Ёлка жаданняў

Общество

У адпаведнасці з планам асноўных мерапрыемстваў арганізацыі Чырвонага Крыжа распачата дабрачынная кампанія “Ёлка жаданняў”, падчас якой будзе аказана дапамога ў выглядзе навагодніх падарункаў сем’ям, што выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, шматдзетным і няпоўным, прыёмным і апякунскім сем’ям.

З мэтай садзейнічання ў зборы сродкаў, што пойдуць на набыццё падарункаў, кіраўніком раённай арганізацыі А. У. Трацэўскай распрацаваны спецыяльныя лістоўкі-запрашэнні да ўдзелу ў акцыі. У бліжэйшы час валацёры наведаюцца на прадпрыемствы, да індывідуальных прадпрымальнікаў. Збор сродкаў плануецца правесці і на рынку. У магазінах  “Дабраном” будуць устаноўлены спецыяльныя скарбонкі.

Фінальным акордам акцыі стане правядзенне дабрачынных мерапрыемстваў у сацыяльным прытулку і ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Спонсарам аднаго персанальнага жадання выступіць абласная арганізацыя, якая для гэтага выдзеліла 140 рублёў. На ўказаную суму будзе набыты хатні трэнажор для дзіцяці з інваліднасцю. Вызначыцца з адрасатам для дадзенага падарунка і ўсіх астатніх  грамадскай арганізацыі дапаможа ТЦСАН.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ