П’янаму – не месца за рулём!

Закон и порядок

 

 

Адно з самых сур’ёзных парушэнняў Правіл дарожнага руху – кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення. Статыстыка сцвярджае, што 5-10% ДТЗ, якія здзяйсняюцца па віне вадзіцеляў, звязана менавіта з гэтым правапарушэннем. А цяжар наступстваў такіх дарожна-транспартных здарэнняў значна вышэйшы ў параўнанні з астатнімі аварыямі.

П’янства за рулём, нягледзячы на пастаянную барацьбу з ім, усё яшчэ застаецца нявырашанай праблемай. У сувязі з гэтым супрацоўнікамі АДАІ Валожынскага РАУС са студзеня па лістапад 2020 года на тэрыторыі раёна праведзены 8 прафілактычных акцый, накіраваных на стрыманне кіравання  транспартнымі сродкамі асобамі ў стане алкагольнага ап’янення і папярэджанне ДТЗ па іх віне.

На Валожыншчыне адбыліся тры дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх 7 удзельнікаў дарожнага руху атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. За 11 месяцаў 2020 года супрацоўнікамі АДАІ РАУС выяўлены 111 фактаў кіравання транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення. З іх 5 фактаў

здзейснены паўторна на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за аналагічнае парушэнне закона. У дачыненні да такіх гора-аўтааматараў распачаты справы па ч. 1 арт. 317-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У астатніх 2 выпадках вінаваты асобы, якія раней учынілі злачынствы па ч. 1 і ч. 2 арт. 317-1 КК. Узбуджаны крымінальныя справы.

11.06.2020 у 22.44 50-гадовы жыхар раёна (раней аднойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці і 3 разы – да крымінальнай адказнасці за кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення) ехаў на «Нісане» па аўтадарозе Маладзечна-Валожын «падшафэ». Сёння ён асуджаны па ч. 2 арт. 317-1 КК да 1,7 года пазбаўлення волі, пазбаўлены права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі тэрмінам на 4 гады 9 месяцаў. Дадаткова мужчыну назначылі штраф у суме 3170 рублёў, а аўтамабіль канфіскавалі.

18.10.2020 у 02.35 21-гадовы жыхар райцэнтра (у 2017 годзе прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення) на аўтамабілі «БМВ» рухаўся па вул. Міру г. Валожына з прыкметамі моцнага алкагольнага ап’янення. Ад праходжання ва ўстаноўленым парадку агляду адмовіўся. 19.10.2020 на яго было накладзена адміністрацыйнае спагнанне – штраф у памеры 60 базавых велічынь (1620 рублёў) з пазбаўленнем права кіравання транспартнымі сродкамі тэрмінам на 3 гады. Аднак вышэйзгаданы малады чалавек ужо праз некалькі дзён зноў трапіў у поле зроку дзяржаўтаінспектараў. І зноў – «пад мухай». Узбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 317-1 КК Рэспублікі Беларусь, і на дадзены момант ён чакае прысуду.

Не лішнім будзе нагадаць, што за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення або перадачу права кіравання такой асобе, а таксама адмова ад праходжання ва ўстаноўленым парадку медагляду, згодна з ч. 1 арт. 18.16 КоАП Рэспублікі Беларусь, наступае адміністрацыйная адказнасць – штраф ад 50 да 100 базавых велічынь (1350 – 2700 рублёў) з пазбаўленнем права кіравання транспартнымі сродкамі тэрмінам на 3 гады.

Аналагічныя парушэнні, учыненыя на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання, згодна з арт. 317-1 КК Рэспублікі Беларусь, караюцца папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю. Або арыштам з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю са штрафам. Або абмежаваннем волі на тэрмін да 2 гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю са штрафам, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, транспартны сродак канфіскуецца (незалежна ад таго, хто яго ўладальнік (за выключэннем транспартных сродкаў, якія выбылі з законнага валодання ўласніка (карыстальніка) без яго волі або ў выніку супрацьпраўных дзеянняў іншых асоб). Чалавеку ж, які раней здзейсніў прадугледжанае ч. 1 або ч. 2 арт. 317-1 КК злачынства і зноў паўтарыў яго, пагражае куды больш сур’ёзная адказнасць.

Паважаныя грамадзяне! Калі вы бачыце ці ведаеце, што транспартным сродкам кіруе вадзіцель у стане алкагольнага ап’янення, паведаміце пра гэта ў дзяжурную часць РАУС па тэлефонах 55302 ці 102.

Вадзім пасека,

старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ РАУС