імгненнямі маладога жывапісца на яго палотнах, то падчас вечарыны, у глядзельнай зале, – з 20 жыццёвымі імгненнямі вясны Уладзіміра Сайко.

Павітаць маладога творцу прыехалі і шаноўныя госці з Мінска: краязнавец, педагог, журналіст, літаратар, ён жа святар беларускай праваслаўнай царквы Леанід Акаловіч і гісторык, журналіст, пісьменнік, краязнавец, культуролаг, ганаровы член Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі Анатоль Валахановіч.

Пажаданнямі дужых творчых крылаў, высокага шчаслівага палёту па Краіне Мастацтва, а таксама заставацца заўсёды любячым сынам бацькоў і Бацькаўшчыны закончылася  першая творчая вечарына нашага маладога таленавітага земляка Уладзіміра Сайко. Верыцца, што наперадзе ў гэтага энергічнага, апантанага творчасцю, адоранага юнака будзе нямала такіх вечарын і выстаў самых высокіх узроўняў.

Валянціна  Русакевіч,

кіраўнік народнага літаратурна-

мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК.



Добавить комментарий