За ваўчарамі – у Чырвоны Крыж

Общество

Валожынскім прадстаўніцтвам арганізацыі Чырвонага Крыжа распачаты працэс выдачы спецыяльных ваўчараў, якія дзейнічаюць у рамках праекта “Беларусь. Меры па рэагаванні на ўспышку COVID-19”  з мэтай падтрымкі катэгорый грамадзян, што пацярпелі ад сацыяльна-эканамічных наступстваў пандэміі.

Намінал аднаго ваўчара ці падарачнага сертыфіката – 135 рублёў. Права на іх атрыманне маюць: сем’і, дзе адзін з бацькоў з інваліднасцю; шматдзетныя сем’і, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды; шматдзетныя сем’і, дзе выхоўваюцца 4 і больш непаўналетніх дзяцей; сем’і, дзе на ўтрыманні бацькоў знаходзяцца дзеці-інваліды 3-й ці 4-й ступені страты здароўя, ці інваліды з дзяцінства, старэйшыя за 18 гадоў з 1-й і 2-й групай інваліднасці; адзінокія і адзінока пражываючыя пенсіянеры з інваліднасцю 1-й і 2-й групы; сем’і, што знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі пасля таго, як хтосьці з бацькоў страціў работу і інш. Ва ўсіх гэтых выпадках даход на аднаго члена сям’і не павінен перавышаць бюджэт пражытачнага мінімуму (258 руб.).

   Падаць заяўку на дадзены від дапамогі можна ў офіс Валожынскай арганізацыі (вул. Партызанская, 6а). Спецыяльная камісія пасля кансультацыі з ТЦСАН прыме рашэнне аб размеркаванні ваўчараў. Усяго ў распараджэнні ў раённай арганізацыі 35 ваўчараў. Рэалізаваць іх можна будзе ў магазіне “Еўраопт”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ